20 красавiка 2024, Субота, 5:08
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Чаму ЗША павінны ігнараваць заклік Беларусі

28
Чаму ЗША павінны ігнараваць заклік Беларусі

Ліхія часіны патрабуюць заўзятых захадаў.

Магчыма так думаў Аляксандр Лукашэнка на гэтым тыдні, калі звяртаўся з заклікам да ЗША, якія называюць яго «астатнім дыктатарам Еўропы». У інтэрв'ю заходняму выданню, якія наогул здараюцца рэдка, беларускі аўтарытарны кіраўнік заклікаў Вашынгтон прылучыцца да перамоў аб урэгуляванні ўкраінскага крызісу і падкрэсліў, што «без амэрыканцаў ва Украіне немагчымая ніякая стабільнасць». Нават паводле эксцэнтрычных стандартаў Лукашэнкі, гэта паварот на 180 градусаў у дачыненні да краіны, якую ён доўгі час абвінавачваў у спробах скінуць яго і якая, у сваю чаргу, занесла яго самога, ягоны блізкі асяродак ды іхні бізнэс у чорны спіс за грубыя парушэнні правоў чалавека. Тым не менш, як ні дзіўна, гэтыя сігналы наўрад сведчаць аб змене ў стасунках. Мабыць, гэта тактычны крок з адзінай мэтай: захаваць аўтарытарнае кіраванне Лукашэнкі.

Рэжым Лукашэнкі грунтуецца на некалькіх слупах. Унутры краіны вертыкаль улады трымае пад строгім кантролем палітыку, дзяржаўнае кіраванне і суды. Разадзьмуты апарат бяспекі прымушае маўчаць палітычную апазіцыю, незалежныя СМІ і грамадзянскую супольнасць. Эканоміка, якая збольшага кіруецца дзяржавай, забяспечвае пераразмеркаванне матэрыялаў, купляючы палітычнае маўчанне эліт і грамадства. У замежнай палітыцы Беларусь прывязаная да Расеі, без чыіх танных энэргарэсурсаў, крэдытаў і льгот на доступ да рынку краіна не можа выжыць. Удаючы, што ён увесь час імкнецца да яшчэ больш глыбокай інтэграцыі з Расеяй, Менск у першую чаргу зацікаўлены ў безупыннай плыні субсідый. Кожны раз, калі Крэмль выстаўляе занадта высокую палітычную плату, Беларусь зазвычай паварочваецца да Захаду, інсцэнуе збліжэнне і лібералізацыю, збірае крэдыты і дапамогу ды чакае, калі Расея паддасца яе шантажу. Дзякуючы такой камбінацыі жорсткай унутранай палітыкі і ўмелага манэўравання ў замежнай Лукашэнка знаходзіцца ва ўладзе ўжо больш за 20 гадоў.

Тым не менш, украінскі крызіс істотна змяніў стаўкі Лукашэнкі. Ударная хваля ад анэксіі Крыма Расеяй і наступная вайна ва ўсходняй Украіне дакацілася да Беларусі, ясна пазначаючы агрэсію Крамля супраць яго былых сатэлітаў, якія выбралі ўласны палітычны курс. Канцэпцыя «расейскага свету», выкарыстоўваная Масквой для апраўдання жорсткіх захадаў абароны расейскамоўнага насельніцтва за межамі Расеі, выглядае асабліва пагрозлівай для Беларусі, дзе большасць насельніцтва размаўляе па-расейску. Як і іншыя постсавецкія краіны, Беларусь востра ўсвядоміла ступень сваёй уразлівасці перад умяшаннем Расеі, у тым ліку эканамічную і энэргетычную залежнасць, прапаганду расейскіх дзяржаўных СМІ і прарасейскіх арганізацый, ціск на часткі апарату бяспекі і прысутнасць расейскіх вайсковых баз.

Беларусь, усё яшчэ якая пакутуе ад траўмаў Другой сусветнай вайны, апынулася ў цэнтры патэнцыйнага супрацьстаяння паміж Расеяй і Захадам, супрацьстаяння, да якога імкнецца Расея, пра што можна меркаваць з частых вайсковых вучэнняў, рэгулярных палётаў у паветранай прасторы NATO і ядзерных пагроз. Беларусь таксама цяжка пакутуе ад негатыўных эканамічных наступстваў бягучага крызісу. Уплыў нізкага кошту нафты і заходніх санкцый на Расею і насоўванне эканамічнага краху ва Украіне азначае, што першы і трэці самыя вялікія гандлёвыя партнёры Беларусі знаходзяцца ў рэцэсіі, што цягне за сабой сур'ёзнае падзенне беларускай валюты, даходаў і рэзэрваў. Карацей кажучы, уяўная стабільная апора ўлады Лукашэнкі руйнуецца з некалькіх бакоў адначасова.

Сутыкнуўшыся з такім развіццём сітуацыі, Лукашэнка не марнаваў часу і ўмацаваў свае пазіцыі ў краіне і за мяжой. Унутры краіны ён пазіцыянуе сябе як падмурак стабільнасці і нацыянальнай ідэнтычнасці, апраўдваючы сваё дыктатарскае ўладаранне і падкрэсліваючы важнасць беларускай мовы і культуры. У кірунку Масквы ён дазваляе сабе ноткі незалежнасці, падкрэсліваючы тэрытарыяльную цэласнасць Украіны і прызнаючы новы ўрад у Кіеве, але таксама і прызнаючы захоп Крыма Расеяй. У кірунку Захаду і асабліва Еўразвязу Лукашэнка паўстае ў вобразе гаранта суверэнітэту Беларусі і пасярэдніка ва ўкраінскім крызісе, прымаючы (але не мадэруючы) першыя і другія менскія перамовы аб спыненні агню.

Заляцанні Лукашэнкі да ЗША выглядаюць лагічнымі на фоне такіх намаганняў. Тым не менш яны спалучаныя з палітычнымі рызыкамі для Захаду. Па-першае, існуе небяспека легітымізацыі і заахвочвання адыёзнага дыктара. Лукашэнка выкарыстоўвае ўкраінскі крызіс, каб вырвацца з міжнароднай ізаляцыі. Еўрапейскія чыноўнікі і экспэрты ўжо выступаюць за больш шчыльныя стасункі, згаджаючыся з патрабаваннем Лукашэнкі, што нетрывалая незалежнасць Беларусі галоўнейшая за жаласны стан дэмакратыі ў краіне, і даводзячы, што расейская геапалітычная пагроза важнейшая за еўрапейскія вартасці. Гэта глыбока расчароўвае мноства беларусаў, якія імкнуцца да дэмакратыі, і не прапаноўвае ніякай дапамогі ў выпадку парушэння суверэнітэту Беларусі Расеяй. У кароткатэрміновай перспектыве адзіным пераможцам з'яўляецца Лукашэнкі, а ў доўгатэрміновай – паразу пацерпяць дэмакратыя і незалежнасць Беларусі.

Па-другое, ёсць праблема часу. Заклік Лукашэнкі залучыць ЗША прагучаў у той момант, калі ўсё яшчэ дзейнічае пагадненне аб развязванні канфлікту ва ўсходняй Украіне, падпісанае пры пасярэдніцтве Еўропы. Другое менскае пагадненне, якое было падпісанае Украінай і Расеяй супольна з Францыяй і Нямеччынай у лютым, не выконваецца. Тым не менш, абвяшчэнне пагаднення нядзейным, што Лукашэнка зрабіў сваім заклікам аб прылучэнні ЗША да працэсу і новага ўрэгулявання канфлікту, мае некалькі наступстваў. Часткова застаецца адкрытым пытанне аб тым, якая з ваенных старон нясе большую адказнасць за зрыў пагаднення. Гэта таксама выклікала б вотум недаверу з боку Вашынгтона ў перамоўным працэсе, у які Бэрлін і Парыж уклалі істотны палітычны капітал, і сур'ёзна сапсавала б трансатлантычныя стасункі і еўрапейскае адзінства. Гэта таксама магло б прасунуць пытанне аб пастаўках амэрыканскай зброі ва Украіну, якое падзяляе палітычны эліты Вашынгтона і Барака Абаму. Адным словам, ёсць пераканаўчыя падставы адкласці пытанне аб чынным уцягванні ЗША ў працэс, прынамсі, цяпер.

І нарэшце, адна з мэт закліку Лукашэнкі - дагадзіць Расеі. Просьба да ЗША вярнуцца за перамоўны стол аб Украіне прыяе жаданню Расеі быць прызнанай як сусветны гулец, якое не можа задаволіць ні адзін лідэр ЕЗ, уцягнутых ў нядаўнія перамовы. Прэтэнзіі Расеі на сфэру ўплыву, вайна ва Украіне і пагрозы NATO маюць на мэце паставіць Расею на адзін узровень з ЗША. Нішто не раздражняе прэзідэнта Пуціна мацней чым характарыстыка Расеі прэзідэнтам Абамам як «рэгіянальнай сілы». Паўторнае ўцягванне ЗША ў працэс аб Украіне ўзняло б самаўпэўненасць Расеі і выклікала б сур'ёзныя наступствы. Гэта падштурхнула б Расею на яшчэ больш агрэсіўныя дзеянні, каб выпрабаваць межы абавязанняў ЗША ў дачыненні да Еўропы, асабліва Усходняй. Гэта магло б аслабіць адвагу і абавязанні ЕЗ, якія ў рэчаіснасці недастаткова развітыя, для прыняцця на сябе большай адказнасці за ўласную бяспеку і суседства.

Вядома, удзел ЗША ў перамовах аб Украіне з Расеяй і Еўропай з'яўляецца ў цэлым патрэбным і больш жаданым, чым калі-небудзь, асабліва сярод усходніх сябраў ЕЗ і NATO. Але заклік Лукашэнкі на гэтым тыдні прымусіў гэтую просьбу гучаць не з таго боку, не ў той час і не на тых падставах. Вашынгтон пакуль праігнараваў заклік. І суздром слушна.

Ёрг Форбрыг, даследчык Цэнтральнай і Усходняй Еўропы, дырэктар Фонду для дэмакратыі ў Беларусі ў Нямецкім фондзе Маршала ў Бэрліне, The American Interest

Напісаць каментар 28

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках