24 красавiка 2024, Серада, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларусаў чакае падвышэнне коштаў на лекі?

8
Беларусаў чакае падвышэнне коштаў на лекі?

Ці пойдзе Міністэрства аховы здароўя на непапулярныя захады, каб выканаць указанне Лукашэнкі пра ўраўнаванне долі беларускіх і імпартных лекаў на рынку?

Рэзервы росту: памяншаць імпарт і павялічваць кошты

Доля імпартных лекаў на беларускім рынку скарачаецца. Пра гэта сведчыць справаздача даследчай кампаніі «Інтэлікс-М» паводле вынікаў развіцця фармацэўтычнага рынку краіны ў 2014 годзе, піша «Завтра твоей страны».

Аб'ём айчыннага рынку лекаў і прэпаратаў летась складаў 1,067 млрд даляраў. У грашовым выразе ён вырас на 5,6% у параўнанні з 2013 годам, а ў натуральным - адбылося падзенне на 4,62%.

Паводле дадзеных даследчай кампаніі, доля імпарту склала 71,01% у грашовым выразе (годам раней яна была 73,68%). У натуральным выразе беларускія лекі складаюць большасць у агульных продажах. Тут доля імпарту была 41,4%. За год яна скарацілася на 1,93%.

Як адзначаюць экспэрты «Інтэлікс-М», прыкладна палова імпарту - унікальныя лекавыя сродкі, якія наўрад ці могуць быць замешчаныя на рынку айчыннымі вытворцамі. Тым не менш Аляксандр Лукашэнка яшчэ тры гады таму паставіў перад Міністэрствам аховы здароўя да канца 2015 года забяспечыць насельніцтва лекамі беларускай вытворчасці на 50% у вартасным выразе.

На гэта накіраваны загад Міністэрства аховы здароўя №196 «Аб прасоўванні айчынных лекавых сродкаў у арганізацыях аховы здароўя», які быў выдадзены 3 сакавік 2015.

Прасоўваць беларускія лекі збіраюцца за кошт памяншэння імпарту ў міжнародных непатэнтаванных назваў, што перакрыжоўваюцца (МНН).

Але гэтага будзе недастаткова, каб выканаць указанне.

Аналітыкі «Інтэлікс-М» адзначаюць, што «дасягненне выніковага значэння доляй імпартных і айчынных прэпаратаў у суадносінах 50/50 магчыма не толькі шляхам павелічэння колькасці прададзеных упаковак беларускіх лекаў, але і за кошт павышэння сярэдняга кошту іх упакоўкі».

Цяпер кошт упакоўкі беларускага прэпарата практычна ў тры разы ніжэйшы за замежны.

Экспэрты кампаніі падлічылі, што паводле МНН сярэдні кошт імпартных прэпаратаў складае 3,5 даляра, а айчынных - 1,32 даляра.

«Пры захаванні суадносін аб'ёмаў продажу імпартных і айчынных лекавых сродкаў у натуральным выразе павелічэнне кошту айчынных прэпаратаў да ўзроўню 3,3 даляра за ўпакоўку таксама прывядзе да жаданых суадносінаў», - гаворыцца ў справаздачы.

Ці пойдзе такім шляхам Міністэрства аховы здароўя?

Бо павелічэнне кошту можа пазбавіць беларускіх вытворцаў канкурэнтных пераваг на рынку.

З іншага боку, паменшыць на 20% долю імпарту ў вартасным выразе без павышэння коштаў практычна немагчыма.

Беларускія брэнды - у аўтсайдарах, заводы ў лідарах

Зрэшты, нават узняўшы кошт, зраўнаваць долю айчынных і імпартных прэпаратаў на рынку будзе няпроста, бо беларусы пакуль не вельмі ахвотна купляюць айчынныя лекі.

Медыцынскі партал Medpred.by склаў топ-50 самых прадаваемых у беларускіх аптэках лекаў. З беларускіх ў яго ўвайшлі дзевяць: «Цытрамон-Барымед» (Барысаўскі завод медпрэпаратаў), «Анрымакс» («Менскінтэркапс»), «Настойка глогу» (Барысаўскі завод медпрэпаратаў), «Эсэнцыкапс» («Менскінтэркапс»), «Арпетол таб 100мг N20» («Лекфарм»), «Валяр'яна»(«Белмедпрэпараты»), «Амаксіцілін»(«Фармлэнд), «Мукасат» («Белмедпрэпараты») і «Арпетол таб 100мг N30» («Лекфарм» ).

Найбуйнейшымі гульцамі на фармацэўтычным рынку краіны летась сталі беларускія вытворцы ААТ «Белмедпрэпараты» і Барысаўскі завод медпрэпаратаў (БЗМП). Доля першага склала 8,27% (аптовыя продажы 88,25 млр. даляраў), БЗМП - 4,54% (48,48 млн. даляраў). Шостае месца заняў «Лекфарм» - 3,14% (33,54 млн. даляраў).

На рознічным рынку ў першую дзесятку ўпершыню ўвайшоў завод «Менскінтэркапс», на шпітальным - Нясвіжскі завод медпрэпаратаў і «Трайплфарм».

Пры гэтым сярод гандлёвых марак-лідараў не шмат тых, што вырабляюцца ў Беларусі. У рознічным сегменце ў топ-10 уваходзіць толькі «Мукасат» («Белмедпрэпараты»), у шпітальным - «Натрыя хларыд» Нясвіжскага завода медпрэпаратаў, «Заледронавая кіслата» («Белмедпрэпараты») і два прапараты «Трайплфарм» - «Мерапенем» і «Актанат».

Напісаць каментар 8

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках