Гулец у Minecraft выклікаў групу захопу дадому да свайго спаборніка
4- 30.03.2015, 18:20
- 9,675
13-гадовы падлетак з Паўднёвай Каліфорніі абвінавачваецца ў выкліку групы захопу на адрас свайго спаборніка ў папулярнай гульні Minecraft.
Першапачаткова ён абвінавачваўся толькі ў адной такой пракудзе, але падчас расследавання юны гулец прызнаўся, што гэта не першы ягоны досвед у ілжывым выкліку спецслужбаў: раней ён ужо выклікаў атрад спецыяльнага прызначэння да сваёй настаўніцы і аднакласніцы, паведамляе onliner.by.
Як распавядаюць супрацоўнікі праваахоўных органаў, апошняя пракуда маленькага псеўдатэрарыста скончылася тым, што на паказаны ім адрас было выкліканаф больш за 20 афіцэраў. Яны былі ўпэўнены, што ў доме сапраўды ўтрымліваюцца 10 закладнікаў. Падлетак заявіў, што падарве дом, калі яму не перададуць $30 000 гатоўкай.
Адзначым, што аператыўна адшукаць малалетняга злачынца адразу ж пасля першага інцыдэнту не атрымалася з той прычыны, што ён выкарыстаў адмысловую праграму, якая хавала яго сапраўднае месцазнаходжанне.
Цяпер хлопчык ужо вызвалены пад апеку сваіх бацькоў і чакае пасяджэння суда ў справах непаўналетніх. Слуханне прызначанае на наступны месяц. Праз узрост хулігана ягонае імя не выдаецца. Хутчэй за ўсё, у якасці пакарання ён атрымае ўмоўны тэрмін.