29 сакавiка 2024, Пятніца, 14:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рэжым Лукашэнкі пагражае і Украіне, і краінам NATO

23
Рэжым Лукашэнкі пагражае і Украіне, і краінам NATO
Наталля Радзіна

Беларусь стала крамлёўскім плацдармам для наступу на Еўропу і Украіну.

Артыкул галоўнай рэдактаркі сайта charter97.org Наталлі Радзінай пра ўплыў прапаганды на грамадскую думку ў Беларусі апублікаваў украінскі Цэнтр даследавання войска, канверсіі і раззбраення:

На сёння грамадская думка ў Беларусі аб падзеях ва Украіне з'яўляецца агулам негатыўнай. Галоўная прычына такога стану спраў - гэта тое, што акрамя партала «Хартыя-97» ды іншых нешматлікіх пакінутых незалежных медыя, усё інфармацыйнае поле Беларусі занятае расейскімі СМІ. Як вынік - паводле звестак незалежных сацыяльных апытанняў, амаль 60% беларусаў сёння падтрымліваюць дзеянні Расеі ва Украіне. Зыходзячы з гэтага, на сёння вельмі важна ўплываць на грамадскую думку ў Беларусі. Паколькі, калі колькасць падтрымаўшых дзеянні агрэсара павялічыцца да 80% (што пры цяперашніх тэндэнцыях з'яўляецца цалкам магчымым), Украіна будзе мець дадатковую лінію фронту ў 1000 км, і тады ніхто не будзе пытацца ні Лукашэнку, ні беларускі народ: танкі пойдуць, і беларусы гэтаму не будуць перашкаджаць.

Трэба таксама адзначыць, што выкарыстанне беларускага плацдарму для інфармацыйнага наступу на Еўропу і Украіну з'яўляецца важным кампанентам гібрыднай вайны, у якой Расея дасягнула вялікіх поспехаў. Сёння ёсць каналы распаўсюду інфармацыі, фінансаванне, загады, канкрэтныя тэмы, якія ўяўляюць пэўную пагрозу як інфармацыйнай, так і нацыянальнай бяспекі і Украіны, і краін NATO. І гэта можна фактычна ўважаць за падрыхтоўку беларускага грамадства да крокаў, якія Расея распачала ў Крыму і на Данбасе.

Цяпер для гэтага ідзе падрыхтоўчая фаза: у беларускіх гарадах распаўсюджваюцца расейскія сцягі, актывізавалася дзейнасць беларускага казацтва, якога ў Беларусі, акрамя як акупацыйнага, да гэтага ніколі не існавала; у моладзевых, школьных лагерах дзяцей і падлеткаў вучаць страляць пад расейскім, а таксама пад імперскім трыкалорам. Насельніцтву гэта ўсё падаецца пад ужо звыклым «соусам»: мы адзін народ, у нас адна расейская праваслаўная царква і ў нас агульны вораг - Захад. У якасці свежага прыкладу можна прывесці святкаванне 4 лістапада ў цэнтры Берасця пад расейскімі сцягамі дня яднання Расеі. Гэта значыць, усё тое, што адбывалася раней на тэрыторыі так званай «Наваросіі», цяпер адбываецца і ў Беларусі.

Больш за тое, неабходна адзначыць, што беларускія дзяржаўныя СМІ ў падачы інфармацыі пра Украіну, нічым не адрозніваюцца ад расейскіх. Так, да прыкладу, калі пачаліся падзеі ва Украіне, рэжым Лукашэнкі казаў, што да ўлады прыйшла хунта, фашысты, і што гэта дзяржаўны пераварот. Калі ж улада ва Украіне зацвердзілася, ён адчуў, што яму выгадна супрацоўнічаць з ёй, прынамсі, эканамічна, а калі наважылі праводзіць перамовы ў Менску, была прынятая пастанова выходзіць з гэтым на Захад. Асвятляючы падзеі ва Украіне, такім чынам, у рэжыму была дакладная задача напалохаць беларусаў, што «калі вы выйдзеце на вуліцу, у вас будуць забойствы, таму лепш жыць пры дыктатуры і ў галечы, але стабільна і ў міры». І ў яго гэта атрымалася, прынамсі, дзякуючы таму, што ў Беларусі няма ўкраінскага інфармацыйнага канала, які б распаўсюджваў аб'ектыўную інфармацыю аб тым, што адбываецца ў суседняй краіне.

Таму, для змены сітуацыі ў беларускім інфармацыйным полі на карысць Украіны, сёння вельмі неабходна зрабіць шэраг важных крокаў, напрыклад:

- Дамагчыся ад А.Лукашэнкі абяцанага ў мінулым годзе запуску ў Беларусі ўкраінскага тэлеканала. На сёння гэты тэлеканал не працуе і аб яго запуску гаворка не ідзе. У выпадку ж яго запуску, грамадская думка ў Беларусі аб падзеях ва Украіне будзе змененая;

- Весці падтрымку незалежных беларускіх СМІ, якія аб'ектыўна асвятляюць сітуацыю ва Украіне;

- Арганізаваць украінскае радыёвяшчанне на мяжы з Беларуссю з тым, каб ахапіць хоць бы памежныя вобласці. Да прыкладу, такое радыёвяшчанне на Беларусь арганізаванае з прымежных раёнаў Польшчы.

У той жа час, неабходна адзначыць, што ва Украіне свабодна вяшчае беларускі прапагандысцкі канал БТ-24, які з'яўляецца асабліва прапагандысцкім і цалкам паўтарае расейскую прапаганду. Але ва Украіне гэты выклік сёння чамусьці не заўважаецца.

Аб Менскам працэсе і стасунках з ЕЗ

Што тычыцца ўдзелу Беларусі ў Менскім перамоўным працэсе, то рэжым Лукашэнкі вельмі эфектыўна выкарыстаў яго ў сваіх мэтах. Так, пачатак вайны Расеі супраць Украіны і падача беларускім кіраўніцтвам ініцыятывы аб пасярэдніцтве краіны ў перамоўным працэсе абумовіла прыпыненне еўрапейскіх санкцый з дзейнага рэжыму і тым самым легітымізавала яго. У той жа час, за выбарам Менска стаіць Пуцін, які быў асабіста зацікаўлены ў гэтых перамовах, а рэжым Лукашэнкі толькі эфектыўна выкарыстаў сітуацыю на сваю карысць.

«Менскі манеўр» беларускага дыктатара быў пазітыўна ўспрыняты ў Еўропе, сведчаннем чаго, з'яўляецца прыпыненне на 4 месяцы санкцый супраць дзейнага рэжыму (не выключаецца і перспектыва іх поўнага зняцця). Больш за тое, Беларусь можа атрымаць ад ЕЗ фінансавую дапамогу ў выглядзе крэдыту, якая дазволіць утрымаць на плыву беларускую эканоміку, якая перажывае не найлепшыя часы.

У гэтым кантэксце трэба таксама адзначыць, што адной з прычын збліжэння Беларусі з Еўропай з'яўляецца тое, што праз праблемы з эканомікай унутры краіны для Расеі сёння фінансава цяжка ўтрымліваць Беларусь у тым аб'ёме, у якім гэта вялося раней. Так, да прыкладу, кошты нафты такія ж, як і ў канцы 80-х гг у СССР, пры гэтым, акрамя таго, што расейскі рынак скараціўся, беларускія тавары выбіваюцца адтуль таннымі кітайскімі. Зыходзячы з гэтага, паляпшэнне стасункаў з ЕЗ з'яўляецца нічым іншым, як спробай Беларусі знайсці ў Еўропе новыя крыніцы фінансавання. Пры гэтым не выключана, што выдзеленыя грошы пойдуць не на развіццё эканомікі краіны, а на іншыя мэты. Такі паварот ужо меў месца ў гісторыі. Так, да прыкладу, у свой час, наўзамен на непрызнанне Паўднёвай Асеціі і Абхазіі, А.Лукашэнка атрымаў паслабленне санкцый супраць яго і крэдыт ад МВФ, які ў выніку, быў выдаткаваны на расейска-беларускія вучэнні.

Агулам, нягледзячы на імітацыю руху Беларусі ў Еўропу, сувязь рэжыму Лукашэнкі з Расеяй застаецца, і ў далейшым будзе вельмі цеснай, і ў выпадку неабходнасці, Пуцін, шляхам, да прыкладу, павышэння коштаў нафты і газу, зможа без праблем скарэктаваць як замежную, так і ўнутраную палітыку беларускай дзяржавы.

Аб размяшчэнні вайсковай базы

Пытанне размяшчэння вайсковай базы або іншага расейскага ўзбраення на тэрыторыі Беларусі залежыць толькі ад пастановы Крамля, а перамовы і дамоўленасці, якія будуць суправаджаць гэты працэс, будуць толькі фармальнасцю і «зацярушваннем вока».

Што тычыцца самой перспектывы размяшчэння на тэрыторыі Беларусі названых расейскіх вайсковых аб'ектаў, то на сёння гэта больш чым магчыма. Пры гэтым, улічваючы заявы вышэйшага вайсковага кіраўніцтва краіны, а таксама патэнцыялу беларускага войска, больш рэальным з'яўляецца размяшчэнне не авіяцыйнай базы, а расейскіх ракетных комплексаў. Што тычыцца тыпу ракет, то гэта могуць быць як крылатыя ракеты, якія не падпадаюць пад дзеянне Дамовы аб ліквідацыі ракет сярэдняй і малой далёкасці, так і комплексы «Іскандэр». У кожным выпадку, усё будзе залежаць толькі ад пастановы Крамля. Трэба таксама адзначыць, што ў кантэксце «збліжэння» Беларусі ды ЕЗ, гэты праект сёння максімальна маскіруецца і адцягваецца, паколькі ў адваротным выпадку рэжым А.Лукашэнкі рызыкуе не атрымаць еўрапейскі крэдыт.

Таксама, цалкам відавочна, што размяшчэнне расейскага ўзбраення на тэрыторыі Беларусі будзе накіраванае не толькі супраць NATO, але і будзе з'яўляцца выразным сігналам для Украіны, што яно можа быць выкарыстанае і супраць яе.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках