28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:18
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Газавыя рэверансы Расеі

7
Газавыя рэверансы Расеі

У газавых стасунках Украіны і Расеі пачалася новая квадра.

РФ, апынуўшыся ў дужа складаным эканамічным становішчы на фоне санкцый і падзення кошту паліва, пайшла на кампраміс, каб не страціць украінскі газавы рынак - «Газпром» наважыў падоўжыць «зімовы пакет», што закончыў сваё дзеянне 1 красавіка, дамоўленасці аб якім былі дасягнутыя ў кастрычніку 2014 года ў выніку цяжкіх і працяглых (з траўня) праз пазіцыю Масквы перамоў пры ўдзеле Еўразвязу, паведамляе УНІАН.

Прычым, Масква традыцыйна падала сваю ініцыятыву, ігнаруючы рэчаіснасць - не як адзінае для яе выйсце са складанай сітуацыі перад абліччам падзення нафтавага кошту (да якога дапасаваныя газавыя кантракты) і скарачэння дзелі «Газпрома» на рынку ЕЗ, а як нейкую «добрую волю» . Ва ўсіх паведамленнях расейскі СМІ пішацца, што з просьбай падоўжыць «зімовы пакет» да «Газпрому» звярнуўся «Нафтагаз». Між тым, напярэдадні «лёсавызначальнай» пастановы Крамля ў эфіры тэлеканала «Расія 24» кіраўнік «Газпрома» Аляксей Мілер заявіў, што расейская манаполія папрасіла збаўку для Украіны самастойна. Пра яе было заяўлена 20 сакавіка на чарговай трохстаронняй сустрэчы ў Брусэлі, і гэтае выйсце з сітуацыі спадабалася Еўракамісіі. Атрымаўшы ўхваленне - ЕК, а затым і беспасярэдне Уладзіміра Пуціна - урад РФ прыняў пастанову аб даванні Украіне збаўкі на газ у другім квартале гэтага года на суму экспартнай мыты, але не больш за 100 даляраў за тысячу кубаметраў.

«Экспартная мыта разлічваецца паводле наступнай формулы: пры кошце 333,3 даляра ЗША і вышэйшым за 1 тысячу м3 газу зніжэнне складзе 100 даляраў ЗША, пры кошце ніжэйшым за 333,3 даляра ЗША зніжэнне складзе 30% такога кошту», - гаворыцца ў пастанове ўрада РФ.

У другім квартале 2015 года кошт газу для Украіны паводле кантракту складзе 348 даляраў за тысячу кубоў. На фоне падзення кошту нафту (формула разліку кошту газу дапасаваная да кошту кошыка нафтапрадуктаў) і пры ўліку пралангаванай збаўкі на суму вывазной мыты кошт газу для Украіны ў другім квартале можа быць у межах 230-250 даляраў за тысячу кубоў (кошт расейскага газу для Украіны у лістападзе-снежні складаў 378 даляраў, а ў першым квартале 2015 - 329 даляраў).

Кіраўнік Мінэнэргавугалю Андрэй Дзямчышын заявіў, што Украіна гатовая купляць расейскі газ коштам блізу 250 даляраў за тысячу кубаметраў, што менш за кошт паставак рэверснага газу з Еўразвязу, якія цяпер каштуе 280 даляраў. «Калі пацвердзім кошт 250 даляраў, то трэба будзе выкарыстоўваць такую магчымасць», - сказаў Дзямчышын.

Афіцыйна замацаваць падаўжэнне дзеяння «зімовага пакета» плануецца 14-15 красавіка падчас трохстаронняй сустрэчы ў Брусэлі. А пакуль «Нафтагаз» і «Газпром» працягваюць дзвюхстароннюю аперацыйную дзейнасць. Фактычна Украіна мае магчымасць, у выпадку патрэбы, імпартаваць расейскі газ да 13-14 красавіка, пакуль не будуць падпісаныя новыя ўмовы. Прычым іх дзеянні хочуць замацаваць да вясны 2016 года.

Экспэрты мяркуюць, што Украіне не варта найбліжэйшым часам аднаўляць куплю расейскага газу, якую яна спыніла з 1 красавіка. У гэтым няма патрэбы - пік спажывання пройдзены, газу ў сховішчах засталося амаль 8 мільярдаў кубоў, з якіх можна яшчэ больш за 1,5 мільярда ўзяць калі трэба. А першачарговыя патрэбы можна кампенсаваць рэверсным газам, пастаўкі якога працягваюцца.

Але ўжо ў трэцім квартале, калі трэба будзе паклапаціцца пра запампоўванне газу ў ПСГ для будучага ацяпляльнага сезона і забеспячэння транзіту ў Еўропу, Украіна можа аднавіць закуп, пагатоў, кошт газу ў гэты перыяд з улікам збаўкі будзе ніжэйшы за цяперашні і параўнальны з коштам на спотавым рынку, які прагназуецца ніжэйшым за 200 даляраў (спотавы рынак - «наяўны рынак», на якім укладаюцца ўгоды з неадкладнай пастаўкай, або ў межах кароткага прамежку часу, а разлікі праводзяцца рынкавым коштам на момант укладання ўгоды). Дарэчы, грашыма на закуп блакітнага паліва Еўразвяз абяцаў Украіну забяспечыць.

Яшчэ адзін важны нюанс - цяпер заканчваюцца перамовы «G6» - ЗША, Вялікабрытаніі, Францыі, Нямеччыны, Расеі і Кітая - з Іранам аб яго ядзернай праграме. Тэгеран папярэдне пагадзіўся на саступкі ў абмен на зняцце санкцый. Калі пагадненне будзе дасягнутае, то на рынак лінуць дадатковыя пастаўкі нафты - Іран за час «нафтавай ізаляцыі» назбіраў значныя запасы «чорнага золата» і можа неадкладна павялічыць экспарт, а здабычу - прыкладна на 500 тысяч барэляў за дзень у тэрмін ад трох да шасці месяцаў , прагназуюць аналітыкі ANZ Bank. Кошт нафты ў гэтым выпадку можа апусціцца да 30 даляраў за барэль. Для Расеі гэта - катастрофа. Паводле звестак Цэнтрабанка РФ, пры кошце нафты 45 даляраў за барэль штогадовыя страты расейскай эканомікі складаюць 160 мільярдаў даляраў. Гэта - агульныя страты, якія нясуць і нафтавікі, і бюджэт, які ледзь трывае ціск санкцый, што выклікалі стагнацыю эканомікі.

А наперадзе яшчэ падзенне кошту газавых кантрактаў. Магчыма, гэта зробіць Крэмль больш «падатным», і на будучых трохстаронніх перамовах развяжуцца астатнія праблемы газавых стасункаў Расеі і Украіны - пастаўкі на Данбас, якія «Газпром» ажыццяўляе з 19 студзеня да сённяшняга дня з парушэннем асноўнага кантракту, незаконна выстаўляючы рахунак за іх «Нафтагазу», аднаўленне кантрактнага прынцыпу take-or-pay («бяры або плаці»), што Расея хоча ажыццявіць ужо ў красавіку, а таксама аб'ём абавязковай куплі - згодна з кантрактам 2009 года.

Такім чынам, нас чакаюць цікавыя навіны, якія, у прынцыпе, павінны выклікаць выключна станоўчыя эмоцыі.

Напісаць каментар 7

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках