25 красавiка 2024, Чацвер, 22:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Расея «абламала» беларусам бюджэтны адпачынак

71

Дзякуючы дзеянням «хаўруснікаў» самыя папулярныя напрамкі - Крым, Егіпет і Турцыя - сталі для беларусаў цяжкадаступнымі.

Крым

Самы папулярны курорт сярод жыхароў нашай краіны заўсёды выклікаў нараканні ў плане сэрвісу, але для значнай часткі насельніцтва альтэрнатывы праз кошты яму проста не было. Анэксія паўвострава Расеяй вясной 2014 бюджэтны адпачынак для беларусаў пахавала, піша «Салідарнасць».

Егіпет

Анэксіі Крыма і вайны ў Данбасе Крамлю здалося мала, і сёлета Расея, забыўшыся пра ўрокі афганскай кампаніі, увязалася ў вайну ў Сірыі. Адказ тэрарыстаў не прымусіў сябе чакаць. Катастрофа самалёта кампаніі «Кагалымавія», які выляцеў з Шарм-эль-Шэйха, забрала жыцці 224 чалавек. Расея прыпыніла палёты сваіх самалётаў у Егіпет.

Адбілася гэта і на беларускіх турыстах. Кошты на туры ў Егіпет з вылетам з Масквы былі ніжэйшыя, чым з вылетам з Менска прыкладна на 300-400 даляраў.

Турцыя

Гісторыя з расейскім самалётам Су-24, які збілі турэцкія ВПС, выглядае пакуль не яснай, але Крэмль для сябе ўсё ўжо пастанавіў. Расея прыпыняе бязвізавы рэжым з Турцыяй, авіярэйсы з Масквы на турэцкія курорты скасоўваюцца.

З-за гэтага канфлікту беларускія турысты страцілі магчымасць зэканоміць ад 200 да 600 даляраў на адпачынку ў Турцыі.

- Праз тое, што расейскія тураператары спынілі продаж тураў у Турцыю, паўстане пытанне і аб зняцці рэйсаў, бо яны не будуць загружаныя. Некаторыя рэйсы з Масквы ў Турцыю адмяняюцца ўжо цяпер, - патлумачыла Intex-press дырэктарка менскага турыстычнага агенцтва «Кантынент ідэй» Наталля Карасёва.

З яе слоў, тур ў Турцыю на дваіх з вылетам з Масквы каштавала 500-600 даляраў, пры гэтым кошты на туры з Менска пачынаюцца ад 900 даляраў. Такім чынам беларускія турысты страцілі магчымасць эканоміць 300-400 даляраў на пералётах са сталіцы Расеі. Альтэрнатывай вылету з Менска пакуль застаецца Кіеў. Такі тур абыйдзецца прыкладна ў 700 даляраў на дваіх.

***

Што ж беларусам могуць прапанаваць наўзамен вышэйзгаданых бюджэтных кірункаў? Падобна на тое, што адну толькі Балгарыю. Таксама, імаверна, вясной расейцы пачнуць актыўна рэкламаваць адпачынак у Краснадарскім краі. Але выглядае гэтая альтэрнатыва вельмі ўжо сумнеўнай.

Напісаць каментар 71

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках