20 красавiка 2024, Субота, 17:51
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Кангрэс ЗША патрабуе ў выведкі звесткі аб ахвярах расейскіх спецслужбаў

Кангрэс ЗША патрабуе ў выведкі звесткі аб ахвярах расейскіх спецслужбаў

Амерыканскія кангрэсмены запатрабуюць даць справаздачу аб выкарыстанні Расеяй «палітычных забойстваў у дзяржаўных інтарэсах».

Кангрэс ЗША запатрабуе ад дырэктара Нацыянальнай выведкі зрабіць «ацэнку выкарыстання палітычных забойстваў як формы дзяржаўнай палітыкі Расеі». Пра гэта гаворыцца ў не сакрэтнай версіі законапраекта аб фінансаванні амерыканскай выведкі на наступны фінансавы год, галасаванне аб якім у палаце прадстаўнікоў чакаецца ў найбліжэйшыя дні, паведамляе РБК.

Згодна з дакументам дырэктар Нацыянальнай выведкі ЗША павінен падаць цягам 180 дзён з дня ўваходжання закона ў дзеянне звесткі (ацэнку) выведвальнай супольнасці аб выкарыстанні «палітычных забойстваў» за перыяд з 1 студзеня 2000 года. Гэтая ацэнка павінна ўключаць спіс расейскіх палітыкаў, бізнэсоўцаў, дысідэнтаў, журналістаў, якія дзейнічаюць або былых дзяржаўных службоўцаў, кіраўнікоў замежных дзяржаў, замежных палітычных дзеячаў, замежных журналістаў, чальцоў некамерцыйных арганізацый і іншых асоб, якія, на думку амерыканскай выведкі, нібыта былі забітыя агентамі расейскіх спецслужбаў .

Акрамя таго, адпаведным камітэтам кангрэса павінны быць пададзеныя наступныя звесткі аб кожнай асобе са спісу забітых: краіна, дзе было ўчыненае забойства; спосаб забойства; задзейнічаныя ў забойстве асобы і арганізацыі, а таксама іншая неабходная інфармацыя.

Цягам апошніх 15 гадоў афіцыйнае абвінавачванне ў забойстве супрацоўнікам расейскіх спецслужбаў было выстаўленае толькі ў адным выпадку. У 2004 годзе ў Катары былі асуджаныя два расейцы, якіх мясцовыя ўлады назвалі супрацоўнікамі ГРУ. Паводле версіі следства, яны ўзарвалі аднаго з лідараў чачэнскіх сепаратыстаў - Зелімхана Яндарбіева, які пражываў у гэтай краіне ў эміграцыі.

У выпадку з гібеллю былога супрацоўніка ФСБ Аляксандра Літвіненкі брытанскія ўлады, якія падазраюць у ягоным забойстве расейцаў Андрэя Лугавога і Дзмітрыя Коўтуна, не гавораць публічна аб датычнасці расейскіх спецслужбаў.

У гісторыях з забойствамі журналісткі Ганны Паліткоўскай, апазіцыйнага палітыка Барыса Нямцова і аўдытара Сяргея Магніцкага афіцыйныя прэтэнзіі Захаду да расейскіх уладаў датычацца неэфектыўных працэдур расследавання і судовага разбору.

У законапраекце кангрэса аб фінансаванні выведкі ёсць яшчэ два пункты, якія тычацца Расеі. У адным з іх гаворка ідзе пра ракетны комплекс Club-K, які прызначаны для размяшчэння ў стандартным кантэйнеры для марскіх перавозак. Амерыканскія заканадаўцы просяць выведку апавясціць, калі стане вядома, што комплекс пастаўлены ва Узброеныя сілы Расеі ці ж перададзены іншай дзяржаве.

У іншым пункце змяшчаецца запыт аб справаздачы на тэму фінансавання Расеяй палітычных партый і НКА ў постсавецкіх краінах і Еўропе ў перыяд з 1 студзеня 2006 года. Прынамсі, дырэктара Нацыянальнай выведкі просяць паказаць, у якой краіне, якую арганізацыю фінансавала канкрэтная спецслужба, а таксама ацаніць магчымыя мэты гэтага фінансавання, сярод якіх вылучаныя падрыў палітычных асноў; нейтралізацыя сістэмы ПРА ЗША і NATO; нейтралізацыя энэргетычных праектаў, якія могуць прадстаўляць альтэрнатыву расейскім пастаўкам.

Кангрэс таксама мае намер папрасіць амерыканскую выведку правесці ацэнку шкоды ад кібератакі; разлічыць суму сродкаў, атрыманых Іранам пасля скасавання санкцый, і спосаб іх выкарыстання; рэгулярна даваць звесткі аб ліку замежных баевікоў, якія прыбываюць у Ірак і Сірыю і якія пакідаюць гэтыя краіны.

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках