29 сакавiка 2024, Пятніца, 8:23
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

NASA падорыць Месяцу спадарожнік

3
NASA падорыць Месяцу спадарожнік

Навукоўцы маюць намер забраць з астэроіда камень і зрабіць яго спадарожнікам Месяца, каб адправіць да яго астранаўтаў.

Кіраўніцтва NASA раскрыла некаторыя падрабязнасці паўфантастычнай місіі, пры дапамозе якой ЗША прыкладна праз дзесяць гадоў збіраюцца асвоіць унікальныя касмічныя тэхналогіі, каб у будучыні адправіць чалавека ў далёкі космас і ў першую чаргу на Марс. Ва ўстанове адмовіліся ад першапачатковай ідэі прыцягнуць да Зямлі ці да арбіты Месяца цэлы астэроід і засяродзіліся на больш цікавай, але і дарагой місіі, піша gazeta.ru.

Паводле папярэдніх прагнозаў, старт місіі коштам $1,25 млрд можа адбыцца ў снежні 2020 года, і ўжо праз пару гадоў аўтаматычны зонд дасягне абранага загадзя астэроіда. У касмічнай установе ўжо назвалі тры перспектыўныя кандыдаты з ліку вядомых калязямных астэроідаў - Ітакава, Бену і 2008 EV5. Пра тое, які астэроід будзе абраны, у NASA абвесцяць за год да адпраўкі зонда.

«Місія захопу астэроіда павінна прадэманстраваць касмічныя тэхналогіі, патрэбныя нам для адпраўкі астранаўтаў на Марс. Магчымасць пацягнуць камень з астэроіда будзе ўплываць на планаванне будучых касмічных місій і адзначыць новую эру ў касманаўтыцы», - заявіў намеснік кіраўніка NASA Робэрт Лайтфут.

Дакрануўшыся да астэроіда, зонд захопіць на яго паверхні прыдатны камень памерам блізу трох метраў і адправіць яго да Месяца. Аднак перш, чым зрабіць гэта, навукоўцы маюць намер выпрабаваць незвычайную тэхналогію, якую называюць гравітацыйным трактарам. У будучыні, мяркуюць навукоўцы, яна дазволіць адхіляць ад Зямлі небяспечныя астэроіды.

І чым цяжэйшы зонд, тым больш эфектыўна гэты «трактар» будзе працаваць, таму захоплены камень павінен дапамагчы ў экспэрыменце. Для яго правядзення карабель разам з каменем будзе круціцца вакол астэроіда па так званай гала-арбіце на працягу 400 дзён.

Пасля гэтага этапу карабель з захопленым каменем пачне сваё падарожжа да Месяца, выхад на арбіту якога прызначаны на канец 2025 года. Яшчэ адной ключавой тэхналогіяй, з якой навукоўцы звязваюць будучыню вывучэння касмічнай прасторы, стане выкарыстанне зондам іённага рухавіка. Такія рухавікі ўжо сёння ставяць на касмічныя караблі - саступаючы традыцыйным хімічным рухавікам ў цязе, яны даюць адназначную перавагу ў эканамічнасці і часе функцыянавання.

Іх асаблівасці дазваляюць эфектыўна перасоўваць масіўныя аб'екты доўга, але з невялікімі выдаткамі паліва.

Мяркуецца, што хуткім часам пасля дастаўкі невялікага астэроіда да арбіты Месяца з Зямлі для яго вывучэння стартуе пара астранаўтаў на караблі Orion.

На працягу амаль месяца яны змогуць вывучаць яго, а затым забраць частку матэрыялу на Зямлю.

Новы варыянт місіі будзе на $100 млн даражэйшым, чым ідэя захопу цэлага астэроіда, аднак дасць больш магчымасцяў для адпрацоўкі новых тэхналогій, патлумачыў Лайтфут. Калі ў першым варыянце ў зонда была б толькі адная спроба захапіць астэроід, то ў паляўнічага за каменем будзе час выбраць прыдатную цэль і некалькі магчымасцяў для захопу. «Калі мы там апынёмся, у нас будзе некалькі задач, і гэта будзе займальнай місія», - сказаў ён.

Цяпер прыярытэтным для пасадкі з'яўляецца 450-метровы астэроід С-тыпу 2008 EV5, два іншых кандыдаты і магчымыя дадатковыя будуць разглядацца пазней. Навукоўцы кажуць, што найбольшую цікавасць маюць астэроіды менавіта С-тыпу, якія ніколі не былі вывучаныя касмічнымі апаратамі. Яны цямнейшыя за іншыя астэроіды, бо складаюцца з больш прымітыўнага матэрыялу. «Яны сапраўды могуць быць бруднымі версіямі камет», - мяркуе Цім Свіндл, кіраўнік лабараторыі вывучэння Месяца і планет Універсітэта Арызоны.

Напісаць каментар 3

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках