19 красавiка 2024, Пятніца, 16:33
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Астраномы злавілі пяць загадкавых сігналаў з космасу

9
Астраномы злавілі пяць загадкавых сігналаў з космасу

Уфолагі спадзяюцца, што здалелі злавіць нішто іншае, як іншапланетнае пасланне.

У Аўстраліі астраномы злавілі пяць загадкавых сігналаў з космасу, пра паходжанне і прыроду якіх пэўна нічога не вядома. Навукоўцы збянтэжаныя, але рабіць заўчасныя высновы не спяшаюцца. У той жа час уфолагі спадзяюцца, што здалелі злавіць нішто іншае, як іншапланетнае пасланне, піша onliner.by.

Сэрыю з пяці дзіўных сігналаў выявілі з дапамогай размешчанага ў Аўстраліі радыётэлескопа Паркса. Гаворка ідзе пра кароткія (5 мс) радыёўсплёскі, якія паступаюць з-за меж нашай Галактыкі. За апошнія восем гадоў з моманту першага выяўлення было злоўлена толькі 11 адзінкавых кароткіх радыёўсплёскаў.

Дагэтуль меркавалася, што раз такія з'явы нараджаюцца па-за Млечным Шляхам, то яны, напэўна, маюць касмалагічную прыроду, гэта значыць з'яўляюцца наступствам нейкіх працэсаў з неймаверна высокай выдачай энэргіі. Напрыклад, кароткія радыёўсплёскі маглі б з'яўляцца ў выніку зліцця нэйтронных зорак. Надзвычайная рэдкасць, унікальнасць і нерэгулярнасць такіх сігналаў ускосна пацвярджалі гэтую тэорыю.

Аднак сэрыя з пяці роўнааддаленых адзін ад аднаго ў часе сігналаў ставіць крыж на ранейшых здагадках навукоўцаў. Цяпер яны ўвогуле не разумеюць, адкуль могуць з'яўляцца гэтак кароткія і раптоўныя радыёўсплёскі. «Мы ўяўлення не маем, што адбываецца. Але мы ведаем, што гэта нешта неймавернае», - напісала ў сваім блогу Эмілі Пэтроф з універсітэта Свінбэрна.

Уфолагі кажуць больш смела. Вядомы «даследчык» НЛА Найджэл Уотсан, напрыклад, не выключае, што чалавецтва сутыкнулася з сігналамі ад іншапланетнай цывілізацыі. Песімісты, зрэшты, прыгадваюць радыётэлескопу Паркса нядаўні канфуз, калі высветлілася, што ён лавіў сігналы канторскай мікрахвалёўкі, якія на працягу 17 гадоў спрабавалі расшыфраваць дзясяткі навукоўцаў. Не выключана, што кароткія радыёўсплёскі ўрэшце выявяцца вынікам дзеяння якой-небудзь сігналізацыі ці чаго-небудзь гэткага кшталту.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках