18 красавiка 2024, Чацвер, 11:57
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Савет рэспублікі» правёў закрытае пасяджэнне

4
«Савет рэспублікі» правёў закрытае пасяджэнне

Прычыны правядзення цяперашняй пазачарговай сесіі ў закрытым фармаце невядомыя.

2 сакавіка «савет рэспублікі» разгледзеў пытанне «Аб ратыфікацыі пратакола аб унясенні зменаў у пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расейскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь атамнай электрастанцыі ад 15 сакавіка 2011 года» ды «іншыя пытанні», піша БелаПАН.

25 лютага пратакол быў ратыфікаваны Палатай прадстаўнікоў на заключным пасяджэнні шостай пазачарговай сесіі, якая склікалася для разгляду праграмы дзейнасці ўрада на 2015 год. Пасяджэнне ніжняй палаты праходзіла ў адкрытым фармаце.

Названы пратакол прыводзіць тэрміны ўвядзення ў эксплуатацыю энэргаблокаў АЭС у адпаведнасць з заканадаўствам. Згодна з міжурадавым пагадненнем Беларусь і Расея бралі на сябе абавязанні аб увядзенні ў эксплуатацыю першага энэргаблока АЭС у 2017 годзе, другога - у 2018-м. Пратакол адсоўвае гэтыя тэрміны на 2018 і 2020 гады адпаведна, паколькі гэтыя даты прапісаныя ва ўказе Аляксандра Лукашэнкі №499 «Аб збудаванні Беларускай атамнай электрастанцыі» ад 2 лістапада 2013 года.

Пратакол да пагаднення таксама ўскладае функцыі замоўцы з беларускай стараны на РУП «Беларуская атамная электрастанцыя», тады як у самім пагадненні замоўцам называлася дзяржустанова «Дырэкцыя будаўніцтва атамнай электрастанцыі».

28 лютага на Нацыянальным прававым партале быў апублікаваны ўказ дыктатара аб скліканні 2 сакавіка восьмай пазачарговай сесіі «савета рэспублікі» для адабрэння праекта закона «Аб ратыфікацыі пратакола аб унясенні змяненняў у пагадненне паміж урадам Рэспублікі Беларусь і ўрадам Расейскай Федэрацыі аб супрацоўніцтве ў будаўніцтве на тэрыторыі Рэспублікі Беларусь атамнай электрастанцыі ад 15 сакавіка 2011 года» і «разгляду іншых пытанняў».

Праз некалькі гадзін тэкст указа раптам знік з адкрытай базы, а яшчэ пазней быў выдалены ўвесь раздзел аб нарматыўных прававых актах, падпісаных Аляксандрам Лукашэнкам, уключаных у раздзел «Афіцыйна апублікаваныя» 28 лютага.

Прычыны правядзення цяперашняй пазачарговай сесіі ў закрытым фармаце невядомыя. Ніякіх каментароў з гэтай нагоды няма, як і афіцыйнай інфармацыі аб тым, якія пытанні разглядаліся на пасяджэнні.

Варта адзначыць, што апошні раз пасяджэнне верхняй палаты «парламента» праводзілася ў закрытым рэжыме 14 жніўня 2014 - тады сенатары далі згоду на прыцягненне да крымінальнай адказнасці чальца «савета рэспублікі» Ганны Шарэйкі.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках