25 красавiка 2024, Чацвер, 19:42
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Краязнаўца выдаў унікальную кнігу пра Горадню, якую пісаў 20 гадоў

6

Кніга «50 вуліц Горадні» выйшла з друку на гэтым тыдні.

На старонках буйнафарматнага выдання - старыя карты, фатаграфіі ўсіх часоў і мноства цікавых фактаў пра стары цэнтр Горадні, паведамляе «Еўрарадыё».

Сабраць усю гэтую інфармацыю разам атрымалася краязнаўцу Віктар Саяпіну, у мінулым - супрацоўніку мытні, якога цяпер па праве можна ўважаць самым пладавітым гісторыкам горада: кожны год у яго выходзіць па кніжцы, а то і больш.

Аднак гэтая - найбольш тоўстая, ёй аўтар прысвяціў 20 гадоў жыцця.

Журналісты наважылі прайсціся з Віктарам Саяпіным па старым горадзе і запісаць найбольш характэрныя моманты з яго аповяду:

- Гатэль «Еўропа» і «Тры таўстуны». Там, дзе цяпер узвышаецца ўнівермаг савецкага часу пабудовы, яшчэ ў пачатку 1950-х стаяў будынак гатэля «Еўропа». Ён быў фактычна люстраной копіяй будынка суда, які мы бачым сёння насупраць - з надпісамі «Законъ» на ляпніне. Гэтыя два будынкі праектаваў адзін архітэктар - Небольскі.

Дык вось, кiраўнiком у «Еўропе» да рэвалюцыі быў Карл Алеша. Так, так, бацька таго самога Юрыя Алеша, які напісаў «Тры таўстуны». Пасля Грамадзянскай вайны Юрый застаўся ў Харкаве, а яго сям'я вярнулася ў Горадню.

Рэстарацыя «Беласток»: польская мова і музыкі Белдзяржфілармоніі. Будынак у самым пачатку Савецкай вуліцы, вядомы гарадзенцам як рэстарацыя «Беласток», шмат разоў змяняў гаспадароў. Да вайны тут быў гатэль «Гандлёвы», пасля - рэстаран «Беларусь», перайменаваны ў «Беларусію», узорная сталовая, рэстарацыя і гатэль «Гродна»...

Але гарадзенцы гэты будынак больш за ўсё запомнілі як рэстарацыю «Беласток»: польскае меню, зробленыя палякамі інтэр'еры, афіцыянты з веданнем польскай мовы... А гралі тут, між іншым, музыкі з «Белдзяржфілармоніі»!

Палац князёў Масальскі і мяса. Справа мы цяпер бачым трохпавярховы палац Масальскага XVIII ст. За дзвесце гадоў гісторыі тут была і паштова-тэлеграфная кантора, і крамы, і розныя казённыя ўстановы. А вось я добра памятаю час, калі тут знаходзілася крама «Мяса-каўбасы» - так і было напісана, праз злучок.

Справа ў тым, што ў Горадні ў часы СССР амаль не было праблем з мясам. Калі сюды прыязджалі расейцы, яны дзівіліся: накшталт адна краіна, але дзве рэальнасці. Чэргаў няма, свініна - 2 рублі, ялавічына - 1 рубель 90 капеек... У Друскенікі (Літва) за каўбасой пачалі ездзіць толькі ў 80-я (смяецца).

«Нью-Ёрк» і «Швейцарыя». Шэры будынак перад намі, у якім цяпер банк, калісьці быў аднапавярховы. Да рэвалюцыі тут быў гатэль - «Нью-Ёрк», пасля «Швейцарыя». Сучасны хмурны выгляд дом набыў толькі пасля перабудовы ў 1939 годзе - пад банк.

У часы Саюза тут была ашчадкаса, а ў іншым крыле - крама «Мелодыя». Так, тут як раз я купіў сваю першую гітару - 6 рублёў 50 капеек (памяць на лічбы ў Віктара Юр'евіча фантастычная). Тут жа побач заўсёды было поўна «сінякоў», таму што прадаваліся пладова-ягадныя віны («фруктовіч», як тады казалі, за 82 капейкі) - уявіце, усё гэта ў адным будынку!

Жэром Боанапарт і гарадзенскія дзяўчыны. Будынак з калонамі - гэта палац віцэ-губернатара Максімовіча, пабудаваны ў 1803 годзе. Цікава, што падчас кампаніі 1812 года тут быў штаб Банапарта. Вось толькі не Напалеона, а яго брата - Жэрома. Французы тут увесь час спраўлялі балі і прыёмы.

Як кажуць у Горадні, менавіта гэты будынак разам з гарадзенскімі дзяўчатамі загубіў «Вялікае войска»: пагадзіцеся, ну хто пойдзе на Маскву, калі тут цёпла, весела, а вакол столькі прыгажунь!

Ленін і пустата. Вы маладыя, таму вам можа здацца, што плошча Леніна была такой заўсёды. Але такой яна стала толькі ў 1987-м, менш за 30 гадоў таму. Раней тут была пустэча - дакладней, даліна Гараднічанкі з крамамі і дрэвамі. На загад партыйнага кіраўніцтва ўсё было засыпана пяском і заліта бетонам, а зверху пастаўлены помнік правадыру пралетарыяту.

Іронія ў тым, што помнік Леніну стаіць над пустэчай, а пад ім - трубы, па якіх цячэ Гараднічанка, быццам пульсуючыя вены нашага горада!

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках