20 красавiка 2024, Субота, 0:58
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Аляксандр Макаеў: Прадпрымальнікі ў шоку

5
Аляксандр Макаеў: Прадпрымальнікі ў шоку

Беларускія ўлады правакавалі прадпрымальнікаў на парушэнні ўказу №222, заклікаючы працаваць з 1 сакавіка без дакументаў.

Аднак большасць прадпрымальнікаў Менска (блізу 80%) не павяліся на прынаду, кінутую беларускімі чыноўнікамі 28 лютага. Намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты заявіў, што да падпісання канчатковай версіі ўказа кантралюючым органам дадзеная ўстаноўка не ўжываць ніякіх захадаў адміністрацыйнага ўздзеяння да ІП пасля 1 сакавіка: «Усе могуць працаваць у спакойнай абстаноўцы».

1 сакавіка ў індывідуальных прадпрымальнікаў - плацельшчыкаў адзінага падатку скончыўся тэрмін, адпушчаны на рэалізацыю рэшткаў прадукцыі легпрама, увезенай з краін МС без дакументаў, якія пацвярджаюць набыццё і паступленне гэтых тавараў. За гандаль без дакументаў ІП пагражаюць штрафы і канфіскацыі.

Большасць менскіх рынкаў і гандлёвых цэнтраў прыпынілі сваю працу. А прадпрымальнікі абмяркоўвалі свой далейшы лёс. Спроба сабрацца на Кастрычніцкай плошчы Менска не ўдалася, аднак на рынку «Ждановічы» прадпрымальнікам не перашкаджалі думаць - што рабіць далей.

Падрабязнасці «Беларускай праўдзе» распавёў лідар Каардынацыйнага савета прадпрымальнікаў Менска Аляксандр Макаеў.

- 1 сакавіка прадпрымальнікі не выйшлі на працу. З 1 сакавіка, згодна з указам №222, індывідуальныя прадпрымальнікі абавязаныя мець накладныя і сертыфікаты на прадукцыю лёгкай прамысловасці, увезеную ў Беларусь з тэрыторыі Мытнага саюза. Без праблем могуць працаваць прадпрымальнікі, якія працуюць паводле спрошчанага падаткаабкладання, і ІП, якія набываюць тавар паводле безгатоўкавага разліку - але такіх прадпрымальнікаў усяго блізу 20% ад агульнай колькасці ІП, якія працуюць на рынках.

Абсалютная большасць прадпрымальнікаў у шоку. 28 лютага прадпрымальнікі, заклапочаныя сваім лёсам, пачалі стэлефаноўвацца паміж сабой і дамаўляцца пра сустрэчу на Кастрычніцкай плошчы Менска 1 сакавіка а 12-й гадзіне. Ніхто не арганізоўваў прадпрымальнікаў; сітуацыя выйшла з-пад кантролю ўладаў, а прадпрымальнікі апынуліся перад пагрозай страты працы. Аднак 1 сакавіка Кастрычніцкая плошча апынулася ў ачапленні міліцыі, АМАПу, гэбістаў. Таму прадпрымальнікі на плошчу не пайшлі, каб не падстаўляцца.

Паралельна на рынку «Ждановічы» праходзіў сход прадпрымальнікаў. Напярэдадні намеснік міністра эканомікі Дзмітрый Круты, Аляксандр Калінін заклікалі прадпрымальнікаў выходзіць на працу, не баючыся санкцый: «Усе могуць працаваць у спакойнай абстаноўцы». Я ўпершыню назіраю такі прававы нонсэнс: улады заклікаюць прадпрымальнікаў парушаць дзейнае заканадаўства! Але большасць прадпрымальнікаў не купіліся на гэтыя заклікі.

Цяпер адміністрацыя Лукашэнкі распрацоўвае два варыянты ўказа, які павінен развязаць праблему прадпрымальнікаў. Улады разглядаюць варыянт павелічэння адзінага падатку для прадпрымальнікаў не з каэфіцыентам 2, як было раней, а з каэфіцыентам 6. Калі раней прадпрымальнікі плацілі стаўку 520 000 рублёў (з сакавіка яна павялічылася да 600 тысяч) з каэфіцыентам 2 на імпартныя тавары і ПДВ, то цяпер плануюць увесці каэфіцыент 6. Калі цяпер прадпрымальнікі плацяць падаткі 2 мільёны, то з павелічэннем каэфіцыента прыйдзецца плаціць 12 - для нас гэта непад'ёмная сума.

1 сакавіка не працаваў «Свет моды» - практычна ўсе ралеты былі зачыненыя. Рынак будматэрыялаў працаваў, але яны не маюць падобных праблем. Усе баяліся арыштаў, але ўсё роўна смелыя прадпрымальнікі выйшлі. Мы абмяркоўвалі алгарытм далейшых дзеянняў: што рабіць, каб захаваць сваю працу?

- Прадпрымальнікі прыйшлі да адзінай высновы - як далей жыць?

- Прадпрымальнікі не паверылі абяцанням уладаў. Увядзенне сертыфікатаў адклалі на тры месяцы, а накладныя? За гандаль без накладных прадугледжваецца канфіскацыя ўсёй месячнай выручкі і канфіскацыя ўсяго тавару, на які няма накладных.

Мы абмяркоўвалі два магчымыя варыянты дзеянняў. Першае: мы патрабавалі эфіру на адным з беларускіх тэлеканалаў. Каб у тэлеэфіры мы сустрэліся тварам да твару: прадпрымальнікі і распрацоўшчыкі ўказа №222. У гэтым указе занадта шмат падводных камянёў, двухсэнсоўнасці і адкрытай хлусні.

Другі варыянт: падача калектыўнай позвы прадпрымальнікаў у Эканамічны суд СНД і патрабаваць прыпынення ўказа №222. Бо ва ўказе гаворыцца, што любая нарматворчасць не павінна пагаршаць становішча суб'ектаў гаспадарання, а прадпрымальнікаў прыраўнялі да суб'ектаў гаспадарання. Мы планавалі падаць позву яшчэ ўлетку 2014 года, цяпер магчымая рэанімацыя гэтай ідэі.

Прадпрымальнікі пастанавілі не плаціць падаткі далей - інакш заўтра ўлады прымуць найгоршы з варыянтаў.

- Як і за што вас затрымалі?

- Прадпрымальнікі ўжо разышліся, а я ішоў на маршрутнае таксі. У бязлюдным месцы мяне перанялі два супрацоўнікі міліцыі ў цывільным, адзін з іх быў начальнік Цэнтральнага РАУС Менска Арцём Шахлай. Захацелі апытаць мяне з нагоды сходу прадпрымальнікаў. Хвілін 40 пратрымалі ў пункце міліцыі на рынку «Ждановічы», пасля чаго адпусцілі. Шахлай не ведае, ці будзе складзены пратакол на мяне - гэта вызначаюць наверсе.

Напісаць каментар 5

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках