20 красавiка 2024, Субота, 11:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Павел Левінаў: Чаму за бел-чырвона-белыя сцягі караюць, а за савецкія - не?

18
Павел Левінаў: Чаму за бел-чырвона-белыя сцягі караюць, а за савецкія - не?

Віцебскі праваабаронца патрабуе ад пракуратуры знайсці і пакараць гандляроў сцяжкамі СССР.

Павел Левінаў накіраваў заяву на імя начальніка УУС Віцебскага аблвыканкама і паведаміў пра факты неаднаразовага з'яўлення невядомых асобаў з чырвонымі сцяжкамі каля гандлёвага цэнтра «Эвіком», піша сайт ПЦ «Вясна».

Да заявы праваабаронца прыклаў фатаграфіі хлопца і дзяўчыны, якія 20 і 25 сакавіка парушалі грамадскі парадак - перашкаджалі праходу мінакоў, чапляліся да іх з прапановамі набыць сімволіку былога Савецкага Саюза, а таксама дэманстравалі свае грамадска-палітычныя погляды, паказваючы паперку са словамі «Народжаны ў СССР».

На думку праваабаронцы, дзеянні невядомых падпадаюць пад адміністрацыйны артыкул 23.34 - арганізацыя і правядзенне несанкцыянаванага масавага мерапрыемства:

«Хлопец і дзяўчына, якія 20 і 25 сакавіка знаходзіліся на вуліцы Церашковай, каля гандлёвага цэнтра «Эвіком», відавочна выказвалі свае грамадска-палітычныя погляды. Можна сказаць, што гэта было пікетаванне з выкарыстаннем сцягоў, не зарэгістраваных ва ўстаноўленым парадку. Больш за тое, яны перашкаджалі руху мінакоў. Міліцыя павінна адрэагаваць адпаведным чынам на гэта правапарушэнне і пакараць вінаватых - бо караюць жа ў нас за бел-чырвона-белыя сцягі. Высветліць асобы пікетоўцаў, я думаю, не цяжка: я пасылаю начальніку абласной УУС фатаграфіі з інтэрнэту, а таксама зробленыя мной і маімі сябрамі».

Павел Левінаў падкрэслівае, што распаўсюднікі савецкіх сцяжкоў не хаваюцца, дзейнічаюць адкрыта, з'яўляюцца ля «Эвікома» і часта нават фатаграфавацца не бянтэжацца. Толькі не размаўляюць - паказваюць знакамі, што глуханямыя.

Праваабаронца просіць, каб начальнік абласной міліцэйскай управы ўзяў гэтую справу пад свой кантроль і накіраваў яе для разбору сваім падначаленым у Кастрычніцкі райаддзел міліцыі:

«Няхай разбіраюцца, бо закон павінен працаваць аднолькава ў дачыненні да кожнага грамадзяніна. Вызначыць асобы прыхільнікаў СССР і адпаведнай сімволікі не цяжка: змог жа начальнік аддзела аховы правапарадку Чыгуначнага РАУС маёр Аляксандр Рыбакоў пазнаць удзельнікаў знакамітай фотасесіі з птушкамі і клеткамі. Журналістаў і актывістаў пазналі таксама па фатаграфіях у інтэрнэце, і маёр Рыбакоў склаў на кожнага пратакол за ўдзел у несанкцыянаванай акцыі. Хоць у іх нават сцягоў не было, толькі папяровыя клеткі і птушкі-арыгамі - але міліцыя, а потым і суд запэўнівалі, што мы дэманстравалі грамадска-палітычныя інтарэсы... Вось людзі з савецкай сімволікай канкрэтна гэта робяць!»

Левінаў просіць праінфармаваць яго аб ходзе расследавання гэтай справы. Тым больш, што распаўсюджванне савецкіх сцяжкоў абурае гараджан. Гэтак жа, як і нахабнасць распаўсюджвальнікаў: хлопец і дзяўчына падпільноўваюць мінакоў, соваюць у рукі сцяжок, а потым паказваюць паперку, дзе напісаны кошт - 20 тысяч рублёў. Амаль ніхто не купляе - усе аддаюць сцяжкі назад, даведаўшыся, што гэта не падарунак.

Напісаць каментар 18

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках