20 красавiка 2024, Субота, 13:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Палітолаг: Калі Крэмль нападзе на Літву ці Польшчу, Лукашэнка дапаможа расейцам

42
Палітолаг: Калі Крэмль нападзе на Літву ці Польшчу, Лукашэнка дапаможа расейцам

Разлічваць на дапамогу дыктатуры ў Беларусі ў вайне з Расеяй - па-дурному.

Чым скандал вакол знішчанага туркамі расейскага бамбавіка абернецца для нашага рэгіёну? Ці можа паўтарыцца турэцкі інцыдэнт, напрыклад, ля мяжы з Калінінградам ці Беларуссю?

На гэтыя і іншыя пытанні карэспандэнта charter97.org у Вільні адказаў літоўскі вайсковы аглядальнік Дарус Антанайціс.

- Што на самай справе адбылося на мяжы Сірыі і Турцыі?

- Думаю што тое, да чаго даўно імкнулася Масква. Сірыйская вайна набыла статус «святой», Крэмль можа апеляваць да пачуццяў жыхароў Расеі, казаць аб помсце за загінулых жаўнераў. А гэта ж не першы раз і нават не другі выпадак, калі вайсковы самалёты Расеі парушыў паветраную прастору Турцыі, або знаходзіўся ў небяспечнай да яе блізкасці. Турцыя абяцала адрэагаваць жорстка, але Крэмль і далей, нібы вулічны хуліган, якому забароны не ўказ, працягваў правакаваць.

Груба кажучы, жыццё двух пілотаў размянялі на тое, каб прадэманстраваць жыхарам Расеі, які вонкавы свет жорсткі і жудасны, што ўнутраныя праблемы Расейскай Федэрацыі непасрэдна звязаны з Захадам. Таму цяпер трэба ваяваць са злом, таму што зло акружае Расею. З Турцыі робяць хаўрусніка ІДзІЛ, NATO, у складзе якога Турцыя, таксама атрымліваецца за ІДзІЛ, усё за ІДзІЛ - толькі адзін Крэмль змагаецца з міжнародным тэрарызмам.

- Чаму туркі наважылі збіць расейскі бамбавік?

- Расейская Федэрацыя загулялася, правяраючы, ці можна перасекчы рысу. Адзін раз атрымалася, два атрымалася і вось вынік. У Турцыі магутнае войска, якое, у адрозненні ад расейскай, добра падрыхтаванае, дысцыплінаванае, на ўзбраенні якога сучаснае заходняе ўзбраенне, эфектыўнасць якога вышэйшая за расейскіх аналагаў. Турцыя кантралюе Басфорскі праліў, праз які Расея ажыццяўляе пастаўкі войскам, якія ўдзельнічаюць у сірыйскай кампаніі. Анкара цалкам можа закрыць доступ расейскім суднам да гэтага праліву.

Таксама жорсткі адказ Турцыі звязаны таксама з тым, што расейская авіяцыя ў Сірыі мноства разоў наносіла ўдары па тых групоўках паўстанцаў, якіх падтрымлівае Анкара. Бамбілі паўстанцаў побач з мяжой Турцыі, нібы даючы зразумець, што ад нас вы не схаваецеся і на турэцкай тэрыторыі, дастанем і там. Анкара была вымушаная ў такой сітуацыі згуляць жорстка. І такім чынам паказаць, што Турцыяй кіруе прэзідэнт Эрдаган, а не час ад часу парушаюць прастору краіны салдаты расейскага кантынгенту з Сірыі.

- Крызіс можа быць элементам плана Масквы па дэстабілізацыі рэгіёну?

- Цалкам. Да Расеі і яе лідара Пуціну можна ставіцца па рознаму, але дагэтуль усе дзеянні Крамля паказалі, што за выпадковасцю крыецца логіка і разлік. Расея анэксуе Крым і атрымлівае кантроль над большай часткай тэрыторыі Чорнага мора.

Кошты нафты падаюць, бюджэт Расеі становіцца ўсё змяншаецца - Масква на час пакідае ў спакоі Украіну і пачынае шукаць новага ворага. Нібы па замове з'яўляюцца тысячы і дзесяткі тысяч уцекачоў, якія і адцягваюць увагу Еўропы ад украінскага крызісу. Прэзідэнт Сірыі Асад звяртаецца з просьбай аб сяброўскай дапамозе і атрымлівае расейскі воінскі кантынгент. Аднак у Сірыі Расея не адзіны гулец. Тут ёсць гульцы лепшыя - ЗША, Турцыя, NATO.

Далей яшчэ цікавей. У найбольш слабым на сённяшні дзень звяне ў NATO - Францыі - адбываецца тэракт. Прэзідэнт Францыі Аланд ініцыюе пункт дамовы ЕЗ аб дапамозе, але да NATO па дапамогу не звяртаецца. Такім чынам, на час ЗША застаюцца ў баку. Аланд просіць дапамогі ва Уладзіміра Пуціна (ЗША і Турцыя чамусьці застаюцца ў баку) і накіроўвае адзіны авіяносец Францыі ў той рэгіён, дзе дзейнічаюць расейскія вайскоўцы.

Неўзабаве пасля гэтага Турцыя над сваёй тэрыторыяй, пасля папярэджання, збівае бамбавік расейскай авіяцыі. Што кажа Пуцін? Ён заяўляе, што самалёт быў збіты над тэрыторыяй Сірыі. Няма ніякай камісіі, двухбаковага расследавання. Прэзідэнт Расеі канстатуе факт - Турцыя дзейнічала агрэсіўна супраць мірнага бамбавіка, узброенага мірнымі ракетамі і бомбамі.

- Чым скандал вакол знішчанага туркамі бамбавіка абернецца для нашага рэгіёну?

- Хутчэй за ўсё тым, што Крэмль працягне рэалізацыю свайго плана. Турцыя звярнулася да NATO па дапамогу, але Францыя на гэты момант знаходзіцца ў кааліцыі з Масквой і блакуе пастанову NATO. У адзінстве краін Альянсу можа з'явіцца расколіна, а воля да абароны знешніх межаў такіх краін, як Літва, Латвія, Эстонія істотна панізіцца.

У такім выпадку ў Расеі можа быць шанец на тое, каб нарэшце атрымаць доступ да адзінага порта на ўзбярэжжы Балтыйскага мора - Клайпеды. Хоць гэта, вядома, на сённяшні дзень немагчыма, але калі Уладзіміру Пуціну атрымаецца ўбіць клін у маналіт NATO пры дапамозе Францыі, і 5 артыкул Альянсу ў выпадку Турцыі актываваны не будзе, то... Крэмль цалкам можа паверыць у тое, што гэты ж артыкул не актывуюць, калі здарыцца штосьці з невялікімі дзяржавамі накшталт Літвы, Латвіі і Эстоніі. На шчасце, тут ёсць адно невялікае, але істотна «але» - краіны, якія ўваходзяць у склад Альянсу, могуць прыняць пастанову аказаць вайсковую дапамогу нават без Францыі.

- А што калі Масква, раззлаваная на Анкару, замест Турцыі пачне помсціць іншым краінам NATO?

- Калі выказаць здагадку што ўсё, што сёння мы назіраем у Сірыі, частка гіганцкага плана Масквы, то складваецца ўражанне, што ўсё гэта гіганцкі блеф. Блеф, каб замаскіраваць свае сапраўдныя намеры: заняць Арктыку. Распальваючы вайну ва Украіне, Расея спадзявалася, што ёй атрымаецца ўцягнуць у гэты канфлікт NATO, але дарэмна. Вайна ў Сірыі таксама можа быць такой спробай, пакуль што марнай. Менавіта таму мы назіраем інцыдэнт з бамбавіком, такім чынам Расея дэманструе, што можа пажадаць пакараць Турцыю і зноў правакуе NATO - так, каб Альянс сканцэнтраваў у гэтым рэгіёне частку сваіх сіл.

Думаю, што калі і гэты план праваліцца, то наступным рэгіёнам, дзе Крэмль пачне актыўна дзейнічаць, будзе Балтыйскі. Як толькі Крамлю ўдасца разгрупаваць сілы NATO па розных рэгіёнах краін Альянсу, а пастаянныя правакацыі выматаюць вайскоўцаў, то Расея нанясе ўдар па галоўнай мэце. Арктыка будзе акупаваная, велізарны рэгіён з багатымі пакладамі каштоўных выкапняў цалкам пяройдзе пад кантроль Масквы.

- Дапусцім, што Расея наважыць пакараць Турцыю. Які можа быць адказ Паўночнага Альянсу?

- Турцыя досыць магутная краіна, да таго ж яна сябра NATO і каштоўны партнёр Еўрапейскай Садружнасці. Нават без Францыі NATO ў стане аднагалосна зрэагаваць на такую пагрозу, адказаўшы ўсімі сваімі сіламі. Сіламі, якія пераўзыходзяць расейскія ў шмат, шмат разоў.

- Туркі збілі вайсковы самалёт, які парушыў іх паветраную прастору, а як у гэты момант ідуць справы з абаронай паветранай прасторы нашага рэгіёну?

- На сённяшні дзень паветраная прастора над краінамі Балтыі фактычна адкрытая і безабаронная (калі не лічыць некалькіх знішчальнікаў NATO, што нясуць паветранае дзяжурства па абароне). Польшча думае набыць амерыканскі зенітны ракетны комплекс «Пэтрыёт», але пакуль увесь гэты працэс на пачатковым этапе. У саміх Балтыйскіх краінах на ўзбраенні толькі ПЗРК малой далёкасці. Адзіная дапамога - караблі флоту ЗША з супрацьпаветранымі і супрацьракетнымі сродкамі абароны.

- Расейскія вайсковыя самалёты досыць часта парушаюць паветраную прастору Балтыйскіх дзяржаў. Ці можа паўтарыцца турэцкі інцыдэнт, напрыклад, ля мяжы з Калінінградам ці Беларуссю?

- Гэта досыць рэальна. Калі план Пуціна праваліцца ў Турцыі, ён зверне сваю ўвагу на краіны Балтыі, тым больш што Калінінградская вобласць даслоўна нашпігаваная балістычнымі і супрацьпаветранымі ракетамі. Што дэ-факта азначае, што менавіта Расея кантралюе нашу паветраную прастору. Тым не менш, каб хоць неяк уцягнуць у гэты план Беларусь, расейскаму прэзідэнту давядзецца па-за ўсякім сумневам ахвяраваць вельмі многім. Нашмат прасцей пачаць дзейнічаць з той тэрыторыі Расейскай Федэрацыі, якая побач з Балтыйскімі дзяржавамі. Так будзе нашмат хутчэй, танней і больш эфектыўна.

- Якая роля ў дзеяннях Крамля прыгатаваная Беларусі?

- На маю думку, Беларусь сёння для Расеі выступае ў ролі «падушкі бяспекі», якая, здарся што, павінна прыняць на сябе ўвесь удар і яго змякчыць. Менавіта таму Крэмль дагэтуль не пайшоў на анэксію гэтай краіны. Такой жа «падушкай», дарэчы, была і Украіна. На думку Расеі, баявыя дзеянні лепш за ўсё весці на тэрыторыі «хаўруснікаў». Тут мне хацелася б адзначыць, што ў адрозненне ад Расеі NATO пашыраецца праз небяспеку нападу. Нападу перш за ўсё з боку Расеі, што гэтая краіна шматкроць дэманстравала ў нядаўнім мінулым сваімі дзеяннямі ў дачыненні да тых краін, якія не паспелі ці не змаглі своечасова выканаць сваіх «хатніх заданняў» па забеспячэнню бяспекі пасля выхаду са складу СССР і засталіся нейтральнымі. Еўразвяз і NATO зацікаўлены ў тым, каб суседнія дзяржавы былі стабільнымі і квітнеючымі. У адрозненні ад іх Крэмль жадае бачыць суседнія краіны слабымі, яшчэ лепш пад уладай або дыктатара, або сваёй марыянеткі.

У выпадку канфлікту Масквы з Балтыйскімі дзяржавамі першараднай мэтай для войска Расейскай Федэрацыі з'яўляецца задача адрэзаць Літву ад Польшчы. Гэта значыць заняць тэрыторыю паміж Беларуссю і Калінінградам. Ці пойдзе Расея, каб гэтага дамагчыся, на тое, каб заняць Беларусь? Наўрад ці, для беларускага боку нявыгадна ўвязвацца ў якую-небудзь вайну. Хутчэй за ўсё, Менск застанецца нейтральным, гэта дазволіць аказваць дапамогу расейскім войскам забеспячэннем, дзяліцца разведвальнай інфармацыяй.

Напісаць каментар 42

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках