26 красавiка 2024, Пятніца, 2:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рада прыняла змены ў дзяржбюджэт: дэфолту не будзе?

2
Рада прыняла змены ў дзяржбюджэт: дэфолту не будзе?

Парламент Украіны прыняў папраўкі да дзяржбюджэту, якія адкрываюць дарогу для атрымання крэдытаў МВФ.

Як ацэньваюць гэтыя змены ўкраінскія экспэрты?

Вярхоўная рада Украіны 2 сакавіка разгледзела шэраг урадавых законапраектаў для ўнясення змен у дзяржбюджэт на 2015 год. Гэта з'яўляецца неабходнай умовай выдавання краіне пашыранага крэдытавання з боку Міжнароднага валютнага фонду (МВФ). Канчатковая пастанова павінна быць прынятая на пасяджэнні рады дырэктараў МВФ 11 сакавіка, паведамляе Deutsche Welle.

Пенсійныя дыскусіі

Урад Украіны падаў на зацвярджэнне парламента 7 заканадаўчых зменаў. Сярод іх - дапаўненні Падатковага і Мытнага кодэксаў, павелічэнне рэнты на здабычу прыроднага газу з 50 да 70 адсоткаў, скарачэнне дзяржаўнай падтрымкі дзяржкампаніі "Нафтагаз Украіны" і спрашчэнне ўмоў налічэння прадпрымальнікамі адзінага сацыяльнага ўнёску. Парламент таксама прыняў захады ў папярэджанні далейшых валютных спекуляцый і абясцэньванні ўкраінскай грыўні.

Найбольш вострыя дыскусіі былі вакол зменаў пенсіённага заканадаўства. Іх атрымалася прыняць толькі з пятага разу, толькі пасля таго як прэм'ер Украіны Арсеній Яцанюк урачыста паабяцаў дэпутатам, што гэтым законам не будзе павялічвацца пенсійны ўзрост, спецыяльны стаж для работнікаў шкодных вытворчасцяў і агульны страхавы стаж. Кіраўнік урада таксама запэўніў, што абмежаванне пенсій для пенсіянераў, якія працуюць не закрануць маламаёмных і ўдзельнікаў вайсковых дзеянняў у Данбасе.

У гэты дзень парламент пікетавалі актывісты Незалежнага прафсаюза гарнякоў Украіны. Старшыня прафсаюза Міхаіл Валынец сказаў DW, што шахцёры патрабуюць выплаты запазычанасцяў заробку, назапашаных за паўгода, і мяркуюць, што налічэнні на працуючых пенсіянераў прывядуць да адтоку з галіны большасці кваліфікаваных спецыялістаў, якія пасля выхаду на пенсію прадаўжаюць працаваць на шахтах. "Праз адсутнасць дзяржаўнай падтрымкі спыняюцца ўкраінскія шахты і энэргаблокі цеплавых электрастанцый, а ўрад павялічвае экспарт электраэнэргіі з Расеі і ўзмацняе залежнасць Украіны ад Масквы", - сказаў Валынец.

Выратаванне ад дэфолту?

Ацэньваючы прынятыя парламентам змены, дырэктар Цэнтра сацыяльна-эканамічных даследаванняў CASE Украіна Дзмітрый Баярчук у інтэрв'ю ўкраінскай прэсе западозрыў урад у тым, што ён склаў "папулісцкі ў суме бюджэт, завышаны ў даходах больш чым на 100 мільярдаў грыўняў". Аднак выканаўчы дырэктар Фонду Блэйзера Алег Усценка ў інтэрв'ю DW сказаў, што дэфіцыт бюджэту атрымалася зменшыць з 12 адсоткаў валавога ўнутранага прадукту (ВУП) летась да васьмі адсоткаў на 2015 год. Хоць цаной гэтага і стала "шокавае памяншэнне выдаткаў" Пенсійнага фонду.

Прэм'ер Яцанюк, выступаючы ў парламенце заявіў, што агульная сума заходняй фінансавай дапамогі складзе 25 мільярдаў даляраў. "З іх 17,5 мільярда - непасрэдная фінансавая дапамога МВФ цягам чатырох гадоў. Дадаткова 7,5 мільярда даляраў - гэта фінансавыя ўнёскі еўрапейскіх і іншых краін, якія дазволяць нам стабілізаваць фінансава-эканамічную сітуацыю", - заявіў Яцанюк.

Як мяркуе Алег Усценка, 2 сакавіка Украіне ўдалося выканаць самую цяжкую частку працы ў аднаўленні супрацоўніцтва з міжнароднымі крэдыторамі - пачаць скарачэнне надмерна разадзьмутых дзяржаўных фінансаў. Эксперт патлумачыў, што ў адрозненні ад большасці еўрапейскіх краін, украінскія дзяржфінансы - гэта не толькі дзяржбюджэт, але і Пенсійны фонд, а таксама дзяржкампанія "Нафтагаз Украіны".

Неабходна пачаць структурныя рэформы

Усценка чакае спрыяльнай для Кіева пастановы рады дырэктараў МВФ 11 сакавіка. "На яго пасяджэнне Кіеў выходзіць з тым, што Украіна, якая раней пазбягала рэформаў і падманвала Фонд, цяпер спрабуе скараціць дзяржаўныя выдаткі і ўвесці іх у кіраванае рэчышча", - сказаў Усценка. Далей, з ягоных слоў, ураду застаецца праводзіць структурныя рэформы, дэрэгуляцыю бізнэсу і ўзмацняць барацьбу з карупцыяй. Але гэта, як адзначыў экспэрт, ужо не выкліча супраціву грамадства, паколькі "ўкраінцы наўрад ці будуць уважаць гэтыя захады шокавымі або непапулярнымі".

Частка сродкаў МВФ папоўніць украінскія золатавалютныя рэзервы, якія скараціліся на сённяшні дзень амаль да 6 мільярдаў даляраў, сказаў Усценка. А другая частка крэдыту, насуперак традыцыям МВФ, будзе залічаная на рахункі ўкраінскага Мінфіна і можа быць выкарыстаная для бягучых выплат дзяржзапазычанасцяў Украіны. Гэтыя выплаты, са слоў экспэрта, у 2015 годзе даходзяць да 10 мільярдаў даляраў. "Акрамя таго, супрацоўніцтва з МВФ дасць магчымасць на больш выгадных умовах дамовіцца з крэдыторамі аб рэструктурызацыі ўкраінскай дзяржаўнай і карпаратыўнай запазычанасці", - адзначыў Алег Усценка.

Напісаць каментар 2

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках