20 красавiка 2024, Субота, 10:43
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Залпавы агонь на мяжы міру

4
Залпавы агонь на мяжы міру

Ці скончылася гэта вайна?

Недарэчнае пытанне. У Мінску падпісана адпаведнае пагадненне. Вызначаны дакладна дата і час спынення агню. Пятнаццатага лютага. Ноль гадзін, ноль-ноль хвілін. Астранамічная дакладнасць. Запомніцца надоўга. Тым болей, што гэта ўсё ўжо ў мінулым. Еўропа пайшла далей, з трывогай азіраючыся на прастору нядаўняй вайны.

Дык што там, сапраўды – доўгачаканая цішыня?

У нядзелю зранку на тэлеэкранах з’явіўся нейкі самаабвешчаны начальнік у камуфляжы. І водзячы пальцам па паперцы, прадэкляраваў, што ў тэксце пагаднення нават не ўзгадваецца Дэбальцава. Увогуле там гэткага слова няма. А ў такім разе яны будуць страляць.

Еўропа стамілася ад войнаў і тэрору. Яна прагне цішыні. Дзеля трывалага міру гатова на ўсё. Калі тое нядорага каштуе. Вось толькі хто паверыць, што адна бяссонная ноч чатырох палітыкаў – гэта сапраўдная цана трывалага міру на ўсходзе Украіны.

Няўжо на тых перамовах Пуцін быў такі рахманы і памяркоўны? І варта было прэзідэнту Аланду і канцлеру Меркель яго крыху паўшчуваць, як той адразу пачырванеў і засаромеўся. Загадаў адразу ўсе танкі, гарматы і сістэмы залпавага агню адвесці далёка ад лініі сутыкнення. Каб нават выпадкова пасля вызначанай даты сакральную цішыню не парушыць. У які цудоўны час мы жывем, панове! Як проста вырашаюцца ўсе канфлікты. Асабліва ўначы. Тым болей, у Мінску.

Шкада толькі, што сепаратыст ў камуфляжы, які ў першы дзень абвешчанага міру зацята шукаў у тэксце пагаднення ключавое слова “Дэбальцава”, а потым і ўвогуле паабяцаў ўзяць штурмам Харкаў і Марыўпаль, зусім не ўпісваецца ў цудоўную еўрапейскую пастараль. А з ціхмяным таварышам Пуціным – яшчэ цяжэй.

У той самы дзень з зоны канфлікту прыходзілі трывожныя паведамленні. На розных участках адзначалася інтэнсіўная страляніна. Тэлебачанне паведамляла пра назіральнікаў АБСЕ, якіх баевікі не прапусцілі ў Дэбальцава. А ў другой палове дня з’явілася інфармацыя, што на вышэйзгаданым напрамку зафіксаваны ўжо 42 абстрэлы і 4 спробы наступу на ўкраінскія пазіцыі. Раніцай наступнага дня журналіст “Новай газеты” Павел Каныгін, які знаходзіўся ў зоне канфлікта, паведаміў па тэлефоне, што на Дэбальцаўскім плацдарме ідзе звычайная вайна. Баевікі падцягнулі рэзервы і перайшлі ў наступ.

Вельмі падобна на тое, што лёсавызначальная ноч у Мінску парадзіла залішне аптымістычныя спадзяванні. Міністр замежных спраў Францыі паведаміў журналістам, што размова з Пуціным у Мінску была вельмі жорсткай. Слова “федэралізм”, на якім так настойваў расійскі бок, у афіцыйных тэкстах нават не ўзгадваецца. Сапраўды, якое дасягненне! Але ж і слова “агрэсар” таксама нідзе не з’явілася. І пра найноўшыя віды расійскага ўзбраення, якім напампавана зона канфлікту, таксама нідзе ні слова. А цынічна захоплены Крым увогуле адляцеў у вырай. Нічога не скажаш – вытанчаная еўрапейская далікатнасць. Здаецца, усё гэта ўжо дзесьці было. З наступствамі вельмі сумнымі.

Пуцін не любіць, калі ўзгадваюць Мюнхен трыцаць восьмага года. Але што ж рабіць, калі гісторыя паўтараецца з такім неверагодным падабенствам. І з тымі ж недаравальнымі памылкамі, выпраўленне якіх запатрабавала ў свой час проста жахлівую цану.

Ніякіх аналогій. Толькі прыкрыя факты колішняй дыпламатычнай далікатнасці.

У тую восень сустрэліся чацвёра – Даладзье, Чэмберлен, Мусаліні і Гітлер. Дасведчаныя і дальнабачныя прадстаўнікі Францыі і Англіі паспрабавалі шляхам саступак агрэсару і правакатару усталяваць у Еўропе трывалы мір.

Гітлеру вельмі хацелася прадэманстраваць свайму электарату рашучасць і непахіснасць. І нагода з’явілася ўнікальная. У Чэхаславакіі, не без дапамогі прагнага суседа, ўсхваляваліся раптам Судзеты – правінцыя з пераважна нямецкім насельніцтвам. Як жа тут было не падаць руку дапамогі пакрыўджаным землякам? Аналогія з “русским миром» проста напрошваецца. І логіка адпаведная.

Людзі імкнуцца жыць поўнавартасным жыццём фатэрлянда. А ў такім выпадку іншых шляхоў, акрамя аншлюса, няма і быць не можа. Пра што і паведаміў фюрэр у Мюнхене сваім высокапастаўленым суразмоўцам. Сапраўды, што ім рабіць у гэткім выпадку?

Аднак ваенная прамысловасць Чэхаславакіі была на той час найлепшай ў Еўропе. Краіна мела добра падрыхтаванае войска. І з дапамогай суседзяў нахабнаму яфрэйтару маглі б вярнуць усведамленне рэальнысці.

Але у такім выпадку – вайна. Хто ж такое мог бы сабе дазволіць? Мір у Еўропе за ўсё даражэй. Чэхаславацкаму ўраду проста выкруцілі рукі. Гітлеру аддалі тое, чаго ён дамагаўся. Мір і спакой Еўропе вярнулі. Праз год атрымалі Другую сусветную вайну.

А ў тыя вераснёўскія дні эўфарыя была ўсеагульнай.

Хіба толькі Уінстан Чэрчыль не дазволіў сабе далучыцца да неагляднай радасці наіўных. Ужо на трэці дзень пасля той падзеі ён кінуў гэтыя змрочныя словы: “Англіі быў прапанаваны выбар паміж вайной і ганьбай. Яна выбрала ганьбу і атрымае вайну”.

Сення таксама аптымістычны настрой пануе на кантыненце. Старая дылема вырашаецца проста. Чорт з ім, з тым Крымам. Няхай гарыць Данбас – рана ці позна Мінскае пагадненне спрацуе. Еўропа выбірае мір на паперы. І ўсе аналогіі з мінулым недарэчныя і некарэктныя. Палітыкаў ўзроўню Уінстана Чэрчыля днём з агнём не знайсці. І ніхто не наважыцца сказаць еўрапейскім канфармістам словы, якія ён мог сабе дазволіць.

Іншы час. Іншыя людзі.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках