28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:30
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Станіслаў Шушкевіч: Расея імкліва скочваецца да фашызму

16
Станіслаў Шушкевіч: Расея імкліва скочваецца да фашызму

Спіс забітых лідараў апазіцыі ў Расеі можа пашырыцца.

Першы кіраўнік незалежнай Беларусі Станіслаў Шушкевіч пракаментаваў забойства Барыса Нямцова ў інтэрв'ю «Радыё Свабода».

«Я шмат разоў сустракаўся з Барысам Нямцовым: і калі ён быў віцэ-прэм'ерам, і калі ён быў вельмі блізкім чалавекам да Ельцына, і пасля таго. Апошнім разам мы бачыліся ў Вільні недзе год таму. Я яго, магу шчыра сказаць, добра ведаю. Гэта сумленны, прыстойны, годны чалавек. Таму ў сувязі з гэтым неабходна падкрэсліць адно: адбываецца тое, што і павінна адбывацца ў фашысцкай дзяржаве. Расея пачала надаваць надзвычай слабую ўвагу бяспецы ўласных грамадзян, а займаецца замежнымі правакацыямі, замежнымі заваёвамі, і ўсе яе сілы, якія павінны гарантаваць бяспеку грамадзян, мабілізаваныя на гэта.

Успамінаю, хто ў Расеі загінуў з ліку маіх знаёмых, добра вядомых людзей: Галіна Старавойтава - з яе пачалося, Ягор Гайдар фактычна быў атручаны і рана памёр, пасля Сяргей Юшанкоў, а цяпер і Барыс Нямцоў. Я не здзіўлюся, калі гэты спіс будзе працягнуты. Дарэчы, Барыс Нямцоў пісаў неяк зусім нядаўна: ён чакае, што Пуцін яго заб'е. Вось і дачакаўся», - распавёў Шушкевіч.

- Відавочна, расправіцца з кожным не так і складана: усе апаненты Крамля добра вядомыя.

- Ведаеце, гэта толькі вядомыя лічаныя людзі, прыкметныя. Астатнія проста не маюць ніякай магчымасці быць раскручанымі ў сілу фактычнай манапалізацыі мас-медыя. Амаль такі ж, як і ў Беларусі. Таму, так, прыкметных асоб няшмат. І Нямцоў - як раз з такіх палітычных зорак, з тых, хто свядома змагаўся, хто мае вялікі досвед. Тое, што ён зрабіў, калі быў губернатарам ў Ніжнім Ноўгарадзе, мала каму ўдалося зрабіць у Расеі.

Я добра яго ведаў: ён фізік па адукацыі, кандыдат навук, паспяхова займаўся палітыкай. Такія людзі небяспечныя для сённяшняга Крамля, і Крэмль іх знішчае. Ніхто іншы гэтым не займаецца. Крэмль, альбо тыя, хто сімпатызуе бандыцкім дзеянням крамлёўскай палітыкі. Я ж кажу: яны займаюцца Луганшчынай, займаюцца Данеччынай, ім няма калі абараняць сваіх грамадзян. Таму што яны займаюцца расейскім бандытызмам за мяжой, займаюцца Крымам, чым заўгодна, а пра сваіх людзей даўно ўжо забыліся. Зрэшты, калі б Нямцоў не быў такім вядомым, то і мы не ведалі б, што ён загінуў. І я думаю, што там гіне не адзін такі, як ён. На жаль, Расея імкліва скочваецца да нэафашызму, гэта абсалютна і адназначна зразумела.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках