20 красавiка 2024, Субота, 5:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Сістэмы відэаназірання будуць усталёўваць за кошт грамадзян

28
Сістэмы відэаназірання будуць усталёўваць за кошт грамадзян

У Менску распрацаваная канцэпцыя ўстаноўкі сістэм відэаназірання на жылых дамах.

Пра гэта паведаміў 1 красавіка на прэс-канферэнцыі генеральны дырэктар дзяржаўнага аб'яднання «Менская гарадская жыллёвая гаспадарка» Віталь Смірноў, піша БелаПАН.

«Мы вывучылі досвед Масквы, у якой сістэмамі відэаназірання абсталяваная кожная дваровая тэрыторыя», - адзначыў Смірноў. З ягоных слоў, таварыствамі ўласнікаў, ЖБВК, з ініцыятывы жыхароў абсталявана відэакамерамі ўжо 188 жылых дамоў.

«Раней у нас не было адзіных падыходаў да гэтага пытання. Цяпер працоўная група распрацавала канцэпцыю, каб вызначыць мінімальныя патрабаванні да ўстаноўкі сістэм. Трэба, каб абсталяванне было самым сучасным, каб не ставілі абы што, - адзначыў Смірноў. - Таксама стаіць задача ўсе сістэмы аб'яднаць у адну, каб быў выхад на адзіны пульт, адзіны сэрвер для запісу і захоўвання ўсёй інфармацыі. Ужо распрацаваны праграмны прадукт, які працуе як відэааналітыка. Гэта дазваляе аўтаматычна кіраваць камерамі і накіроўваць іх у неабходны момант на стаянку аўтамабіляў, або на кантэйнерную пляцоўку, або на дзіцячую пляцоўку, на ўваход у пад'езд і гэтак далей».

З ягоных слоў, устаноўка сістэм карысная і для насельніцтва, і для камунальных службаў, і для санітарных службаў, і для праваахоўных органаў, для процідзеяння выпадкам вандалізму.

«Плануецца, што саму сістэму відэаназірання на доме мы будзем усталёўваць за кошт насельніцтва, а ўсё астатняе - сэрверы, перадачу звестак, абслугоўванне, захоўванне звестак - за кошт бюджэту. І гэтая частка выдаткаў большая, чым кошт камер і ўстаноўкі», - адзначыў Смірноў.

Як паведаміў начальнік управы гарадской гаспадаркі і энэргетыкі Менгарвыканкама Дзмітрый Янчык, у Менску ўжо працуе адзіная сістэма відэаназірання ў грамадскіх месцах. Яна была створаная ў 2014 годзе да чэмпіянату свету ў хакеі.

«Усе асноўныя вуліцы, плошчы, аб'екты аснашчаныя 900 камерамі, створаны адзіны цэнтр, у ГУУС і ў Менгарвыканкаме ёсць відэасцены, на якіх у онлайн-рэжыме можна паглядзець, што адбываецца ў тым ці іншым месцы горада», - паведаміў Янчык.

З ягоных слоў, праводзіцца пілотны праект у жылым сектары. «На аснове аналізу праекта будуць укараняцца сістэмы і на іншых дамах», - сказаў Янчык.

Прычым укараненне сістэм будзе адбывацца ў добраахвотным парадку на аснове пастановы жыхароў. «Людзі бачаць карыснасць сістэмы і ўкараняюць яе на сваіх дамах», - адзначыў начальнік управы.

Унёсак кожнай сям'і складае 100-200 тысяч рублёў.

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках