25 красавiка 2024, Чацвер, 3:31
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Музей ГУЛАГа ў Расеі адцэнзуравалі

16

Музей палітычных рэпрэсій "Перм-36" як і раней адкрыты, але гісторыя ГУЛАГу асвятляецца цяпер тут у зусім новым святле.

Дырэктар музея палітычных рэпрэсій "Перм-36" Віктар Шмыраў заяўляе, што мясцовыя ўлады ўзялі мемарыял пад свой кантроль і прыбралі згадкі пра злачынствы Іосіфа Сталіна, піша BBC.

Мемарыяльны музей "Перм-36" заснаваны на месцы былой папраўча-працоўнай калоніі на Урале. Гэта адзіны ацалелы лагер, пабудаваны ў часы сталінскага тэрору.

"Вядома, гэта палітычная пастанова", - не сумняваецца Віктар Шмыраў у падставе пастановы новага кіраўніцтва.

Музеем кіравала няўрадавая арганізацыя, якая заявіла аб самаліквідацыі пасля канфлікту з Пермскімі ўладамі.

У ГУЛАГ (Галоўная ўправа папраўча-працоўных лагераў, працоўных паселішчаў і месцаў зняволення) высылалі мільёны грамадзян СССР у сталінскія часы. Найбольшага маштабу рэпрэсіі дасягнулі ў 1930-х гадах.

Новае кіраўніцтва музея мяркуе, што пра гісторыю рэпрэсій можна расказваць, не згадваючы Сталіна.

Партрэты Сталіна, якія былі забароненыя пасля выкрыцця культу асобы ў 60-х гадах, у сучаснай Расеі можна ўбачыць усё часцей.

Даследаванні паказваюць, што многія расейцы ўважаюць Сталіна за героя. Аднак у самім лагеры, створаным на загад Сталіна, згадак пра яго цяпер не сустрэнеш.

Дырэктар "Пермі-36" Віктар Шмыраў патлумачыў, як змянілася канцэпцыя музея з прыходам новага кіраўніцтва.

"Мемарыял не знікне, але музей захапілі людзі, якіх прызначыла новая ўлада, і цалкам змяніла яго. Цяпер гэта музей пра лагерную сістэму, але не пра палітычных зняволеных. Яны не гавораць пра рэпрэсіі або пра Сталіна", - кажа Шмыраў.

На ягоны погляд, музей стане іншым і страціць сваё значэнне.

Лагер "Перм-36" захаваўся практычна ў нязменным выглядзе са сталінскіх часоў.

Са слоў Шмырова, нападкі ўладаў на музей пачаліся ў 2013 годзе, і спачатку тысячы людзей спрабавалі пратэставаць.

Але вясной мінулага года ў музеі за пазыкі адключылі ваду і электрычнасць.

Папраўча-працоўная калонія ў Сібіры "Перм-36" амаль не змянілася з часоў Сталіна: на 14 тысячах квадратных метрах за парканам і калючым дротам размясціліся 20 будынкаў, якія правільней назваць баракамі.

За час рэпрэсіяў часоў Сталіна больш за 3 тысячы палітычных зняволеных прайшлі праз гэты лагер, за час Леаніда Брэжнева - яшчэ каля тысячы, кажа Шмыраў.

Асноўны кантынгент складалі нацыяналісты Украіны ды Прыбалтыкі, так званыя бандэраўцы і лясныя браты.

Лагер закрылі ў 1988 годзе, а праз восем гадоў на яго тэрыторыі быў заснаваны музей.

Шмыраў мяркуе, што працэс паглынання музея ўладамі адбываецца не столькі з мэтай рэабілітацыі Сталіна, колькі "з палітычных прычын".

"Мы ўжо назіраем стварэнне дзяржавы сталінскага тыпу - вялікая ўлада засяроджаная ў руках аднаго чалавека", - кажа Шмыраў.

На ягоны погляд, пры прэзідэнце Пуціне "няма ніякай патрэбы для рэпрэсій - людзі сталі пакорлівымі".

"Палітычная сістэма вяртаецца да таталітарызму", - высноўвае Шмыраў.

Напісаць каментар 16

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках