19 красавiка 2024, Пятніца, 14:36
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Старшыня калгаса пад Гомелем збіў трактарыста

80

Пасля пагроз падаць заяву ў міліцыю, трактарыста спрабавалі задобрыць матэрыяльнай дапамогай і адпачынкам.

У панядзелак увечары, 16 сакавіка ў вёсцы Страковічы Гомельскага раёна адбыўся канфлікт. Пра гэта charter97.org паведаміў чытач.

«Трактарыст Віктар Масько (на фота) адправіўся з сябрам па асабістых справах на сваім аўто ў бок фермы. На паўдарозе іх абагнаў аўтамабіль, за стырном якога быў старшыня калгаса Антон Савінскі, які запатрабаваў спыніцца. Разам са старшынём у аўтамабілі сядзеў галоўны аграном прадпрыемства Аляксандр Гвоздзь.

Абодва самаходы спыніліся, старшыня запатрабаваў адкрыць багажнік, бо быў упэўнены, што трактарыст вёз скрадзенае паліва. Але ў багажніку нічога не было. Тады старшыня калгаса сказаў сябру трактарыста з'язджаць, а трактарысту - застацца. Затым рушылі ўслед абвінавачванні: старшыня на падвышаных тонах спрабаваў даведацца, колькі трактарыст «прапіў саляркі», пасля чаго рушылі следам удары - спачатку ў твар, а потым, калі трактарыст ўпаў, біў ужо нагамі. За ўсім гэтым назіраў галоўны аграном.

Са слоў пацярпелага, яму было нанесена 15-20 удараў, пасля чаго старшыня калгаса пачаў лазіць у яго па кішэнях.

Трактарыста пакінулі ляжаць на дарозе і з'ехалі. Ён праляжаў там яшчэ блізу 15 хвілін, за гэты час, паводле ягоных слоў, ён разоў дваццаць спрабаваў датэлефанавацца ў «хуткую», але беспаспяхова, таму ён набраўся сіл і сам дабраўся да фермы, дзе яму дапамаглі дабрацца дадому.

Віктар Масько

У аўторак раніцай трактарыст не з'явіўся на працу. Старшыня калгаса заявіўся да яго дадому высветліць, чаму той «прагульвае» і запатрабаваў выйсці на працу. Трактарыст сказаў, што ў яго ўсё баліць - і збіццё паўтарылася.

У сераду аб здарэнні даведаліся сваякі Віктара, якія пражываюць у Светлагорску. Абураныя гэтым беззаконнем, яны адправіліся да старшыні калгасу. Зяць трактарыста Віталь сказаў, што старшыня калгаса спачатку параіў не лезці не ў сваю справу, а потым, калі яго прыстрашылі заявай у міліцыю, пагадзіўся выдаць трактарысту і матэрыяльную дапамогу, і ў лякарню адвезці, і нават даць адпачынак.

Трактарыст Віктар Масько прапрацаваў у калгасе 29 гадоў, з 1986 года і з'яўляецца ліквідатарам ЧАЭС. Ён сцвярджае, што старшыня калгаса ўжываў сілу не ўпершыню і не толькі ў дачыненні да яго - напрыклад, на мінулым тыдні, паводле ягоных слоў, ён «трос за каўнер Віктара Сазарова», а людзі кажуць, што ён нават камусьці пагражаў нажом», - распавёў чытач.

Як стала вядома charter97.org, сваякі трактарыста, нягледзячы на пагрозы і ўгаворы, усё ж такі падалі заяву ў міліцыю.

Напісаць каментар 80

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках