28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Зміцер Бандарэнка: У 2016 годзе ў Беларусі могуць адбыцца радыкальныя перамены

11
Зміцер Бандарэнка: У 2016 годзе ў Беларусі могуць адбыцца радыкальныя перамены
Зміцер Бандарэнка

Крах эканомікі можа прывесці да народных пратэстаў.

Пра гэта ў інтэрв'ю тэлеканалу «Белсат» заявіў каардынатар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь» Зміцер Бандарэнка.

- Лукашэнка другім разам за гэты месяц адправіўся ў Маскву. Экспэрты мяркуюць, што тэма расейскай авіябазы ў Беларусі ды крэдыту $2 мільярды, якія ён хоча атрымаць, цесна звязаныя. Але ў мінулы раз Лукашэнка вярнуўся ні з чым. На вашу думку, ён хоча выкарыстоўваць авіябазу для гандлю?

- Напраўду, мы можам нічога не ведаць. Магчыма, пастанова была прынятая раней. Напрыклад, у 2010 годзе, пасля выбараў, я ўжо ведаў, што ў траўні 2011 года будзе прададзены «Белтрансгаз», таму што сядзеў з людзьмі, якія мне пра гэта распавялі. А журналісты на волі гэтага не ведалі.

Магчыма, пастанова аб авіябазе ўжо прынятая. Бо не дарма Дзмітрый Мядзведзеў даваў гэтую дамову на подпіс прэзідэнту Уладзіміру Пуціну.

- Але крэдыту няма. Атрымліваецца, што Лукашэнка ўжо нічога не можа вытаргаваць у Расеі?

- Мы не ведаем дэталяў: магчыма, ён ужо ў пяць разоў больш завінаваціўся Пуціну і Расеі. Гэта закрытая інфармацыя. Зразумела, што Пуцін выказвае непавагу да Лукашэнкі - «ведай сваё месца». Пра гэта дакладна можна казаць.

- Некаторыя экспэрты сцвярджаюць, што Масква ўжо не ўспрымае Беларусь як раўназначнага партнёра, і што Лукашэнка сам знішчыў магчымасць «хістацца на арэлях» паміж Масквой і Брусэлем. Ці так гэта?

- У Пуціна цяпер няма поля для манеўру, бо кошты нафты могуць быць і ніжэйшыя за 30 даляраў за барэль.

Уявіце сабе: муж хацеў купіць жонцы футра або абяцаў паездку на адпачынак, але не змог праз фінансавы крызіс. А тут прыходзіць сусед і кажа: пазыч чарговым разам на бутэльку. І зразумела, што гэтыя грошы ён ніколі не верне. Тут можа быць такая сітуацыя: «Пра што казаць, Саша - няма грошай ні ў цябе, ні ў нас, навошта ты прыязджаеш? Ратуйся з гэтай сітуацыі сам».

- Вы кажаце, што дакладнай інфармацыі няма. Чаму яе хаваюць?

- Таму што і Пуцін, і Лукашэнка не могуць сказаць наўпрост свайму народу: «Ратуйцеся, у наступным годзе будзе такая сітуацыя, што 1990-ы і 1989-ы здадуцца нашмат найлепшымі, чым тое, што будзе».

Экспэрты сцвярджаюць, што сённяшнія кошты нафты $37 - гэта ўжо ніжэй, чым было ў канцы 1980-х. Таму сітуацыя вельмі цяжкая, а «браты-дыктатары» не могуць гэтага сказаць людзям. Таму яны «надзімаюць шчокі» і спрабуюць давесці, што кіруюць працэсам. А працэсам, па-мойму, яны ўжо не кіруюць.

- Вяртаючыся да тэмы авіябазы: афіцыйна было заяўлена, што гэтая тэма ў Маскве не абмяркоўвалася. Гэта значыць, афіцыйнай пастановы на сёння пакуль няма. Які варыянт, на вашу думку, мог бы задаволіць Крэмль? Колькі ён яшчэ будзе чакаць?

- Гэта звязана з сітуацыяй у Сірыі. Таму што Пуцін улез на Блізкі Усход з адной мэтай: падняць кошты нафты. І выдаткі расейскага бюджэту на гэтую аперацыю проста велізарныя. Але нічога не атрымалася: кошты нафты пайшлі ўніз яшчэ мацней. І можа быць такая сітуацыя, што Расеі будзе не да авіябазы і не да Лукашэнкі.

Мы бачылі, як абмяркоўваўся бюджэт: ужо ў гэтым годзе ён быў скарочаны на 10%, і ідуць размовы пра тое, што ў наступным годзе яго таксама трэба скарачаць. Паколькі выдаткі на «абарону», дакладней, на напад, у Расеі выраслі ў разы - значыць, будуць скарочаныя выдаткі на пенсіі, на медыцыну, на будаўніцтва і гэтак далей.

Лукашэнка хоча думаць, што ён вельмі важны для Расеі, але напраўду ў іх цяпер сітуацыя проста страшная: ім трэба ратаваць свой Далёкі Усход і Поўнач, куды прадукты закідваюцца на месяц наперад.

- Але атрымліваецца, што для нас такая сітуацыя выгадная. Мы сыходзім «у цень» і можам самі развязваць свае праблемы...

- Я слова «мы» ў дачыненні да сябе і Лукашэнкі не ўжываю, бо ён - дыктатар, а я - беларускі грамадзянін, апазіцыянер. Яму, безумоўна, дрэнна, і сітуацыя ў Беларусі можа змяніцца ў 2016 годзе вельмі радыкальна.

- Што гэта можа быць: грамадскія пратэсты або крах эканомікі?

- Крах эканомікі ўжо ёсць і ён будзе прадаўжацца. «Дна» яшчэ не намацалі, як кажуць. Безумоўна, будуць і пратэсты. Сёння беларускі пенсіянер атрымлівае 90-150 даляраў, а кошты вышэйшыя, чым у Польшчы, Славаччыне ці Літве, дзе пенсіі ў разы большыя.

- Але ж пенсіянеры не пойдуць пратэставаць...

- Могуць і пенсіянеры з кульбай пайсці пратэставаць. І тады пачынаецца гульня ў так званы «трышкаў кафтан». Гэта было ў Польшчы ў 1989 годзе, гэта было і падчас «перабудовы»: хочаш дапамагчы пенсіянерам - трэба даць грошы туды, падняліся настаўнікі - ужо трэба даць туды, «сталі» заводы - трэба даць туды. Раскручваецца махавік інфляцыі, і сітуацыю выратаваць ужо нельга.

Таму мой прагноз: 2016 будзе дрэнным для Лукашэнкі і створыць дынамічную сітуацыю для пераменаў у Беларусі, у тым ліку і палітычных.

- Вы згадалі пра пенсіянераў, а літаральна праз тыдзень, з 1 студзеня, сваю працу не змогуць прадоўжыць прадпрымальнікі Беларусі. Ад іх чакаць пратэстаў?

- Вядома. З гэтым сектарам эканомікі звязана амаль 500 тысяч чалавек. Замест таго, каб плаціць падаткі (а ў бюджэце Менска падаткі з ІП калісьці складалі 45-50%), яны самі будуць вымушаныя хадзіць з працягнутай рукой.

Гэта проста ідыятызм з боку сённяшняга кіраўніцтва. Нават у мінулыя часы хапіла розуму не чапаць гандляроў: выжываюць людзі, не просяць нічога ў дзяржавы - і добра. Але сёння хочацца ўсё кантраляваць - вось і давядзецца адказваць і перад прадпрымальнікамі, і перад пенсіянерамі, і перад працоўнымі.

- Напярэдадні гадавіны брутальных падзеяў 19 снежня 2010 года з ініцыятывай падрыхтоўкі Кангрэса дэмакратычных сіл Беларусі выступілі палітыкі Някляеў, Статкевіч, Шушкевіч. Вы падтрымліваеце гэтую ініцыятыву?

- Спачатку з ініцыятывай звярнуліся прадстаўнікі інтэлігенцыі, а потым ужо названыя вамі палітыкі. Падтрымліваю. Падтрымліваю, бо ёсць фактар Станіслава Шушкевіча, чалавека, вядомага ў свеце і які мае вялікую палітычную вагу. І ёсць фактар Мікалая Статкевіча, які сёння стаў сапраўдным лідарам і з якім дэмакратычныя актывісты Беларусі звязваюць свае надзеі на перамены.

- Гэтыя два фактары спрацуюць толькі ў асяроддзі апазіцыі або ва ўсім грамадстве?

- Яны спрацуюць і ў коле апазіцыі, і ў грамадстве, бо грамадства будзе шукаць таго, хто зможа выратаваць сітуацыю і ўзначаліць пратэсты. І гэта спрацуе і за межамі нашай краіны, бо да гэтых людзей ёсць давер і павага.

Напісаць каментар 11

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках