Украінскія войскі на Данбасе прыступілі да адводу «Градаў»
- 5.03.2015, 15:27
- 5,717
Украінскія войскі на тэрыторыі Данбаса прыступілі да чарговага этапу адводу цяжкага ўзбраення, які прадугледжаны менскім пагадненнем.
Пра гэта сайту паведамілі ў прэс-цэнтры антытэрарыстычнай аперацыі.
«5 сакавіка, пачынаецца чарговы этап адводу артылерыйскіх сістэм ад лініі баявога сутыкнення ў зоне АТА на адлегласць, вызначаную падчас падпісання Менскіх дамоўленасцей. На падрыхтаваныя рубяжы перадыслакуюцца рэактыўныя сістэмы залпавага агню БМ-21 «Град» на ўсёй лініі размежавання», - гаворыцца ў паведамленні.
Раней украінскі бок адвёў ад лініі фронту самаходныя артылерыйскія ўстаноўкі «Акацыя», супрацьтанкавыя гарматы «Рапіра» ды іншыя прылады. Прэс-служба міністэрства абароны Украіны адзначае, што гэта зафіксавалі назіральнікі АБСЕ. У выпадку парушэння супраціўнікам мірных дамоўленасцей, як паведамляюць у міністэрстве, узбраенне будзе вернутае на ранейшыя пазіцыі «ў рэкордна кароткія тэрміны».
Нагадаем, 12 лютага ў Менску завяршыліся перамовы лідараў «нармандскай чацвёркі» для ўрэгулявання сітуацыі на Данбасе. Вынікам стала прыняцце Дэкларацыі прэзідэнтаў Украіны, Францыі, РФ, і канцлеркі Нямеччыны ў падтрымку Комплексу захадаў для выканання Менскіх пагадненняў. Многія экспэрты ацэньваюць пагадненні як нявыгадныя для Украіны і называюць іх «капітуляцыяй Еўропы».
Украіна і міжнародныя арганізацыі неаднаразова заяўлялі аб тым, што баевікі ДНР і ЛНР парушаюць умовы перамір'я.
Фота: Reuters