25 красавiка 2024, Чацвер, 18:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Пад санкцыі Расеі падпадаюць мяса, малако, гародніна і садавіна з Турцыі

5
Пад санкцыі Расеі падпадаюць мяса, малако, гародніна і садавіна з Турцыі

Пад расейскія санкцыі падпадзе шырокі пералік турэцкіх прадуктаў.

Прадуктовае эмбарга закране гародніну, садавіну, мяса, рыбу і малако. Пра гэта ў панядзелак, 30 лістапада, паведамляе газета «Известия» са спасылкай на крыніцу, блізкую да міністэрства сельскай гаспадаркі РФ.

Згодна з пералікам, пададзеным гэтай крыніцай, урад Расеі гатовы забараніць турэцкія пастаўкі астуджанага і замарожанага мяса буйной рагатай жывёлы, мяса і харчовыя субпрадукты хатняй птушкі, мяса салёнага ў расоле, сушанага і вэнджанага мяса, любой рыбы і морапрадуктаў, арэхаў і садавіны, гародніны, ягад і зеляніны, малака і малочнай прадукцыі, уключаючы тварог, сыр і безлактозную прадукцыю.

Сыр з Ірана

Замясціць турэцкія прадукты плануецца за кошт павелічэння ўласнай аграрнай вытворчасці і «пашырэння геаграфіі паставак». Так ветэрынарная служба РФ ужо паведамляла аб магчымых далейшых пастаўках сыру і малочнай прадукцыі з Ірана. За мінулы тыдзень дамоўленасці аб пашырэнні паставак дасягнуты з В'етнамам, Уругваем і Аб'яднанымі Арабскімі Эміратамі.

Акрамя харчавання, забарона на пастаўкі можа датычыцца і турэцкага тэкстылю. Агулам, эканамічныя меры супраць Турцыі будуць аналагічныя забаронам на пастаўкі з ЕЗ і ЗША. Поўны спіс санкцыйных тавараў будзе апублікаваны да 1 снежня.

З улікам маючых адбыцца святаў

Газета «Ведомости», спасылаючыся на інфармаваныя крыніцы, паведамляе, што ўрад Расеі будзе праяўляць асцярожнасць у справе ўвядзення абмежаванняў супраць прадуктаў з Турцыі. «Абмежаванні па ежы будуць, але выбарачныя, будуць тычыцца толькі некаторых прадуктаў, спіс выйдзе на днях. Урад наважыў дзейнічаць вельмі асцярожна, улічваючы, што наперадзе святы», - сказала выданню адна з крыніц.

Суразмоўца «Ведомостей» таксама выказаў меркаванне, што «спіс яшчэ будзе залежаць ад рыторыкі Турцыі», адзначыўшы, што ў апошнія дні яна мяняецца. Са слоў крыніц, урад пры зацвярджэнні санкцыйнага пераліку прадуктаў будзе раіцца з прадстаўнікамі як дзяржаўных, так і прыватных кампаній, каб не нашкодзіць расейскай эканоміцы.

Нагадаем, 24 лістапада турэцкія ВПС збілі расейскі самалёт Су-24 на падставе таго, што ён уварваўся ў паветраную прастору краіны. Бамбавік упаў на тэрыторыі Сірыі за 4 км ад турэцкай мяжы. У выніку загінуў пілот, прычым праз агонь з зямлі, але штурмана ўдалося выратаваць. Таксама падчас пошукавай аперацыі загінуў марскі пяхотнік-кантрактнік, калі паўстанцы мінамётным агнём знішчылі расейскі гелікоптэр Мі-8, што быў вымушаны прызямліцца.

Турэцкі лідар фактычна зняпраўдзіў заяву Пуціна аб тым, што расейскі самалёт выконваў антытэрарыстычную місію супраць ІД. Ён падкрэсліў, што ў згаданым раёне няма баевікоў - там пражываюць сірыйскія туркмены, абавязанні па абароне якіх узяла на сябе Анкара.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках