28 сакавiка 2024, Чацвер, 18:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Далёкія сябры апошняй дыктатуры

12
Далёкія сябры апошняй дыктатуры

Аднойчы правіцель прызнаўся, што ў яго няма сяброў. Такі вось адметны лёс выключнай асобы.

І здзіўляцца гэткай акалічнасці не выпадае. Варта хіба што зірнуць на ягонае бліжэйшае атачэнне, і ўсё будзе зразумела. Сапраўды, з кім тут сябраваць?

Лёгка жыць чалавеку простаму. Пасядзеў з выпадковым сустрэчным за пляшкай, і калі ласка – найлепшы сябар. Ва ўсякім разе, у гэты момант. А на высокай пасадзе нельга. Статус абавязвае. І калі асоба неадпаведная спрабуе перайсці дазволеныя межы, лепш адразу надаць сабе выгляд велічны і нават самыя шчырыя парыванні спыніць рашуча. Аднойчы і назаўсёды.

Па старой наменклатурнай традыцыі сяброў тутэйшае кіраўніцтва звычайна заводзіла ў Маскве. Перспектыўна і надзейна. Аднак часы даўно не тыя. І людзі зусім іншыя. Ельцын быў стары і кіраваў нядоўга. А з Пуціным увогуле нейкая нявыкрутка. Чакісты – народ непрадказальны. Столькі высокіх слоў было сказана на ягоны адрас – не на кожным юбілеі пачуеш. І пра тое, што ён старэйшы брат і найлепшы сябар. І што беларусы – тыя ж рускія, хіба што са знакам якасці. Слухаў, прымаў да ведама. А потым агаломшыў: “У такім разе ўваходзьце ў склад Расіі шасцю губерніямі!”

Адзінота здавалася амаль што неадольнай. Аднак прыйшло на дапамогу ўласнае Міністэрства розных там замежных спраў. Парадавала прыемнай весткай – у Мінск з афіцыйным візітам чакаецца кароль.

І ён прыехаў. Гудвіл Эвілітіні каБекузуму, кароль зулусаў. Візіт быў надзвычай удалым. Ваяры з каралеўскай світы мільгацелі перад тэлекамерамі з баявымі лукамі. А высокія бакі ў атмасферы поўнага ўзаемаразумення дамаўляліся аб адкрыцці ў беларускай сталіцы зулусскай амбасады. Хадзілі потым чуткі, што яго вялікасць нават прыхапіў для афрыканскай глыбінкі некалькі тутэйшых трактароў. Аднак шчырае сяброўства з найяснейшаю асобаю чамусці не зладзілася.

Сапраўдная ўдача завітала потым. Саддам. Муамар. Незабыўны Уга. Якія былі хлопцы! І час быў адпаведны. Шалёныя палёты ў Багдад. Прарыў ў Венесуэлу. Паходныя шатры Муамара на стратэгічным тутэйшым газоне. У калідорах улады ўсур’ёз запахла нафтай. І ўжо набываў выразныя абрысы пагрозлівы трохкутнік непахісных аднадумцаў – з паўднёвымі сябрамі ў аснове і вяршыняю на поўначы, у Драздах. Назло Вашынгтону ды розным еўрапейскім нядобразычліўцам.

Бязлітасны час змарнаваў усе спадзяванні. І зноў даводзіцца ісці да таго ж Пуціна. З працягнутай рукой і пустой каністрай. А інакш куды падзецца? На зялёных палях Беларусі ненавісная амерыканская зеляніна, на жаль, не расце. І еўрыкаў чамусьці не відаць. Гойсаюць уласныя зайцы, ды і тыя аднойчы могуць знікнуць. Неспрыяльная прырода. Зона рызыкі. Поўны сабатаж мадэрнізацыі.

І колькі ні стварай новых міністэрстваў, колькі не пладзі чыноўнікаў, нічога тут па сутнасці не зменіцца. Валютны дэфіцыт. Жахлівыя даўгі. І неадольны крызіс. Адным словам, змрок і безнадзейнасць. Дваццаць год пры ўладзе, а вынікі міэрныя. Здаецца, самім лёсам яму наканавана боўтацца бязладна ў вузкай прасторы паміж Назарбаевым і ўсё тым жа Пуціным.

Але менавіта ў самы цяжкі час можа ўсё змяніцца нечакана. Бліснула раптам прывабнае святло з Усходу. Усё тое ж недаацэненае Міністэрства, якое зладзіла калісьці высокі афрыканскі візіт, зноў парадавала кіраўніцтва гарачай навіной. Да нас едзе…

Не, гэтым разам ніякі не кароль. Высокі госць з Пхеньяна. Міністр замежных спраў КНДР Лі Су Ён. З сяброўскім прывітаннем ад самога Кім Чэн Ына. Той прыехаць пакуль не можа. Самалётам не давярае, а бронецягнік правадыра падрыхтаваць не проста. Трэба назапасіць харч у далёкі шлях. Загрузіць басейн з камсамолкамі. І гнаць на ўсіх парах праз неаглядную Сібір. Дарога небяспечная. Войскі Калчака. Басмачы. Банды Антонава. Марсіяне ды рознага кшталту зялёныя чалавечкі. Лепей пачакаць.

Але і без таго візіт прайшоў на вышэйшым узроўні. Амаль супалі светапогляды бакоў. Узаемаразуменне поўнае. Сяброўства прарасло, нібы зярнятка рысу. Зноў мы не адны ў гэтым незразумелым свеце. А таму прымаць высокага госця было даручана не толькі адпаведнаму міністру, але нават і кіраўніку тутэйшага ўрада. І ў ягонай прывітальнай прамове праслізнула раптам загадкавая думка. Нібыта ў гандлева-эканамічных стасунках Беларусі і Паўночнай Карэі ёсць “большой незадействованный потенциал”. Калі гэта не звыклае чынавенскае словаблуддзе, то што мелася на ўвазе?

Няўжо гэтыя людзі настолькі наіўныя, што спадзяюцца з дапамогай паўночных карэйцаў разгрузіць свае складскія завалы? У іх жа ўсё сваё. Нават ёсць трактар “Чхоліма”, якім яны вельмі ганарацца. Але ўявім сабе, што ўсё пайшло ў адпаведнасці з урадавай задумай і новыя браты пры дапамозе паветраных змеяў ды іншых прыстасаванняў вывезлі ў далёкі край тутэйшае багацце. А чым яны расплоцяцца са сваім шчодрым крэдыторам? Валютай? Гарэлкай са змяёй? Або сваім нацыянальным скарбам – ідэямі чучхе? Але ж ідэі чучхе у нас свае, драздоўскія. Толькі назва іншая – импортозамещение. А вынік будзе той жа, паўночнакарэйскі.

З госцем развіталіся і пра гэты недарэчны казус правінцыйнай дыпламатыі можна было б нават і не ўзгадваць. Калі б не адна акалічнасць. Той жа міністр, які забяспечыў збліжэнне тутэйшага рэжыму з рэжымам далёкаўсходнім, рыхтуе старанна чарговы візіт правіцеля. І зусім не ў Пхеньян. Як не дзіўна, у Рыгу - на саміт. І хто цяпер наважыцца сказаць, што ён невыязны?

Праблема ў тым, што Еўропа таксама ўпарта шукае сяброў на Ўсходзе. І здаецца, ужо знайшла. Ва ўсякім разе, аднаго. Пасля незабыўнай міратворчай ночы ў Цал Дір Біе, калі правіцель здолеў уручыць свой сціплы букецік самой спадарыні Меркель, стаўленне да яго прыкметна змянілася. Пачаліся нават размовы, што ніякі ён не дыктатар. А зусім наадварот – кавалер і дэмакрат, які толькі і марыць уцячы з-пад уплыву Масквы. І прэзентацыя яго ў гэтай фантастычнай ролі можа адбыцца на тым рыжскім саміце.

Смяротнае пакаранне, якое тут ніхто адмяняць не збіраецца, і правы чалавека на ўзроўні Зімбабве - зусім не перашкода, а толькі тутэйшая нацыянальная адметнасць. А палітзняволеным Беларусі можна будзе выказаць ад імя Еўразвязу чарговае спачуванне.

Як заўсёды, шчырае.

Уладзімір Халіп, спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках