29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:53
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Наталля Радзіна: Украінцы недаацэньваюць пагрозу з боку Лукашэнкі

22
Наталля Радзіна: Украінцы недаацэньваюць пагрозу з боку Лукашэнкі
Фота: EPA

Калі колькасць беларусаў, якія падтрымліваюць агрэсію Расеі, вырасце, ва Украіны з'явіцца яшчэ тысяча кіламетраў фронту.

Пра гэта ў інтэрв'ю выданню gordonua.com заявіла галоўная рэдактарка сайта charter97.org Наталля Радзіна. На яе думку, верыць абяцанням Аляксандра Лукашэнкі нельга - ён цалкам залежны ад Крамля.

- Чым, па-вашаму, Беларусь можа быць небяспечнай для ўкраінскага палітыкуму і грамадства?

- Гэта прыклад краіны, дзе парушаюцца правы чалавека, дыктатура і планавая эканоміка. Дзіўна, але ўкраінскія медыі падаюць Беларусь як нейкі эканамічны цуд, а ўкраінскі абывацель упэўнены, што там рай на зямлі. Украінцы ў рэчаіснасці зусім нічога не ведаюць пра жыццё суседняй дзяржавы. Не ўсведамляюць, што нерэфармаваная беларуская эканоміка існуе выключна за кошт расейскіх датацый, крэдытаў, танных нафты і газу. Акрамя таго, украінцы не ведаюць, што ў Беларусі адбываюцца жахлівыя злачынствы супраць чалавечнасці, забіваюць лідараў апазіцыі, у краіне няма ні свабоды слова, ні свабоды сходаў.

Няма важнага разумення, што гэта даволі варожая да Украіны дзяржава. Паводле звестак сацыёлагаў, 60% беларусаў падтрымліваюць дзеянні Расеі на Данбасе і ў Крыме. Гэта адбываецца таму, што на інфармацыйным полі рэспублікі вяшчаюць выключна расейскія тэлеканалы. Аляксандр Лукашэнка прыдушыў усе незалежныя медыі, таму альтэрнатыўнай інфармацыі няма. А беларуская прапаганда мала чым адрозніваецца ад расейскай. Напрыклад, падзеі Еўрамайдана ў Беларусі называюць выключна «дзяржаўным пераваротам». Беларускія СМІ ўзялі на ўзбраенне ўсю рыторыку Расеі. Вядома, градус антыўкраінскі крыху меншы, але сутнасць засталася нязменнай.

Такая сітуацыя, на мой погляд, вельмі небяспечная для Украіны. Бо калі колькасць беларусаў, якія падтрымліваюць дзеянні РФ на Данбасе і ў Крыме, дасягне расейскага ўзроўню, ва Украіны з'явіцца яшчэ тысяча кіламетраў фронту на поўначы. І што асабліва важна, фронту з Расеяй, бо, паверце, ніхто не будзе пытацца ў Лукашэнкі, размяшчаць ці не размяшчаць войскі на тэрыторыі рэспублікі.

- Усё-такі юрыдычна Беларусь - незалежная дзяржава. Іншае пытанне, наколькі яна напраўду самастойная ў сваёй палітыцы?

- Не трэба забываць, што Беларусь уваходзіць у «саюзную дзяржаву» з Расеяй. Пра якую незалежнасць можа ісці гаворка? Так, дэ-юрэ статус асобнай дзяржавы маецца. Але дэ-факта Беларусь - рэгіён РФ. Яе можна смела параўнаць з Крымам, які сёння акупаваны. Лукашэнка толькі робіць выгляд, што ён нібыта геніяльны кіраўнік. Напраўду ён не самастойны палітык. Існуе абсалютная эканамічная залежнасць, энэргетычная, вайсковая (краіна, па сутнасці, - плацдарм Расеі, у нас аб'яднаная з расейскай сістэма супрацьпаветранай абароны), цесна звязаныя сілавыя органы (стала праводзяцца супольныя калегіі МУС, мінабароны). Таму казаць пра нейкую незалежнасці Беларусі проста смешна.

- Калі ацэньваць сітуацыю агулам, наколькі высокая імавернасць таго, што Пуцін скарыстаецца такім зручным плацдармам, як Беларусь?

- Гэта можа адбыцца ў кожны момант. Менавіта таму Пуцін і ўтрымлівае абсалютна прарасейскі рэжым Лукашэнкі.

Украіна тэрмінова павінна ўмацоўваць мяжу з Беларуссю, бо ўвесь час з'яўляецца інфармацыя аб дзеяннях расейскіх вайскоўцаў у памежных рэгіёнах. Напрыклад, ёсць фатаграфіі людзей у расейскай вайсковай форме, праўда, без знакаў адрознення (без пагонаў і шаўронаў). У размове з мясцовымі жыхарамі вёсак Гомельскай вобласці яны спакойна прызнаваліся, што з'яўляюцца расейскімі вайскоўцамі. А на пытанне, што яны тут робяць, спакойна адказвалі: «Рыхтуемся да вайны».

Я потым размаўляла з украінскімі вайскоўцамі з Генштаба, пыталася іх меркаванне з гэтай нагоды. Мне адказалі, што, хутчэй за ўсё, расейцы праводзілі рэкагнасцыроўку мясцовасці на прадмет пераходу мяжы з боку поўначы. Выходзіць, вайсковая пагроза з боку Беларусі абсалютна відавочная.

У Генштабе мяне запэўнілі, што разумеюць узровень небяспекі, але адзначылі, што, на жаль, украінскія ўлады не ўсведамляюць гэтага да канца. Палітыкі аддаюць перавагу не ўдавацца ў падрабязнасці. І мы гэта бачым з іх дзеянняў. Той жа прэзідэнт Пятро Парашэнка ні разу не выказаўся аб тым, што Беларусь - небяспечны сусед. Замест гэтага ён аддае перавагу сустракацца з Лукашэнкам, лабіруе ягоныя інтарэсы на Захадзе - гэта фактычнае прызнанне і падтрымка рэжыму.

У Беларусі размешчаныя дзве расейскія радыёлакацыйныя станцыі, а неўзабаве будзе і абсалютна расейская вайсковая база. Украінскія медыі любяць распавядаць, што Лукашэнка не дапусціць яе будаўніцтва, запратэстуе (ён і сам пра гэта перыядычна выказваецца), але чамусьці ніхто не заўважыў, што міністр абароны Беларусі заявіў, маўляў, рэспубліцы не вельмі патрэбная вайсковая база, затое неабходныя ракетныя комплексы, здольныя ахапіць чатыры базы NATO ў Польшчы. А цяпер падумайце, што больш небяспечнае для Захаду і Украіны - ракетныя комплексы або авіябаза?

- А ЕЗ зусім нядаўна прыпыніў дзеянне санкцыяў у дачыненні да Беларусі. Еўропа думае, што Лукашэнка выправіўся?

- Пасля таго як Расея ўвяла харчовыя санкцыі супраць еўрапейскіх прадуктаў, у многіх краінах паўсталі праблемы са збытам. Лукашэнка дапамог іх развязаць. Прадукцыя пастаўлялася ў Беларусь, мяняліся налепкі з маркіроўкай, і далей тавары накіроўваліся ў РФ як «вырабленыя ў РБ». Так з'явіліся беларускія вустрыцы і ласось, напрыклад (дарэчы, сапраўды гэтак жа едуць у Расею ўкраінскія кандытарскія вырабы). Для многіх палітыкаў у ЕЗ гэта было вельмі важна. Вынік мы бачым - змякчэнне палітыкі Захаду ў дачыненні да рэжыму Лукашэнкі. З яго і ягоных чыноўнікаў знятыя санкцыі, ідуць размовы аб магчымай выдачы крэдыту МВФ. На мой погляд, гэта фактычная здача дэмакратычных прынцыпаў.

Безумоўна, мы ўдзячныя заходнім партнёрам за падтрымку. Але трэба прызнаць, што сёння яна недастатковая. Каб мяняць сітуацыю ў рэспубліцы, патрэбна сур'ёзная зацікаўленасць. Я такой не бачу. На Захадзе таксама ёсць карупцыя і квітнеюць бюракратычныя падыходы. Самае галоўнае для іх, каб у Беларусі ўсё было «стабільна». Але мы разумеем, што стабільных дыктатараў не бывае.

- Вы неаднаразова заяўлялі, што верыце ў магчымасць змены ўлады ў Беларусі. Адкуль такая ўпэўненасць у той час, як многія беларусы кажуць, што і рады б галасаваць за кагосьці іншага, але не бачаць альтэрнатывы?

- На выбарах у Беларусі нічога вызначыць немагчыма. Яны з лёгкасцю фальсіфікуюцца камандай Лукашэнкі.

- Тады як можа адбыцца змена ўлады?

- Толькі так, як ва Украіне. Чаму вы думаеце, што ў нас такое немагчыма? Безумоўна, беларускае грамадства сёння ў больш цяжкім стане, чым ўкраінскае напярэдадні Майдана. У Кіеве нават у часы

Януковіча было прасцей сабраць людзей на Майдане, чым цяпер вывесці людзей на пратэсты ў Беларусі, дзе дыктатура, з татальным кантролем, цалкам знішчанымі незалежнымі СМІ і партыямі. Палітычныя партыі абавязалі падаваць у мінюст спісы сваіх чальцоў з усімі кантактнымі і пашпартнымі звесткамі - хіба хтосьці захоча пасля гэтага далучыцца да апазіцыі? Усе свабоды адсутнічаюць, немагчыма праводзіць агітацыю, у нас нават пікет з трох чалавек нельга правесці - адразу ж рушаць услед рэпрэсіі.

Усякія палітычныя і эканамічныя рэформы для Лукашэнкі - не варыянт, інакш ён страціць уладу. Але цярпенне народа не бясконцае. Нават выбудаваўшы жорсткую сістэму, немагчыма ўтрымаць у абсалютным падпарадкаванні 9,5-мільённы народ. Я ў гэтым упэўненая. Тым больш трэба ўлічваць цяперашнюю эканамічную сітуацыю, якая проста катастрафічная. Гэты фактар як раз і можа стаць каталізатарам працэсаў для змены ўлады.

- А беларусы гатовыя сур'ёзна пазмагацца за свае правы?

- У грамадстве ёсць непрыманне Лукашэнкі. І моцны страх, бо Лукашэнка трымае ўладу узброеным шляхам. У рэспубліцы ў сем разоў больш міліцыянтаў, чым было ў часы Савецкага Саюза. У СССР было 200, а ў сучаснай Беларусі 1400-1500 супрацоўнікаў праваахоўных органаў на 100 тысяч насельніцтва, а яшчэ ёсць розныя спецслужбы акрамя гэтага.

Аднак, я ўпэўненая, што барацьба супраць рэжыму магчымая, проста яна павінна весціся на іншых прынцыпах. Як мінімум, неабходна падполле, дзе лідары руху будуць глыбока засакрэчаныя.

- Як у свой час у Польшчы дзейнічала «Салідарнасць» - з улёткамі, падпольнымі выданнямі, лятучымі ўніверсітэтамі і канспіратыўнай кватэрай?

- Нейкі досвед запазычыць у палякаў сапраўды можна. Але я таксама перакананая, што вырвацца з савецкага лагера ім дапамагла сама гісторыя. Тады Савецкі Саюз рассыпаўся, і проста дамовіліся адпусціць Польшчу, бо ўтрымліваць яе больш не было сіл. Рэсурс трымаць Беларусь пры сабе ў Расеі яшчэ ёсць.

Як журналістка я маю права выставіць прэтэнзіі да сваіх калегаў - мас-медыі ва Украіне недастаткова ўвагі надаюць Беларусі. Зрэшты, як і ўкраінскія ўлады. Яны сёння аддаюць перавагу сустракацца з дыктатарам падчас візіту ў Беларусь, але ігнаруюць апазіцыю, хоць мне здавалася, гэта благі тон.

Мы ўдзячныя арганізацыі «Майдан замежных спраў», які не забывае надаваць увагу Беларусі. Але ў цяперашніх варунках гэтага недастаткова. Праяўляць цікавасць да суседняй краіне, у якой такія праблемы з правамі чалавека і настолькі цесныя сувязі з агрэсіўнай Расеяй, для прадстаўнікоў урадавых і няўрадавых арганізацый, і асабліва для СМІ, проста абавязкова. А сёння тэндэнцыя такая: няма беларускіх СМІ, якія казалі б праўду пра Украіну, і няма ва Украіне медый, якія распавядалі б украінцам праўду пра Беларусь. Гэта катастрофа, бо людзі недаацэньваюць існыя пагрозы.

Няма ўкраінскіх тэлеканалаў, якія вяшчаюць на Беларусь. Затое ў вас транслююць прапагандысцкі канал «Беларусь 24». Калі вы не кажаце праўду аб тым, што адбываецца ў суседняй дзяржаве, калі ў вас свабодна сябе адчувае беларуская прапаганда, а Лукашэнка - самы папулярны замежны палітык, то ў мяне для вас дрэнная навіна: не будзе ва Украіне ніякіх перспектыў і рэальных зменаў. Ваш народ не ведае гісторыі суседняй краіны за апошнія 20 гадоў, глядзіць па тэлевізары «Беларусь 24» і думае: «Навошта нам усе рэформы, вашы Майдан, рэвалюцыі? Вось побач расейскі сатрап, выдатны і квітнеючы, дзе ніхто не ваюе, нікога не забіваюць, і ўсё добра».

Гэтую праблему трэба тэрмінова развязваць. Адкрываць тэлеканалы і FM-радыёстанцыі, якія маглі б вяшчаць на памежныя беларускія рэгіёны і даносіць дакладныя звесткі пра Украіну. Неабходная сур'ёзная інфармацыйная палітыка і падтрымка праектаў, сайтаў, газет, пішучых у Беларусі пра Украіну.

У мінулым годзе Лукашэнка і Парашэнка дамовіліся, што ў РБ будуць трансляваць украінскія тэлепраграмы. Іх дагэтуль няма. А калі б паказвалі хоць бы адзін украінскі канал, стаўленне беларусаў да ўкраінцаў змянілася б. Мы разумеем, у якой складанай сітуацыі вы самі цяпер апынуліся. Але ў вас ёсць міжнародныя партнёры, кажыце ім пра тое, як важна, каб у Беларусі ведалі праўду аб сітуацыі ва Украіне. Ад таго, на чыім баку будзе Беларусь, залежыць, перш за ўсё, стабільнасць і бяспека Украіны.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках