20 красавiка 2024, Субота, 10:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Парашэнка ўхваліў дапусканне замежнікаў на вайсковыя вучэнні

1
Парашэнка ўхваліў дапусканне замежнікаў на вайсковыя вучэнні

Указам прэзідэнта Украіны дазволена дапусціць ва Украіну на вучэнні падраздзяленні УС ЗША, дзяржаў-чальцоў NATO.

Прэзідэнт Украіны Пятро Парашэнка падпісаў указ "Аб плане правядзення шматнацыянальных вучэнняў з удзелам падраздзяленняў Узброеных сіл Украіны на тэрыторыі Украіны ды іх удзелу ў шматнацыянальных вучэннях за межамі Украіны на 2015 год, і аб дапусканні падраздзяленняў узброеных сіл іншых дзяржаў на тэрыторыю Украіны ў 2015 годзе для ўдзелу у шматнацыянальных вучэннях", паведамляе ЛIГАБiзнесIнформ.

Як паведамляе прэс-служба кіраўніка дзяржавы, Парашэнка таксама падпісаў закон №255-VIII ад 17 сакавіка аб дапусканні падраздзяленняў узброеных сіл іншых дзяржаў на тэрыторыю Украіны ў 2015 годзе для ўдзелу ў шматнацыянальных вучэннях.

Каментуючы ўдзел украінскіх вайскоўцаў у шматнацыянальных вучэннях, прэзідэнт адзначыў: "Узровень падрыхтоўкі нашых вайскоўцаў, якія бяруць удзел у вучэннях і трэнінгах, павінен быць такім, каб яны сталі інструктарамі ў падрыхтоўцы і распаўсюджвалі досвед, які набылі для барацьбы з дыверсійна-выведнымі групамі, для падвышэння эфектыўнасці розных сектараў нашых Узброеных сіл".

Так, на тэрыторыі Украіны ў 2015 годзе прадугледжаны шэраг украінска-амэрыканскіх вучэнняў - "Фіярлес Гардыян - 2015" (агулам удзельнікаў 2,2 тысячы чалавек, з іх да 1 тысячы вайскоўцаў ЗША), "Сі Брыз - 2015" (агулам 2,5 тысячы ўдзельнікаў, з іх да 1 тысячы вайскоўцаў ЗША і да 500 вайскоўцаў з краін NATO і праграмы "Партнёрства дзеля міру") і "Сэйбэр Гардыян/Рэпід Трайдэнт - 2015" (агулам 2,1 тысячы ўдзельнікаў, з іх да 500 вайскоўцаў ЗША і да 600 вайскоўцаў з краін NATO і праграмы "Партнёрства дзеля міру"), а таксама ўкраінска-польскія вучэнні авіяцыйных падраздзяленняў "Бяспечнае неба - 2015" (агулам 350 удзельнікаў, з іх 100 польскіх вайскоўцаў) і падраздзяленняў вайсковай паліцыі "Правапарадак - 2015 "(агулам 100 удзельнікаў, з іх 50 польскіх вайскоўцаў).

Для гэтага указам Парашэнкі дазваляецца дапусціць на тэрыторыю Украіны для ўдзелу ў шматнацыянальных вучэннях падраздзяленні узброеных сіл ЗША, дзяржаў-чальцоў NATO і дзяржаў - удзельніц праграмы "Партнёрства дзеля міру", Польшчы з узбраеннем, вайсковай тэхнікай, караблямі, падводнымі лодкамі, самалётамі і гелікаптэрамі на тэрміны і ў колькасці, зацверджаныя ўказам.

Акрамя таго, зацверджаны план удзелу ўкраінскіх вайскоўцаў у шматнацыянальных вучэннях за мяжой. Прадугледжанае навучанне трэнінгавых груп вайсковай паліцыі ў Нямеччыне (да 30 вайскоўцаў УСУ), супрацьлодкавае навучанне дзяржаў чарнаморскага басейна "Марскі шчыт - 2015" (да 500 украінскіх вайскоўцаў) і шматнацыянальныя вучэнні войскаў сувязі "Каалішн Эндэвар/Камбайнд Эндэвар - 2015" у Нямеччыне (да 40 вайскоўцаў УСУ).

Яшчэ плануецца ўдзел у шматнацыянальных вучэннях "Кляновая арка-2015" у Літве (да 120 вайскоўцаў УСУ), "Светлая лавіна - 2015" у Вугоршчыне (да 30 вайскоўцаў ад УСУ) і "Трайдэнт Джанчэр - 2015" у Гішпаніі і Партугаліі (да 50 ўкраінскіх вайскоўцаў), а таксама ўдзел у сертыфікацыйным навучанні баявой тактычнай групы Еўрапейскага Звязу "Камон Чэлендж - 2015" у Нямеччыне (да 60 вайскоўцаў УСУ).

Нагадаем, 17 сакавіка 2015 года Вярхоўная Рада дала згоду на дапусканне падраздзяленняў узброеных сіл іншых дзяржаў на тэрыторыю Украіны ў 2015 годзе. За закон аб ухваленні пастановы прэзідэнта Украіны аб дапусканні падраздзяленняў узброеных сіл іншых дзяржаў на тэрыторыю Украіны ў 2015 годзе для ўдзелу ў шматнацыянальных вучэннях прагаласавала 305 народных дэпутатаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках