20 красавiка 2024, Субота, 17:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Францкевіч выйшаў на свабоду пасля 25 дзён арышту

2
Аляксандр Францкевіч выйшаў на свабоду пасля 25 дзён арышту

З турмы на Акрэсціна пасля 25 дзён выйшаў на волю былы палітвязень Аляксандр Францкевіч.

Актывіста вывезлі ў міліцыю Першамайскага раёна. "Гэта каб мяне не адразу знайшлі маці і сябры", - пажартаваў Аляксандр Францкевіч падчас тэлефоннай размовы з журналістам "Радыё Свабода".

Ён кажа, што гэта збольшага была звычайная адседка, толькі занадта доўгая. Адрозненне хіба ў тым, што да вязня прыходзілі аператыўнікі.

"Як заўсёды. У нашай краіне нічога не змяняецца, можа толькі горш стаць, напэўна. Прыходзілі да мяне аператыўнікі, хацелі пагаварыць наконт адной акцыі анархістаў, якая праходзіла ў Менску, але ў мяне не было жадання з імі мець стасункі, размова не склалася. Прыходзілі да мяне з Ленінскага РУУС", - распавёў актывіст.

На гэты раз Францкевіч сядзеў з алкаголікамі, некаторых адправілі ў ізалятар таму, што пасварыліся з участковым. Харчаванне было дрэннае, але выставілі рахунак - больш чым на 2 мільёны рублёў. Перадачы перадавалі, а вось пошту ён атрымаў не ўсю.

"Не аддалі лісты маёй дзяўчыны, хоць дакладна ведаю, што яна мне пісала. Магчыма, даследуюць іх, не ведаю, што яны там у КДБ з імі робяць. Перадавалі ваду, прадукты, якія могуць хутка сапсавацца, газеты, часопісы. Выводзілі на праменад, у камерах было досыць цёпла, але цяпер не зайздрошчу тым, хто туды патрапіць. Бо заканчваецца ацяпляльны сезон, і там будзе вельмі холадна, пакуль не пацяплее на вуліцы", - сказаў ён.

2 лютага а 16.00 на працу да Аляксандра Францкевіча прыйшлі супрацоўнікі органаў унутраных спраў. Прычынай затрымання могуць быць акцыі, праведзеныя нядаўна актывістамі анархісцкага руху, а таксама фатаграфіі, апублікаваныя ў інтэрнэце супраць адвольных затрыманняў. Актывіста арыштавалі на 25 дзён.

Аляксандр Францкевіч быў прызнаны палітвязнем пасля таго, як у траўні 2011 года яго асудзілі паводле так званай "справы анархістаў" да трох гадоў пазбаўлення волі. У пачатку верасня 2013 года ён выйшаў на волю.

Гэта не першае затрыманне былога палітвязня пасля вызвалення. У мінулы раз Аляксандра Францкевіча арыштоўвалі ў траўні падчас чэмпіянату ў хакеі. Таксама нібыта за нецэнзурную лаянку і непадпарадкаванне супрацоўнікам міліцыі.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках