19 красавiка 2024, Пятніца, 22:02
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парашэнка стварыў Канстытуцыйную камісію

Парашэнка стварыў Канстытуцыйную камісію

Прэзідэнт Украіны Пётр Парашэнка падпісаў указ аб стварэнні Канстытуцыйнай камісіі, якая будзе распрацоўваць змены ў Асноўны Закон.

Пра гэта паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы.

"Камісія ствараецца з мэтай выпрацоўкі ўзгодненых прапаноў ва ўдасканаленні Канстытуцыі Украіны з улікам сучасных выклікаў і патрэбаў грамадства. Мяркуецца, што да гэтай працы будуць прыцягнутыя прадстаўнікі розных палітычных сілаў, грамадскасці, айчынных і міжнародных экспэртаў", - адзначаецца ў дакуменце.

"Падпісаннем гэтага ўказа пачынаецца новы вельмі важны этап канстытуцыйнай рэформы", - адзначыў Парашэнка, дадаўшы, што як прэзідэнт будзе максімальна садзейнічаць прыцягненню да працэсу найлепшых спецыялістаў і аўтарытэтных палітыкаў.

"Не сумняваюся, што пастанова аб умацаванні судовай улады, яе незалежнасці, пастанова аб антыкарупцыйных кроках улады павінны быць дапоўненыя вельмі важным чыннікам - рэформай мясцовага самакіравання, рэформай дэцэнтралізацыі ўлады", - падкрэсліў кіраўнік дзяржавы.

Пачатак канстытуцыйнай рэформы прэзідэнт назваў доўгім, важным і неабходным працэсам, піша liga.net.

"Неабходна захаваць цэласнасць, саборнасць Украіны. Ніякага шанцу не пакінуць тым, хто хацеў так званай федэралізацыі, а на самай справе - расколу Украіны", - падкрэсліў ён.

"Гэта таксама неабходна для таго, каб палітыкі выканалі свае абавязанні, і я як прэзідэнт выканаў свае абяцанні ў прыняцці пастаноў аб дэцэнтралізацыі ўлады, перадачы яе на месцы - тэрытарыяльным суполкам", - сказаў Пётр Парашэнка, адзначыўшы, што разам з павелічэннем паўнамоцтваў павялічыцца і адказнасць мясцовых уладаў.

У адпаведнасці з пунктам 28 часткі першай артыкула 106 Асноўнага Закона, Камісія ўтвараецца як спецыяльны дапаможны орган пры прэзідэнце Украіны. Як адзначаецца ва ўказе, дэпутацкія фракцыі, групы ў Вярхоўнай Радзе, Кабінет міністраў, Вярхоўны і вышэйшыя спецыялізаваныя суды, Рада суддзяў, асацыяцыя органаў мясцовага самакіравання, Нацыянальная акадэмія навук Украіны, Нацыянальная акадэмія прававых навук, вышэйшыя юрыдычныя навучальныя ўстановы і навуковыя ўстановы, юрыдычныя грамадскія аб'яднанні, адпаведныя міжнародныя арганізацыі павінны да 12 сакавіка гэтага года падаць прапановы аб кандыдатурах, якія будуць прадстаўляць іх у Канстытуцыйнай камісіі.

Указам прэзідэнта таксама зацверджанае палажэнне аб Канстытуцыйнай камісіі, у якім вызначаны задачы, парадак і форма яе працы, абавязкі і задачы старшыні і сакратара.

Пасяджэнне камісіі праводзіцца паводле неабходнасці, але не радзей за адзін раз у два месяцы. Пастановы прымаюцца большасцю галасоў прысутных на пасяджэнні чальцоў камісіі шляхам адкрытага галасавання. Усе напрацоўкі будуць рэалізоўвацца шляхам выдання ва ўстаноўленым парадку актаў прэзідэнта Украіны, унясеннем на разгляд Вярхоўнай Рады адпаведных законапраектаў.

Фота: AP

Напісаць каментар

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках