28 сакавiка 2024, Чацвер, 17:13
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Юрый Шаўчук: Тыя, хто зладзіў вайну паміж брацкімі народамі, - проста казлы

40

Гурт «ДДТ» ладзіў у «Менск-Арэне» канцэрт цягам дзвюх з паловай гадзін.

Лідар і адзіны нязменны ўдзельнік гурту «ДДТ», ён жа сумленне расейскага року, ён жа «Юра-музыка» пачаў канцэрт з перформансу. Узяўшы мікрафон, Юрый Шаўчук пайшоў у народ, выконваючы песню-верш «Правадыр» з галоўнай думкай: «Не, не рабы мы», піша «Салiдарнасць».

Публіка, здалося, спачатку крыху разгубілася, але затым зразумела, што такі шанец выпускаць нельга. Хтосьці палічыў патрэбным падтрымаць музыку, дакрануўшыся да ягонага пляча, хтосьці здымаў Шаўчука на смартфон, хтосьці проста пляскаў у далоні.

У першай частцы канцэрта «аркестр ДДТ» выканаў праграму, якая складаецца з апошніх двух альбомаў гурту, «Інакш» і «Празрыстая», якія паводле стылістыкі кардынальна адрозніваюцца ад ранняй і ўсім вядомай творчасці Юрыя Шаўчука.

Перад выкананнем адной з песень музыка пацікавіўся ў публікі: «Хто тут адчувае ў сабе рэальнасць?». У зале пацягнуліся горы рук, на што Шаўчук пажартаваў: «Нямала цвярозага народу прыйшло. Добра».

Але чым гледачы сапраўды былі здзіўленыя, дык гэта шырокім жэстам лідара «ДДТ», які дазволіў бэк-вакалістцы, фолк-спявачцы Алене Раманавай выканаць некалькі расейскіх народных песень.

Далей усё пайшло нашмат энэргічней. Канчаткова публіку страсянуў стары хіт «Ты не адзін». З трыбун панеслася: «Юра, давай!». І 57-гадовы лідар «ДДТ», трэба сказаць, «даваў», таньчыў на сцэне, як у маладыя гады.

І, вядома, многія дачакаліся ад вядомага пацыфіста слоў у падтрымку міру ў суседняй краіне.

- Хлусіць не будзем - цяжкія часы перажываем. Няхай жыве мір ва Украіне! - заклікаў музыка. А затым працягнуў: - Тыя, хто зладзіў вайну паміж брацкімі народамі, - проста казлы. Міру Беларусі і Украіне! За мір, хлопцы!

Падзяліўся Юрый Шаўчук і ўражаннямі ад Менска:

- Мы так даўно не былі ў Менску. Як усё змянілася! Прыгожы горад. Толькі тут, стоячы сёння каля акна гатэля, паліў і назіраў, як маладзёны ходзяць, трымаючыся за рукі. Такога я нідзе не бачыў - толькі ў Менску.

Не пераставаў лідар «ДДТ» і жартаваць:

- Ну як, хлопцы, на пазітыве? Ці не вельмі? Вось нашы калегі кажуць (не магу ўтрымацца), якія - папса: «Чувак, будзь на пазітыве, не бачу вашых ручак - ручкі, ручкі!». Ну які гэта пазітыў? Заўсёды казаў, што пазітыў - гэта калі ўсё згарэла, заробак, жонка, лядоўня, і ты прыцяўся ілбом да ўсіх сцен свету, і здаецца, што ўжо няма надзеі, «ну як жыць далей?». І, з другога боку, тут думка: «Юра, а жыццё ж класная штука!». Вось гэта пазітыў. Раю не сумаваць і біцца за сваё дабро і сэрца.

Калі канцэрт наблізіўся да двухгадзіннай адзнакі, Шаўчук стаў закругляцца:

- Дзякуй, сябры, што не пашкадавалі грошай у гэтыя суровыя дні і падзялілі з намі гэты вечар! Ад усяго сэрца - дабра, міру, усяго самага добрага!

Але не тут тое было. Музыкаў выклікалі на біс. Хіты «Не страляй!», «Вясна», «Гэта ўсё» і многія іншыя людзі спявалі, як цяпер пішуць, у рэжыме караоке.

Напісаць каментар 40

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках