20 красавiка 2024, Субота, 15:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Леанід Заіка: Хутка і па хлеб у Расею будуць ездзіць

22
Леанід Заіка: Хутка і па хлеб у Расею будуць ездзіць

Новая пастанова Мытнага камітэта прымусіць беларусаў ездзіць «на закупы» ў РФ.

Сёння з'явілася паведамленне аб тым, што з 10 сакавіка 2015 наступіць узмацненне жорсткасці парадку ўвозу фізічнымі асобамі ў краіну некаторых тавараў. Прынамсі, гаворка ідзе пра газавыя або электрычныя пліты, выцяжкі, кухонныя камбайны, печы, мікрахвалёўкі і духоўкі, ванны, душавыя кабіны, ракавіны, унітазы, зліўныя бачкі, лядоўні, посудамыйкі, пральныя машыны, кавамашыны, швейныя машыны, награвальнікі вады, маніторы, наўтбукі, планшэты, ксэраксы, тэлевізары, кандыцыянеры, газонакасілкі, пыласосы, зварачныя апараты, электрагенератары, аўтамыйкі, дзіцячыя каляскі, чоўнавыя маторы і грамадзянскую зброю. Цягам двух гадоў можна правозіць чатыры шыны і чатыры дыскі да транспартнага сродку.

Эканаміст Леанід Заіка патлумачыў charter97.org, што такая пастанова, як і многія іншыя, прынятыя ў Беларусі апошнім часам, асаблівай інтэлектуальнай прапрацоўкай не адрозніваецца і мае адну задачу: скараціць вываз валюты за мяжу. Але ці будуць беларусы купляць айчынныя аналагі і ці прымусіць гэта марнаваць сваю валютную «заначку» на радзіме - пытанне рытарычнае.

- Улады хочуць трымаць моцную чыноўніцкую руку ля гаманца простага беларуса. Навошта людзям купляць шыны ў Еўропе? Пасля дэвальвацыйнага падзення цэн у Расеі я, скажам, сам купляў колы па $40 - і нармальна! Расея ў гэтым плане - краіна вельмі танная. Навошта купляць кампутары, калі можна купіць чатырох'ядравыя кітайскія планшэты за $80? Вось так моладзь штурхаюць да больш «прасунутай» сучаснай тэхнікі, - смяецца эканаміст.

- Мяркуючы па ўсім, у Мытным камітэце наважылі хутка зарабіць грошы для краіны. Але якія доўгатэрміновыя перспектывы?

- Чыноўнікі, наогул, вельмі часта адсталыя. Яны чапляюцца да шын! Шыны ім, разумееш, жыць мяшаюць! Айчыннага вытворцу хочуць падтрымаць? Ну, няхай айчынны вытворца выпускае, а тым часам калі задацца мэтай, можна купіць беларускае кола за $23. Яго і так купяць тыя, каму ўлады грошай мала выдалі.

Я не бачу асабліва інтэлектуальнай прапрацоўкі гэтых пытанняў. Мэта зразумелая: гэта зроблена для таго, каб беларусы не трацілі грошы за мяжой. Але людзі паедуць у Расею! Я ўжо нават не раз папярэджваў аб тым, чым увесь гэты Мытны саюз павернецца. Будучыня беларусаў палягае ў тым, што яны будуць мяняць беларускія рублі на даляры і ездзіць у Расею. Там можна купіць бюджэтны аўтамабіль Volkswagen за 10 тысяч даляраў. Ды што машыны! Хутка і за хлебам у Расею будуць ездзіць! І за мясам. Што тут дзіўнага? Вы ж падпісалі паперы.

- Ці прымусіць такая перашкода свабоднаму руху тавараў купляць беларускае?

- У нас з Расеяй няма мытнай мяжы. Калі наш Мытны камітэт гэта прыдумаў, то гэта ўсё нагадвае барацьбу партыі за павелічэнне ўраджаю на цаліне. Яны змагаліся за павышэнне ўраджаю, а бура наляціць, усё вырве і панясе. Таму, я б сказаў так: мне чыноўнікаў шкада. Таму што яны, напэўна, хочуць зрабіць нешта добрае для сваё сям'і, для сваіх дзяцей, прымусіўшы беларусаў мясцовыя шыны купляць... Але ж з пункту гледжання рацыянальных эканамічных паводзінаў - ды не чапайце вы простага беларуса! Дайце яму хоць раз у жыцці пакатацца на еўрапейскай гуме! Дайце яму купляць столькі кампутараў і тэхнікі, колькі ён сам для сябе захоча! Гэта так званая імітацыя дзейнасці. 2015 павінен быў стаць годам эканоміі для чыноўнікаў. Хлопцы, зніміце ўсе шыны са сваіх службовых машын і перасядайце на ровары! А ўсе свае кампутары з кабінетаў, на якіх вы гуляеце ў карты, аддайце ў дзіцячыя садкі! Але, праўда, з іх тэхнічнага ўзроўню гэтыя кампутары, напэўна, ужо нават у школы не пойдуць.

Напісаць каментар 22

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках