29 сакавiка 2024, Пятніца, 4:11
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Топ-10 самых недарэчных законаў Беларусі

94
Топ-10 самых недарэчных законаў Беларусі

Гэтыя законы адрозніваюць Беларусь ад цывілізаванага свету.

Тры гады таму Анатоль Тозік заявіў, што пара б браць грошы з беларусаў, якія нідзе не працуюць, але карыстаюцца выгодамі дзяржавы. Чыноўніка тады паднялі на смех, маўляў, дзе гэта бачана, каб беспрацоўным не дапамагалі, а наадварот - здзіралі з іх падаткі. Але пакуль народ жартаваў, чыноўнікі рыхтавалі праект адпаведнага дакумента.

Дэкрэт №3 прынялі прамінулай датай, цяпер непрацуючым беларусам прыйдзецца папаўняць бюджэт дзяржавы.

«Беларускія навіны» склалі топ-10 беларускіх законаў, якія выклікаюць неадназначную рэакцыю ў грамадстве.

1. За фота кінатэатра турыста могуць даставіць у міліцыю

У лютым гэтага года Міністэрства ўнутраных спраў распаўсюдзіла ўказанне супрацоўнікам міліцыі затрымліваць грамадзян і турыстаў, якія фатаграфуюць некаторыя адміністрацыйныя аб'екты.

Акрамя стратэгічных аб'ектаў, кіраўнік МУС не рэкамендуе фатаграфаваць будынка міліцыі, воінскіх частак і судоў.

Адкуль у МУС з'явілася ідэя даваць такія ўказанні сваім супрацоўнікам? 23 лютага ў Лоеве быў затрыманы грамадзянін Расеі, на фотаапараце якога выявілі здымкі будынкаў РАУС і ваенкамата. Маладзён падарожнічаў па блізкім замежжы, але ў Беларусі вялікую частку адпачынку правёў у ізалятары.

Унутранае ўказанне МУС не з'яўляецца нарматыўна-прававым актам і фармальна не забараняе фатаграфаваць будынкі, якія не надежаць да рэжымных аб'ектаў. Але падазронага турыста з Расеі абвінавацілі ў нецэнзурнай лаянцы пры затрыманні. На судзе сведкамі выступілі міліцыянты, якія яго і затрымлівалі. Вынік - 10 дзён арышту.

Тым часам у Іўі турыстаў даставілі ў міліцыю за тое, што яны сфатаграфавалі будынак загса і кінатэатра. А журналіста «Комсомольской правды» больш за тры гадзіны пратрымалі ў РАУС за тое, што ён рабіў здымкі Акадэміі навук - будынка са спісу гісторыка-культурных каштоўнасцяў Беларусі, між іншым.

2. Больш за трох не збірацца

Пасля хвалі маўклівых пратэстаў у 2011-м дэпутаты спешна прынялі папраўкі ў закон «Аб масавых мерапрыемствах», пасля чаго стала магчымым прыцягваць да адказнасці нават за «несанкцыянаваную бяздзейнасць» у грамадскім месцы.

Да таго, як улады дазволяць мерапрыемства, пра яго забаронена паведамляць у СМІ і нават у сацыяльных сетках.

Вы спытаеце, як гэта суадносіцца з канстытуцыйным правам на свабоду сходаў і мітынгаў? Канстытуцыйны суд не ўгледзеў парушэнняў пры прыняцці паправак. Ці варта здзіўляцца, калі ў Гародні за апладысменты аштрафавалі бязрукага, а ў Менску нямога судзілі за выкрыкванне антыдзяржаўных лозунгаў?

3. Слова «прэзідэнт» трэба пісаць з вялікай літары

У 2008 годзе быў прыняты закон «Аб правілах беларускай арфаграфіі і пунктуацыі». Слова «прэзідэнт» паводле новых правіл трэба пісаць з вялікай літары, як і іншыя вышэйшыя дзяржаўныя і рэлігійныя пасады.

Дырэктар інстытута мовазнаўства Акадэміі навук адзначаў, што за правільным напісаннем павінны сачыць самі рэдактары і журналісты, але «дапамагчы» ім можа і Міністэрства інфармацыі. Пакуль яшчэ нікога не прыцягвалі да адказнасці за няправільны правапіс. Але хто ведае, што будзе далей. Бо за скарачэнне «Рэспублікі Беларусь» на «РБ» Мінфінансаў ужо вынесла некалькі папярэджанняў.

Асаблівыя прывілеі для прэзідэнта - і ў Крымінальным кодэксе. Абраза і паклёп у дачыненні да кіраўніка дзяржавы караюцца значна стражэй, чым у дачыненні да простага грамадзяніна. Некалькі журналістаў ужо былі асуджаныя да рэальных тэрмінаў паводле гэтага артыкула КК.

4. За мяжу на аўтамабілі можна выязджаць раз у восем дзён

У разгар эканамічнага крызісу ў 2011-м урад прыняў пастанову, згодна з якой выязджаць за мяжу на аўтамабілі можна раз у восем дзён. Гэты захад быў накіраваны супраць вывазу паліва з краіны.

Кіроўцы памежных раёнаў спрабавалі пратэставаць, аднак да памежнага пераходу «Брузгі» прыбылі супрацоўнікі спецназа, якія ўжылі слезацечны газ. Найбольш актыўныя ўдзельнікі заплацілі штраф за адміністрацыйнае правапарушэнне.

5. За аўтамабіль з замежнымі нумарамі трэба пакінуць заклад на мяжы

Беларусы, якія жывуць за мяжой, сталі радзей ездзіць на радзіму на асабістым аўто. Бо яны павінны пакінуць на мяжы заклад, які гарантуе, што аўтамабіль будзе вывезены з Беларусі, а не выстаўлены тут на продаж. Сума закладу прывязаная да ставак мытных падаткаў, у сярэднім яна складае 8000 даляраў. Забраць свае грошы можна на выездзе з Беларусі.

Замежнікі могуць часова завезці ў Беларусь не больш за адзін аўтамабіль. За ўсе наступныя аўто ім таксама давядзецца ўнесці заклад.

6. Хочаш звольніцца? Атрымай дазвол у начальства!

У 2012 годзе Лукашэнка падпісаў дэкрэт, згодна з якім работнікаў дрэваапрацоўчых прадпрыемстваў, дзе ідзе мадэрнізацыя вытворчасці, могуць звальняць толькі са згоды наймальніка. Аспрэчыць адмову можна толькі ў губернатара.

Пад дзеянне дэкрэта падпадаюць прадпрыемства «Барысаўдрэў», «Віцебскдрэў», «Гомельдрэў», «Івацэвічдрэў», «Мастоўдрэў», «Рэчыцадрэў», «Магілёўдрэў», «Мазырскі дрэваапрацоўчы камбінат» і «ФанДАК». Дарэчы, на апошнім рабочым ужо тры месяцы не выплачваюць заробак.

Прадстаўнікі незалежных прафзвязаў параўноўвалі дэкрэт прэзідэнта з прыгонным правам. Буйныя міжнародныя прафцэнтры таксама асудзілі гэтыя новаўвядзенні.

7. За моладзь вызначылі, дзе ёй лепш працаваць

Міжнародныя арганізацыі таксама падвяргаюць крытыцы абавязковае размеркаванне маладых спецыялістаў у Беларусі.

Ва ўлады два стандартныя аргументы. Па-першае, гэта клопат сацыяльна арыентаванай дзяржавы, бо выпускніку гарантуюць працоўнае месца на два гады. Па-другое, усіх бюджэтнікаў напярэдадні залічэння ў навучальную ўстанову папярэджваюць, што трэба будзе адпрацаваць на карысць дзяржавы. А значыць, ніякага парушэння Канстытуцыі няма.

Ва ўнісон чыноўнікам паўтарае БРСМ - моладзь падтрымлівае абавязковае размеркаванне. Пераемнікі камсамола пакуль не ведаюць, што самая папулярная тэма сярод студэнтаў пятага курса - як адкасіць ад размеркавання.

8. Ад алкагалізму лячыць прымусова

Яшчэ адна спадчына ад савецкага заканадаўства - існаванне лячэбна-працоўных прафілакторыяў. ЛПП захаваліся толькі ў Беларусі, Туркменістане і на тэрыторыі непрызнанай Прыднястроўскай рэспублікі.

Фармальна алкаголікаў змяшчаюць у прафілакторый, каб вылечыць іх праз медыцынскую і працоўную тэрапію. Фактычна ж ЛПП супастаўныя з месцамі пазбаўлення волі, бо курыруе іх Дэпартамент выканання пакаранняў МУС. Разглядаецца нават пытанне аб умоўна-датэрміновым вызваленні алкаголікаў. Пры гэтым падставай пазбаўлення волі з’яўляецца не ўчыненае злачынства, а хвароба - хранічны алкагалізм, наркаманія або таксікаманія, бо за ўчыненыя правапарушэнні вінаваты і так нясе адміністрацыйную адказнасць.

На думку медыкаў, немагчыма прымусова вылечыць чалавека ад алкагольнай залежнасці. Больш за тое, часцяком у ЛПП трапляюць людзі, якім не былі прапанаваныя альтэрнатыўныя метады лячэння. Па сутнасці, адзіная карысць ад такіх «прафілакторыяў» - часовая ізаляцыя дэбашыра ад сваякоў, якія стаміліся ад боек і разборак. Бо дзяржава нават не вядзе статыстыку, колькі алкаголікаў вылечваецца за час знаходжання ў ЛПП.

9. Хочаш памяняць пакрыццё падлогі? Атрымай дазвол у выканкаме

У Беларусі дзяржава настолькі клапоціцца пра сваіх грамадзян, што нават кладку полу ва ўласнай кватэры трэба ўзгадняць у выканкаме.

Каб атрымаць дазвол, трэба падаць спецыяльны праект і пацвердзіць, што паўналетнія сямейнікі не супраць замены, напрыклад, лінолеума на ламінат.

10. З непрацуючых будуць браць падатак

Дэкрэт №3 па-ранейшаму на слыху ў беларусаў. Тых, хто фармальна не працуе, прымусяць заплаціць 20 базавых адзінак. Падаткавікі, якія будуць весці паляванне за дармаедамі, у першую чаргу правераць тых, хто набыў дарагія рэчы за мінулы год. Прыкрыцца сведчаннем ІП ці статусам рэпетытара не атрымаецца - калі гадавы даход меншы за 3,6 млн рублёў, давядзецца раскашэліцца на збор за дармаедства.

І гэта не канец. Апошнім часам ад лекараў і чыноўнікаў усё часцей гучыць, што пацыентаў, якія трапілі ў лякарню ў алкагольным ап'яненні, трэба лячыць платна. Гэтую ідэю прасоваў Анатоль Тозік. А былы старшыня ФПБ Леанід Козік на поўным сур'ёзе заяўляў, што пара б браць падатак з бяздзетных мужчын, бо яны «сыходзяць ад сваёго грамадзянскага абавязку».

Напісаць каментар 94

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках