19 красавiка 2024, Пятніца, 12:20
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Vincent: Ніякіх кампрамісаў! Толькі беларускамоўны рэп!

10

Беларускі рэпер «Vinsent» распавёў, чаму барацьба за беларускую мову важнейшая, чым барацьба за ўладу.

А таксама ў інтэрв'ю «Белсату» рэпер растлумачыў, у чым розніца паміж ім і Максам Каржом.

- Не варта мяне параўноўваць з Максам Каржом, бо Максім робіць расейскі рэп, які можа быць запісаны ў Пермі, Чэлябінску і нават у Менску. А я раблю беларускі рэп. Гэта зусім розныя рэчы.

- Беларускі рускамоўны рэп не з'яўляецца беларускім ў тваім разуменні?

- Прыкол у тым, што калі беларускі рускамоўны трэк паставяць на радыё Бі-Бі-Сі, то яго ўсё роўна будуць называць «russian rap». Я асабіста з гэтым сустракаўся. Я супраць расейскай культуры нічога не маю. Яна мне вельмі цікавая, але не трэба спісваць усё на асяроддзе і пастаянна шукаць для сябе апраўдання.

- Макс Корж робіць расейскі рэп?

- Усё проста. Вось, напрыклад, польскі рэп - гэта рэп на польскай мове. Ні на нямецкай, ні на расейскай. Адным словам, беларускі рэп павінен быць беларускім. А Макс робіць расейскі рэп. Я з ім, дарэчы, даўно знаёмы. Памятаю, калі Максім яшчэ жыў у Менску на Пушкінскай. Мы прыходзілі да яго, а там такі дом дабіты быў. Я ў інтэрнаце жыў, і мы нават разам біты нейкія круцілі. Цяпер рэдка бачымся.

- Ну добра. А што адбываецца цяпер на ўласна беларускай рэп-сцэне? Я акрамя ЧпБ, Ежа, SP Kava і цябе больш нікога не ведаю, хоць і цікаўлюся рэпам з 16-ці гадоў.

- Нічога не адбываецца. Ты пералічыў амаль усіх беларускіх рэпераў. Няма пра што расказаць, але рэспект усім, хто нешта робіць. Беларускі рэп з'явіўся зусім нядаўна. Калі не памыляюся, гісторыя беларускага рэпу пачалася ў 1995 г., пасля таго, як МС-52 выпусцілі на касеце трэк «Наша Сіла».

- Мне здаецца, што раней ты рабіў такі лірычны рэп. І прызнаюся - гэта не кранала. А трэк «Жывы» бліжэй да філасофіі максімалізму. У тэксце ёсць словы: «Але мне не зразумець, як можна біцца ў паўсілы. Калі ўвязаўся ў бойку перамажы, парваўшы жылы». Гэта зачапіла. Дзе, дарэчы, здымалі кліп?

- У Менску. Многіх гэта здзіўляе, маўляў, як вы так Менск паказалі - так крута выглядае, так сучасна і прыгожа... Людзі проста не ўспрымаюць беларускамоўны прадукт як нешта якаснае, фірменнае. Калі людзям будуць паказваць нешта прыгожае, то яны пачнуць любіць сваё. Калі хто-небудзь з беларускіх аўтараў напіша дрэнную песню і здыме на яе дрэнны кліп, то, вядома, людзі падумаюць: ой, як заўсёды, гэта ж наш калгас. Павінна быць нейкая адказнасць за тое, што ты робіш.

- На якасны прадукт патрэбныя грошы ці дастаткова толькі жадання - і ўсё атрымаецца?

- Можна пайсці ў студыю і запісацца, і каштуе гэта даволі танна. Ужо няма такога, калі адна студыя на горад з шалёнымі коштамі. Зараз студый шмат. У мяне, напрыклад, сваё абсталяванне. І ўрэшце, ёсць інтэрнэт. Запісаў сваё музло, закінуў у інтэрнэт - і ўсё. Не трэба ні шмат грошай ні тэлевізіі.

- Добра, ёсць магчымасці, студыі, тэхналогіі распаўсюджвання, але за 20 гадоў не сфармавалася беларускамоўная рэп-тусоўка. Чаму?

- У краіне, дзе 95% людзей размаўляюць на расейскай мове, адпаведна, столькі ж расейскага рэпу робіцца ў Беларусі. Усё ўпіраецца ў палітыку, а мяне палітыка не цікавіць. Я паважаю тых, хто адседзеў у турме, не падпісаў прашэння аб памілаванні. Гэта мужныя людзі. Мяне таксама асацыююць з палітыкай, з нейкімі рухамі і г.д. У Беларусі палітыкі няма. Ёсць нейкая імітацыя палітычнага працэсу. Мне здаецца, што трэба займацца беларускай мовай і культурай - гэта важней, чым барацьба за ўладу. Вось чаму я раблю беларускі рэп.

- У СМІ пішуць, цытую: «Vinsent» вярнуўся ў Менск з новым альбомам. Чаму ты быў вымушаны сысці ў кароткачасовыя, як высветлілася, эмігранты і што вярнула дадому?

- Пасля таго, як я зняўся ў фільме «Жыве Беларусь», на мяне пачалі ціснуць. Я параіўся са знаёмымі і з'ехаў. А вярнуўся, таму што мне тут падабаецца. Тут праходзяць змены і пералом эпох. На Захадзе мне было сумна. Там ужо ўсё адбылося, і кардынальна нічога не зменіцца. Там людзі клапоцяцца пра тое, каб на пару адсоткаў знізіць падатак на даданую вартасць. І гэта нармальна. Беларусь павінна імкнуцца да гэтага спакою і ўладкаванасці. У нас жа сацыялізм, змена пакаленняў і гэта спрыяе творчасці.

- А чым на жыццё зарабляеш, бо я так разумею, на музыцы ў Беларусі не асоба можна зарабіць, калі ты не Макс Корж, вядома...

- Можна зарабіць. На продажы дыскаў - не, а на канцэртах спакойна. У прынцыпе, топавыя беларускамоўныя артысты спакойна маглі б збіраць Палац Рэспублікі. Я зарабляю на хлеб творчасцю. Я не сяджу ў офісе і не прадаю газасілікатныя блокі, а раблю тое, што мне падабаецца. Мне пакуль і не трэба шмат грошай. Я магу зарабіць на канцэрце, зняцца ў фільме, зрабіць аранжыроўку. Карацей, калі наважыш, што вось я зараз прадам газасілікатныя блокі і зраблю альбом, але гэта цябе зацягне, і замест творчасці ты будзеш займацца бізнэсам.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках