29 сакавiка 2024, Пятніца, 16:01
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Арыфметыка палітыкі

47
Арыфметыка палітыкі

Вельмі кароткі дапаможнік.

Не варта займацца навукамі, не ведаючы арыфметыкі. Трэба вывучыць для пачатку лічбы, хоць бы дзесяць, потым простыя арыфметычныя дзеянні і толькі затым пераходзіць да рэчаў больш складаных. Іншымі словамі, у кожнай справе ёсць свае базавыя паняткі.

У палітыцы таксама ёсць свая арыфметыка.

Пры дыктатуры гэтая арыфметыка зводзіцца да вельмі простых паняткаў і дзеянняў. Апазіцыі ў Беларусі яны добра вядомыя. Дыктатуры Лукашэнкі таксама, але яна іх адмаўляе і з імі змагаецца.

Галоўнай асаблівасцю дыктатуры з'яўляецца тое, што шляхам выбараў дыктатарскі рэжым змяніць немагчыма.

Кожная дыктатура пачынае з таго, што знішчае сам інстытут выбараў і замяняе яго татальнымі фальсіфікацыямі, якія арганізуюць злачынцы з выбарчых камісій і спецслужбы. Дыктатарам патрэбныя псэўдавыбары для таго, каб пераконваць насельніцтва краіны і вонкавы свет, што яны карыстаюцца падтрымкай і законна ўтрымліваюць уладу.

Выбары, якія змяняюць дыктатарскую ўладу на дэмакратычную, праходзяць ужо пасля падзення дыктатуры або ў яго працэсе.

Мэта дыктатуры – усялякім коштам утрымаць уладу. Мэта апазіцыі - дамагчыся змены ўлады.

Чым даўжэй у краіне трымаецца дыктатура, тым больш прынцыпова апазіцыя павінна вызначаць свае задачы, асабліва ў часе палітычных кампаній.

У падмурку тактыкі і стратэгіі апазіцыі, грунтуючыся на яе мэтах і задачах, павінен ляжаць супраціў рэжыму, непрыняцце яго ў цэлым і ў асобных яго выяўленнях.

Дапушчэнне таго, што дыктатарскі рэжым з'яўляецца законным і прымальным, вядзе да таго, што апазіцыя ператвараецца ў псэўдаапазіцыю, то бок фактычна становіцца часткай рэжыму, які за кошт гэтага ўмацоўваецца і падаўжае сваё жыццё.

Дыялог з рэжымам магчымы толькі ў тых выпадках, калі ён вядзе да яго змены, калі ўнутры дыктатуры з'яўляюцца групы, зацікаўленыя ў вызваленні ад нахабнай улады.

Важна памятаць, менавіта апазіцыі належыць астатняе слова ў вызначэнні законнасці выбараў і рэжыму. Незалежна ад моцы ці слабасці апазіцыі, незалежна ад моцы рэпрэсій, незалежна ад гульні з рэжымам еўрапейцаў дэмакратычная апазіцыя не мае права прызнаваць незаконную дыктатарскую ўладу.

Дыктатуру нельга прызнаваць нават пры пагрозе замежнага ўварвання і акупацыі, інакш уварванне і акупацыя адбудуцца пад сховай «законнасці» рэжыму і з яго дапамогай.

Логіка супраціву павінна дыктаваць і стаўленне да арганізаваных дыктатурай псэўдавыбараў.

«Выбары» у кішэнны парламэнт наогул пазбаўленыя сэнсу, як пазбаўлены сэнсу сам гэты орган пры дыктатуры. Усякія ўнутраныя і вонкавыя кантакты з ім павінны быць выключаныя.

Удзел у «прэзідэнцкіх выбарах» мае сэнс, толькі калі яны суправаджаюцца падрыхтоўкай і правядзеннем масавых пратэстаў. Акцыі пратэсту падчас кампаніі і ў дзень выбараў, як мінімум, не дазваляюць дыктатуры дамагчыся міжнароднага прызнання і дэманструюць міжнароднай супольнасці непрыняцце народам дзейнага рэжыму.

Калі ў апазіцыі няма волі да арганізацыі масавых пратэстаў, то іх функцыі выконвае кампанія байкоту, легальная з пункту гледжання міжнароднага права форма выказвання стаўлення да дзейнай улады.

Усё сказанае тычыцца, натуральна, рэальнай апазіцыі, якая імкнецца да таго, каб Беларусь стала беларускай, незалежнай, дэмакратычнай, еўрапейскай дзяржавай.

Выбачайце за павучанне.

Андрэй Саннікаў, лідар грамадзянскай кампаніі «Еўрапейская Беларусь», спецыяльна для charter97.org

Напісаць каментар 47

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках