20 красавiка 2024, Субота, 1:48
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Экс-палітвязня Гайдукова аштрафавалі за салідарнасць са зніклымі палітыкамі

4

У Наваполацку 30 лістапада адбыўся суд над Андрэем Гайдуковым за пікет памяці зніклых палітыкаў 16 лістапада.

Справу разглядала суддзя Алена Верцешонак. Сведкамі выступілі прадстаўнік наваполацкага гарвыканкама Уладзімір Бяляеў і міліцыянт Аляксандр Барэткін, паведамляе прэс-служба аргкамітэта ў стварэнні партыі «Беларуская хрысціянская дэмакратыя».

Суд прызнаў актывіста вінаватым і прысудзіў штраф сумаю 45 базавых велічынь (8,1 млн. рублёў).

Мясцовыя дэмакратычныя актывісты прыйшлі падтрымаць Андрэя з плакатам «Андрэй Гайдукоў нічога не парушаў. За што Яго судзіць?». Сам актывіст збіраецца абскарджваць пастанову, сваю віну не прызнае.

«Усё было ў адпаведнасці з Канстытуцыяй Рэспублікі Беларусь, я нічога не парушыў. Суд быў прадузятым, прызнанне вінаватым і такі вялікі штраф нічым не матываваныя», - адзначыў Андрэй.

Нагадаем, 16 лістапада Андрэй Гайдукоў вывесіў на вуліцы партрэты Юрыя Захаранкі, Віктара Ганчара і Анатоля Красоўскага, Дзмітрыя Завадскага, а таксама раздаў мінакам больш за 100 улётак з цытаваннем прызыву Мікалая Статкевіча прыйсці 24 лістапада ў Менску на акцыю памяці тых, хто ахвяраваў сваім жыццём дзеля свабоды Беларусі.

У дачыненні да актывіста быў складзены пратакол паводле ч. 3 арт. 23.34 КаАП (парушэнне парадку арганізацыі або правядзення масавага мерапрыемства).

Андрэй Гайдукоў - былы палітвязень, які правёў у зняволенні паўтара года (з лістапада 2012 да траўня 2014-га). Паводле інфармацыі следства, ён быў затрыманы «ў момант закладкі тайніка са звесткамі для замежных спецслужбаў» і першапачаткова абвінавачваўся паводле артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (здрада дзяржаве ў форме правядзення агентурнай дзейнасці), пазней абвінавачванне было перакваліфікавана. 1 ліпеня 2013 Віцебскі абласны суд прызнаў Гайдукова вінаватым паводле часткі 1 артыкула 14 і артыкула 356 Крымінальнага кодэкса (замах на ўстанаўленне супрацоўніцтва са спецыяльнай службай, органам бяспекі або разведвальным органам замежнай дзяржавы) і прысудзіў да аднаго з паловай гадоў пазбаўлення волі. Судовы працэс праходзіў у закрытым рэжыме.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках