19 красавiка 2024, Пятніца, 0:40
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Рынкі ў Гародні пачнуць працаваць, калі з'явіцца афіцыйны дакумент

9

З 1 сакавіка большасць гарадзенскіх прадпрымальнікаў не выходзіць на рынкі.

Прадаўцы чакаюць афіцыйнага дакумента, нягледзячы на дазвол намесніка міністра эканомікі Дзмітрыя Крутога «працаваць у спакойнай абстаноўцы».

Працаваць дазволілі ў апошні момант

Пра тое, што прадпрымальнікам - плацельшчыкам адзінага падатку ўсё ж могуць падоўжыць тэрміны рэалізацыі рэшткаў легпраму без дакументаў паводле ўказу №222, стала вядома пад вечар 28 лютага. Як паведаміў намеснік міністра эканомікі Беларусі Дзмітрый Круты, на нарадзе 26 лютага кіраўнік дзяржавы даручыў неадкладна развязаць гэтую праблему, пасля чаго экспэрты міністэрства і бізнэс-колаў пачалі рыхтаваць праект дакумента, піша «Вечерний Гродно».

Цяпер ёсць два праекты новага ўказа, распавёў старшыня Беларускага звязу прадпрымальнікаў Аляксандр Калінін:

- У адным варыянце дазваляецца рэалізаваць рэшткі тавараў да 1 студзеня. У другім - аднавіць рэжым гандлю без дакументаў на неабмежаваны тэрмін пры ўмове павелічэння падатковай нагрузкі - ПДВ у фiксаваных сумах. Бізнэс хацеў бы нязначнага павелічэння, некаторыя дзяржаўныя органы прапануюць павялічыць гэты падатак утрая. Зусім супраць карэктавання ўказу №222 Міністэрства гандлю і тыя, хто гандлюе імпартам з ПДВ у 20%. Канчатковай пастановы няма, бо трэба прыйсці да кампраміснага значэнні гэтай стаўкі.

3 сакавіка прэзідэнт Беларусі вылецеў у Маскву для ўдзелу ў пасяджэнні Вышэйшага дзяржаўнага савета «саюзнай дзяржавы». Таму ўзнікла паўза, пастанова, відавочна, будзе прынятая пасля яго вяртання цягам 2-3 дзён, - падсумаваў Аляксандр Калінін.

Прадпрымальнікі чакаюць рэальны дакумент

Пакуль няма афіцыйнага дакумента, на рэчавых рынках горада ніхто не працуе. 3 сакавіка гандляваць не выйшлі нават тыя, у каго ёсць дакументы. Гэтыя прадаўцы палічылі, што няма сэнсу адчыняцца, бо пакупнікі не прыйдуць на рынак дзеля некалькіх шапікаў.

- Пакуль няма дакумента, ніхто не працуе. Калі раптам што здарыцца і праверка пачне канфіскоўваць тавар, мы ж не будзем спасылацца на тое, што нейкі чыноўнік нешта сказаў на тэлевізіі. Патрэбна рэальная папера, якая будзе рэгуляваць не толькі нашую працу, але і дзейнасць кантрольных органаў, - сказаў старшыня звязу прадпрымальнікаў Паўднёвага рынку Андрэй Шасцяракоў.

Дарэчы

У "чорную" суботу, калі на рынках горада прайшлі татальныя распродажы, ІП удалося прадаць у два-тры разы больш тавару, чым у звычайны выходны, прызналіся прадаўцы з Паўднёвага рынку. Аднак праз тое, што кошты давялося знізіць на 30-50 адсоткаў, або зусім гандляваць у страту, зарабіць практычна не ўдалося.

Толькі лічбы

На 1 студзеня 2015 года ў Гарадзенскай вобласці было зарэгістравана 13.673 плацельшчыкаў адзінага падатку, у Гародні - 5541. У рэгіёне за 2014 было выплачана адзінага падатку на суму 115,4 млрд рублёў, у Гародні – 57,5 млрд рублёў. У сярэднім за год кожны ІП заплаціў у бюджэт блізу 8,4 млн рублёў. У вобласці штомесяц адзіны падатак у раздробным гандлі плацілі амаль 5,5 тысячы прадпрымальнікаў.

Падатковая інспекцыя распавяла, як працаваць ІП

Як паведамілі ў Галоўнай управе падаткаабкладання фізічных асоб Міністэрства падаткаў і збораў, прадпрымальнікі - плацельшчыкі адзінага падатку могуць прадаваць на рынках без дакументаў тавары, увезеныя з тэрыторыі дзяржаў – чальцоў Мытнага саюза. У сакавіку, да афіцыйнага апублікавання праекта ўказа прадаўцы абавязаныя да пачатку ажыццяўлення дзейнасці падаць у падатковую службу дэкларацыю аб адзіным падатку і зрабіць яго выплату і ПДВ у фіксаванай суме паводле старых правіл. Пасля ўступлення ў дзеянне ўказа трэба будзе падаць удакладненую дэкларацыю і даплаціць падаткі ў сумах, указаных у новым дакуменце.

Напісаць каментар 9

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках