29 сакавiка 2024, Пятніца, 15:06
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Не навагодняе пад Новы год

65
Не навагодняе пад Новы год

Мы нават не ўяўляем, як шмат можам зрабіць.

Апошнім часам я спрабавала растлумачыць сабе, чаму вось ужо 17 гадоў мы, рэдакцыя сайта charter97.org, займаемся тым, што не прыносіць ні славы, ні грошай, ні выгоды ў агульнапрынятым разуменні. Бо шмат хто заняўся ўпарадкаваннем уласнага жыцця, выбраўшы спакойнае ды сытае існаванне.

Мне падаецца, мы проста не ўмеем здраджваць сябрам, перакананням, прынцыпам і марам.

І як бы ні было пуста і брыдка на душы, калі паказваеш слабасць і траціш надзею, урэшце гэтае няўменне здраджваць дапамагае даць рады сабе ды ісці далей.

Калі забілі нашага сябра і калегу Алега Бябеніна, з рэдакцыі сайта charter97.org не сышоў ніводзін чалавек. Хоць, шчыра кажучы, было вельмі страшна, мы не маглі здрадзіць ягонай памяці.

Калі 19 снежня 2010 года амаль усю рэдакцыю арыштавалі, некалькі журналістаў, рызыкуючы ўсім, уцяклі з краіны і працягнулі працу, бо нельга было забываць тых, хто ў турмах.

Калі эміграцыя доўжыцца не паўгода-год, як чакалася, а амаль пяць гадоў, хочацца ўсё кінуць і вярнуцца дадому, але нельга здрадзіць мары, і ты застаешся, бо на волі можаш зрабіць больш.

Надоечы да мяне ў Варшаве падышоў беларускі турыст. Назваўся прадпрымальнікам, сказаў дзякуй за «ўсё, што вы робіце», а потым доўга і грунтоўна распавядаў, што ўсе «ахвяры марныя», бо «беларусы ніколі не ўзнімуцца», «народ не той» ды іншае маркотнае і сто разоў чутае.

Я спытала толькі адно: «А што Вы зрабілі, каб гэта змяніць?»

«У мяне сям'я», - адказаў турыст.

Параіўшы васпану звярнуцца да псіхатэрапеўта, я пайшла.

Ныццё - надакучыла. Моцны мужчына, спраўны прадпрымальнік наважыў, што будаваць новае добрае жыццё за яго павінны іншыя. Хай рызыкуюць Статкевіч, Саннікаў, Лябедзька ці Дашкевіч, а ён пакуль папрацуе на базары, пабудуе дом, купіць самаход і з'ездзіць да мора.

А пра боязь за сям'ю усё сказана ў Васіля Быкава ў «Знаку бяды». І пра апраўданні («Калі б не было дзяцей, я б - ого! Я б збег у лес. А то шасцёра дзяцей, далёка не пойдзеш»), і пра адказ на гэта («Яны ж і будуць цябе ўсё жыццё праклінаць за баязлівасць»).

Я ж таксама не сірата. У пяцігоддзе Плошчы мая мама сказала: «Я ўдзельніца тых падзей». Яна насіла мне перадачы ў турму КДБ, і той вусцішны час забраў у яе шмат сіл і здароўя. Але яна ні разу не папікнула мяне за гэта.

Тут кожны павінен пачаць з сябе. Мы нават не ўяўляем, як шмат можам зрабіць. Я часта езджу ва Украіну і бачу, як звычайныя грамадзяне гэтай краіны чыняць вялікія справы - ратуюць жыцці людзей, перадаючы на фронт грошы, рэчы, медыкаменты, тэхніку, перамагаючы сваімі, здаецца, невялікімі высілкамі агрэсіўную і бяздушную расейскую вайсковую машыну.

У нас, няхай у меншай ступені, у Беларусі гэта было - пасля 19 снежня 2010 года. Калі я выйшла з турмы, то даведалася ад Віктара Івашкевіча, што толькі за дзень з моманту абвяшчэння акцыі салідарнасці з палітычнымі вязнямі на турэмныя перадачы і падтрымку сем'яў рэпрэсаваных здалелі сабраць пяць тысяч даляраў. Да вечара таго дня ў сядзібе Партыі БНФ не было месца, куды ставіць перадачы - каля ўправы стаяла чарга, каб проста зайсці ўнутр і пакінуць пасылку.

Я вельмі ўдзячная ўсім, хто сёлета адгукнуўся на наш заклік і дапамог сайту выжыць, пералічыўшы грошы. Паверце, нават самая невялікая сума - гэта падтрымка. І нікога ж за гэта не арыштавалі, праўда?

Наша нобэлеўскаяі лаўрэатка Святлана Алексіевіч у інтэрв'ю часта паўтарае словы: «Трэба захоўваць у сабе чалавека». А гэта ж сапраўды сёння самае важнае.

Давайце заставацца людзьмі і не здраджваць сабе, сваім сябрам, сваёй мары і сваёй краіне.

Наталля Радзіна, галоўная рэдактарка charter97.org

Напісаць каментар 65

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках