20 красавiка 2024, Субота, 0:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

На вяселлі ў Асіповічах збілі беларускамоўных гасцей

94
На вяселлі ў Асіповічах збілі беларускамоўных гасцей

Пара віншавала маладых і размаўляла паміж сабой па-беларуску. Некаторым гасцям гэта не спадабалася, і справа дайшла да бойкі.

У рэдакцыю «Беларускага партызана» прыйшоў ліст ад сведкі расправы за беларускасць. На запрошаных на вяселле беларускамоўных гасцей накінуліся за тое, што тыя казалі... на роднай мове.

Гэта адбылося ў ноч з суботы на нядзелю ў Асіповічах, як высветлілася, некаторыя жыхары горада гарой стаяць за «рускі свет без бэнээфаўцаў».

Сведка інцыдэнту распавёў, што адна мясцовая сям'я - «простыя людзі, палітыкай не займаюцца, жонка працуе ў школе, а муж у лясніцтве» - былі запрошаныя на вяселле да знаёмых. Падчас традыцыйнага падзелу каравая яны былі адзіныя, хто павіншаваў маладых па-беларуску, потым за сталом таксама гутарку падтрымлівалі на роднай мове. І быццам бы ўсё было нармальна, але пасля вяселля пачаліся «разборкі».

«Спачатку на жанчыну накінулася цётка нявесты, пачаўшы біць яе сумачкай па галаве, тым часам на мужчыну» звалілася «мужчынская палова жаніха гасцей са стандартным наборам «прад'яўлення»: «Ты што - бэнээфавец?», - распавёў адзін з удзельнікаў гэтай гісторыі.

На шчасце, сур'ёзнай бойкі ўдалося пазбегнуць, але, як падсумоўвае сведка здарэння, знак роўнасці паміж «беларускамоўным» і «ворагам народа» дае падставы да невясёлых разважанняў.

«Радыё Свабода» звязалася з беларускамоўнымі гасцямі вяселля - Марынай і Віталём.

Ніякіх іншых намераў, запэўніваюць маладыя людзі, акрамя як павіншаваць маладых, яны не мелі. І негатыўнай рэакцыі ад іншых гасцей на сваё беларускамоўнае віншаванне зусім не чакалі.

Марына вучыцца ў Менску. Кажа, што ў яе навучальнай установе выкладчыкі гавораць па-беларуску. Нямала сяброў - таксама людзі беларускамоўныя. Калі сяброўка запрасіла яе на вяселле, яна купіла паштоўку на беларускай мове, і яны з мужам наважылі, што віншаваць маладых будуць таксама па-беларуску.

Спачатку, успамінае Марына, былі толькі пытанні пра мову. Агрэсія выявілася, калі вяселле ўжо закончылася:

«Іх закранула, што мы гаварылі на беларускай мове. У іх яна асацыюецца зусім з іншым. Пры чым тут БНФ і апазіцыя? Канфлікту мы пазбеглі, але мы былі ў шоку, што такое магло адбыцца. Пытанні застаюцца: дзе мы адпачывалі і што за людзі вакол нас былі?

Можа, яны ўспрынялі нашы словы як нейкую прапаганду. Але мы ж нават і блізка не казалі, што гэта наша мова і ўсе павінны на ёй размаўляць. Гэта наша пастанова. Мы так захацелі і зрабілі. Мне здаецца, што віной усяму - невуцтва і неадукаванасць. Можа, яны хацелі паказаць, што ведаюць, што ў нас ёсць апазіцыя, што такое БНФ. Але гэта тут было абсалютна ні пры чым».

Муж Марыны Віталь мяркуе: негатыўная рэакцыя на беларускую мову была выкліканая перш за ўсё тым, што яны з жонкай гэтым вылучаліся з агульнай вясельнай кампаніі:

«Усе віншавалі на рускай, а мы пастанавілі не быць такімі, як усе. Таму прычына - што мы адрозніваліся ад усіх. Нам жа на самай справе проста хацелася людзей прыгожа па-беларуску павіншаваць. Хочацца, каб гэта больш было распаўсюджана, каб мы стараліся не забываць сваіх каранёў».

У Віталя вышэйшая адукацыя. Кажа, што ні ён, ні яго жонка да апазіцыі не маюць ніякага дачынення і ніколі не ўдзельнічалі ў палітычных акцыях.

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках