25 красавiка 2024, Чацвер, 0:35
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Беларускія і расейскія спецслужбы супольна вярбуюць грамадзян Літвы

19
Беларускія і расейскія спецслужбы супольна вярбуюць грамадзян Літвы

Выведкі Беларусі і Расеі цікавяць вайсковыя аб'екты Літвы.

Дэпартамент дзяржаўнай бяспекі Літвы падаў справаздачу аб праведзенай у 2014 годзе працы. У ліку іншых раздзелаў, якія ў асноўным прысвечаныя Расеі, і яе палітыцы, якая нясе небяспеку для Літвы ў розных сферах, ёсць і раздзел, прысвечаны Беларусі «Пагрозы з боку беларускіх службаў выведкі і бяспекі».

Як паведамляе віленскі карэспандэнт charter97.org, у раздзеле адзначаецца, што супраць інтарэсаў Літвы ў 2014 годзе ў краіне актыўна дзейнічалі беларускія службы выведкі і дзяржбяспекі.

«Асноўную ўвагу гэтыя службы традыцыйна надавалі дзейнасці беларускай апазіцыі і назіранню за іх сувязямі ў Літве. З іншага боку, сакрэтныя службы Беларусі працавалі і ў тых кірунках, што і выведвальныя службы Расеі», - адзначаецца ў пададзенай ДДБ ацэнцы.

У дакуменце гаворыцца, што ў 2014 годзе прыкметна актывізаваліся спробы Камітэта дзяржаўнай бяспекі і Памежнага камітэта Беларусі ў вярбоўцы літоўскіх супрацоўнікаў праваахоўных органаў, якія прыбываюць у Беларусь.

Асабліва «зручнымі» мэтамі для беларускіх спецслужбаў з'яўляюцца супрацоўнікі Службы дзяржаўнай аховы мяжы і падраздзяленняў Міністэрства ўнутраных спраў Літвы, якія стала наведваюць Беларусь для куплі больш танных тавараў і з іншых патрэб, не звязаных са службай.

ДДБ адзначае, што «ў Літве агрэсіўна дзейнічае Галоўная ўправа выведкі Генеральнага штаба пры Міністэрстве абароны Беларусі, якая вярбуе агентаў і збірае інфармацыю аб вайсковых і стратэгічных грамадзянскіх інфраструктурных аб'ектах».

«ДДБ усталяваў, што актыўную выведвальную дзейнасць у Літве вёў супрацоўнік беларускага ГРУ Сяргей Куруленка. Ён меў часовы від на жыхарства ў Літве і рэгулярна прыязджаў з Беларусі для выканання заданняў выведкі. Прыкрыццём для разведвальнай дзейнасці С.Куруленкі ў Літве была фірма Baltmettechmarket, якая займалася гандлем металічнымі вырабамі. Таксама ён працаваў у сферы турызму», - сказана ў дакладзе.

Паводле звестак ДДБ, турыстычныя паслугі эфектыўна выкарыстоўваліся ў дачыненні да асоб, якія цікавяць выведку, якіх зацягвалі ў Беларусь.

«С.Куруленка арганізоўваў паляванне і іншыя паездкі для правядзення вольнага часу ў Беларусі. Пры арганізацыі забаў у Беларусі ствараліся варункі для выбару мэтаў для аперацый вярбоўкі», - гаворыцца ў дакладзе.

Супрацоўнік беларускага ГРУ збіраў у Літве вайсковую інфармацыю, паведамляе ДДБ Літвы. Яго цікавілі месца дыслакацыі воінскіх падраздзяленняў, колькасць службоўцаў і склад персаналу, схемы вайсковых аб'ектаў, вайсковая тэхніка і камунікацыі, вайсковыя вучэнні і іншая інфармацыя, якая мае стратэгічную важнасць для бяспекі Літвы.

«С.Куруленка таксама вёў пошук кандыдатаў для вярбоўкі ў воінскіх падраздзяленнях Літвы», - пазначана ў дакладзе.

Інфармацыю беларускаму супрацоўніку выведкі падавалі двое завербаваных грамадзян Літвы.

У канцы 2014 года Генеральная пракуратура Літвы, абапіраючыся на сабраную ДДБ інфармацыю, выставіла абвінавачванні, супрацоўніку дзяржаўнага прадпрыемства Oro navigacija Рамуальду Ліпіньскаму які займаўся шпіёнскай дзейнасцю, накіраванай супраць Літвы, і вайсковаму парамедыку Андрэю Ашуркаву. Справы затрыманых былі перададзеныя ў суд, ім пагражае тэрмін зняволення да 15 гадоў.

«З дапамогай гэтай выведвальнай аперацыі беларускае ГРУ спрабавала атрымаць не публічную, важную для абароны дзяржавы інфармацыю аб аб’ектах Літвы, якія маюць стратэгічнае значэнне», - тлумачаць у дакладзе.

Адзначаецца, што тэмы і аб'екты, якімі цікавіцца беларускае ГРУ, супадаюць з выведвальнымі інтарэсамі расейскага ГРУ.

«З улікам цеснага вайсковага супрацоўніцтва Беларусі з Расеяй цалкам імаверна, што беларускае ГРУ дзялілася атрыманай інфармацыяй з расейскім ГРУ», - рэзюмуюць аўтары дакладу.

«Дзейнасць беларускіх службаў выведкі і дзяржбяспекі, з улікам іх намераў у Літве, сіл, што выдзяляюцца для выведвальнай дзейнасці, інтэнсіўнасці дзеянняў і метадаў, а таксама супрацоўніцтва са службамі выведкі і бяспекі Расеі, ацэньваецца як пагроза для нацыянальнай бяспекі Літвы», - канстатуюць у літоўскім ведамстве.

Напісаць каментар 19

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках