20 красавiка 2024, Субота, 9:50
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Інфармацыя пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ - дзяржаўная таямніца

8
Інфармацыя пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ - дзяржаўная таямніца

Праваабаронцам адмаўляюцца даць інфармацыю аб бытавым забеспячэнні ІЧУ і абыходжанні з адміністрацыйна затрыманымі.

Ініцыятыва «Праваабаронцы супраць катаванняў» працягвае маніторынг умоў утрымання і абыходжання з адміністрацыйна затрыманымі асобамі, якія адбываюць адміністрацыйны арышт, у ізалятарах часовага ўтрымання.

У рамках маніторынгу праваабаронца Вікторыя Фёдарава звярталася ў раённыя аддзелы ўнутраных спраў Гомельскай вобласці з просьбай даць інфармацыю аб бытавым забеспячэнні ІЧУ і абыходжанні з адміністрацыйна затрыманымі і арыштаванымі, паведамляе сайт protivpytok.org.

«Паколькі на мае звароты з усіх раённых РАУС былі атрыманыя ідэнтычныя адказы аб тым, што запытаныя ў заяве звесткі належаць да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання, я накіравала скаргу ва ўправу ўнутраных спраў Гомельскага аблвыканкама», - распавяла праваабаронца.

У сваім адказе на скаргу намеснік начальніка ўправы - начальнік міліцыі грамадскай бяспекі Я.А. Красноў паведаміў, што «падчас праведзенай праверкі, довады аб незаконнай адмове ў выдаванні запытаных звестак, свайго аб'ектыўнага пацверджання не знайшлі».

Праваабаронца мяркуе, што такая пастанова УУС Гомельскага аблвыканкама неабгрунтаваная: «Пералiк звестак, якія належаць да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання, вызначаны ў дадатку да пастановы Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь 2014/08/12 №783. Інфармацыя пра ўмовы ўтрымання ў ІЧУ не ўключаная ў гэты пералік. Больш за тое, інфармацыя, запытаная мной, тычылася адпаведнасці ўмоваў утрымання ў кожным ІЧУ патрабаванням Правілаў унутранага распарадку спецыяльных устаноў органаў унутраных спраў, якія выконваюць адміністрацыйнае спагнанне ў выглядзе адміністрацыйнага арышту, зацверджанымі Пастановай Міністэрства ўнутраных спраў Рэспублікі Беларусь ад 8 жніўня 2007 г. №194. Гэта значыць, што я не запытвала ніякай іншай інфармацыі, акрамя той, якая ўжо маецца ў апублікаваным нарматыўным прававым акце, адпаведна спасылка на грыфы сакрэтнасці і абмежавальны грыф «Для службовага карыстання» нічым не абгрунтаваная».

Варта адзначыць, што ў адказе на скаргу вышэйстаячы орган падкрэсліў, што некаторыя запытаныя звесткі належаць да службовай інфармацыі абмежаванага распаўсюджвання і не могуць быць дадзеныя.

«У такім выпадку, чаму я так і не атрымала хаця б тую інфармацыю, якая, на іх думку, не з'яўляецца сакрэтнай? Такія адказы з дзяржаўных органаў сведчаць альбо аб праявах фармалізму пры разглядзе зваротаў, альбо аб тым, што любая інфармацыя аб ізалятарах часовага ўтрымання старанна хаваецца, нават не з'яўляючыся інфармацыяй абмежаванага распаўсюджвання", - мяркуе Вікторыя Фёдарава.

Інфармацыя аб адпаведнасці ўмоў утрымання ў ІЧУ патрабаванням заканадаўства не можа быць сакрэтнай альбо абмежаванага распаўсюджвання, яна павінна быць празрыстай, зразумелай і даступнай. Праваабаронца мае намер звярнуцца ў суд бо, на яе думку, адмова даць запытаныя звесткі парушае артыкул 34 Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая гарантуе права на атрыманне, захоўванне i распаўсюджванне поўнай, дакладнай i своечасовай iнфармацыi аб дзейнасцi дзяржаўных органаў, а таксама артыкул 19 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах.

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках