20 красавiка 2024, Субота, 5:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Генпракуратура Беларусі: Справу Баўмгэртнэра спынілі неабгрунтавана

10
Генпракуратура Беларусі: Справу Баўмгэртнэра спынілі неабгрунтавана

Справа Баўмгэртнэра можа быць абмеркаваная на сустрэчы генеральных пракурораў Беларусі Аляксандра Канюка і Расеі Віктара Чайкі ў Маскве 1 красавіка.

Такой магчымасці не выключыў Канюк, размаўляючы з журналістамі ў Менску 31 сакавіка, паведамляе БелаПАН.

«У Расеі справу спынілі, але я, як юрыст, мяркую, што гэта абсалютна неабгрунтавана», - заявіў Канюк. На ягоную думку, дзеянні былога топ-мэнэджара можна разглядаць як махлярства.

Пастановы праблемы ў гэтай справе для беларускіх суб'ектаў гаспадарання генпракурор Беларусі бачыць у прад'яўленні грамадзянскіх позваў аб кампенсацыі матэрыяльнай шкоды, што, з ягоных слоў, з'яўляецца міжнароднай практыкай. Аднак, дадаў Канюк, у гэтым пытанні «не ў поўным аб'ёме ёсць разуменне з расейскага боку».

Раней Канюк заяўляў, што сума беларускіх грамадзянскіх позваў у «калійнай справе» (ці, як яе яшчэ называюць, «справе Баўмгэртнэра») складзе блізу 100 млн даляраў. У лютым на прэс-канферэнцыі генпракурор Беларусі адзначыў, што найбліжэйшым часам хоча правесці перамовы з расейскай генпракуратурай з нагоды пакрыцця для Беларусі па «калійнай справе». Канюк заявіў, што «сам факт спынення справы ў дачыненні да Баўмгэртнэра не азначае, што ў парадку грамадзянскага судаводства нельга будзе падаць позвы».

Нагадаем, гендырэктар ААТ «Уралкалій» Уладзіслаў Баўмгэртнэр быў затрыманы ў канцы жніўня 2013 года ў Менску. У дачыненні да яго і іншых кіруючых асоб былі распачатыя справы паводле ч. 3 арт. 424 Крымінальнага кодэкса (Злоўжыванне ўладай і службовымі паўнамоцтвамі). Падставай для гэтага сталі матэрыялы аб нанясенні шкоды ў асабліва буйнай суме ААТ «Беларуськалій» і ЗАТ «БКК».

Беларускія следчыя прад'явілі Баумгэртнэру абвінавачанне ў крадзяжы. 20 лістапада Генпракуратура Беларусі дала згоду на яго выдачу РФ. Баумгэртнэр быў этапаваны ў Маскву і змешчаны ў СІЗА. У Расеі яму было прад'яўленае абвінавачванне ва ўчыненні злачынства, прадугледжанага ч. 3 арт. 33, ч. 2 арт. 201 КК РФ (Злоўжыванне паўнамоцтвамі).

У снежні расейскі суд змяніў меру стрымання з заключэння пад варту на хатні арышт. Ён быў вызвалены ў пачатку верасня 2014 года. Пазней стала вядома, што Уладзіслаў Баўмгэртнэр адпушчаны пад заклад у 15 млн расейскіх рублёў.

18 красавіку 2014 г. Следчы камітэт РБ паведаміў аб тым, што расейскае следства ацаніла прычыненую беларускім кампаніям шкоду ў справе БКК у больш чым 90 млн даляраў. Раней прадстаўнікі следчых органаў Беларусі заяўлялі, што дзеянні Уладзіслава Баўмгэртнэра і шэрагу іншых топ-мэнэджараў ЗАТ «Беларуская калійная кампанія» (БКК) нанеслі «Беларуськалію» і БКК шкоду ў суме 100 млн дал. У сваю чаргу, Аляксандр Лукашэнка ацаніў агульныя страты краіны ў сувязі з канфліктамі ў калійнай галіны ў 1,5-1,7 млрд дал.

Напісаць каментар 10

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках