18 красавiка 2024, Чацвер, 5:00
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Марголін: Дэкрэт №3 мае выключна палітычны характар

23
Марголін: Дэкрэт №3 мае выключна палітычны характар

Прыняцце дэкрэта аб барацьбе з «дармаедамі» - яшчэ адзін спосаб зацугляць людзей і расправіцца з непажаданымі.

Прыняцце дэкрэта аб «дармаедах» не матываванае ніякімі прававымі падмуркамі, закон з'яўляецца грубым парушэннем Канстытуцыі Беларусі, міжнародных дамоў, эканамічна немэтазгодны і стварае поле для карупцыі.

Да такой высновы прыйшлі ўдзельнікі Экспэртнага клуба, які адбыўся ў сталічным офісе АГП 17 красавіка.

У пасяджэнні ўзялі ўдзел Леанід Заіка (цэнтр "Стратэгія"), Яраслаў Раманчук (цэнтр Мізэса), Валянцін Стэфановіч, (ПЦ "Вясна"), Гары Паганяйла (БХК), Анатоль Лябедзька і Леў Марголін (АГП).

З вынікамі пасяджэння сайт ucpb.org азнаёміў намеснік старшыні АГП, эканаміст Леў Марголін.

«Мэтай сённяшняга пасяджэння Экспэртнага клуба было знайсці нейкую рацыянальную аснову праславутага дэкрэта №3 «Аб папярэджанні сацыяльнага ўтрыманства». Мы спрабавалі вызначыць, ці ёсць нейкія прававыя ці эканамічныя падмуркі, якія запатрабавалі прыняцця такога неадназначнага дэкрэта. Можа, ёсць нейкая сусветная практыка, на якую любяць часам спасылацца нашыя чыноўнікі... Высветлілася, што ніякіх прававых падмуркаў для гэтага дэкрэта няма. Больш за тое, ён з'яўляецца грубым парушэннем Канстытуцыі Рэспублікі Беларусь, якая разглядае працу як права чалавека, а не як абавязак. Гэтак жа гэта парушэнне цэлага шэрагу міжнародных дамоў, якія падпісвала Беларусь, якія наўпрост забараняюць выкарыстанне прымусовай працы. Але, як вядома, для нашых улад міжнародныя нормы асаблівага значэння не маюць», - адзначыў экспэрт.

Леў Марголін падкрэсліў, што прыняцце гэтага дэкрэта мае выключна палітычны характар.

«Што да эканамічных падмуркаў, то мы таксама прыйшлі да адзінага меркавання - абсалютна ніякай эканамічнай ролі гэты дэкрэт не мае, бо тыя мізэрныя зборы, якія, можа быць, здолеюць атрымаць з яго дапамогай, будуць з гакам перавышаныя выдаткамі на гэтыя зборы. Бо трэба будзе адсочваць тысячы людзей, правяраць іх даходы, правяраць іх выдаткі, правяраць ці працавалі яны 183 дні або не, ці выплачвалі яны падатак 20 базавых адзінак або меншы, г.зн. адміністрацыйныя выдаткі на гэтыя зборы будуць значна вышэйшыя, чым магчымае паступленне ад яго.

Адзіны момант, які можна разглядаць - прыняцце гэтага дэкрэта мае выключна палітычны характар. Па-першае, гэта яшчэ адзін спосаб зацугляць людзей і расправіцца з непажаданымі, перш за ўсё з палітычна актыўнымі людзьмі. Па-другое, ён дазволіць пэўным чынам нівеліраваць патэнцыйнае абурэнне людзей з нізкімі заробкамі. Калі чалавек не хоча працаваць за малы заробак, то ён звальняецца. Але, калі ён будзе ведаць, што звольніўся, яму ўсё адно давядзецца заплаціць 20 базавых адзінак, тады ён падумае, а ці варта звальняцца. Акрамя таго, ён будзе ведаць, што на біржы працы чакаюць людзі, якія згодныя на такі заробак, абы не плаціць падаткі. Гэта адзіны варыянт, які праглядаецца», - заявіў ён.

«А агулам у нас строгасць і жорсткасць законаў, як звычайна, кампенсуецца неабавязковасцю іх выканання. Таму можна меркаваць, што на гэты закон альбо заплюшчаць вочы, бо ён павінен пачаць дзейнічаць толькі ў наступным годзе, альбо будуць выкарыстоўваць яго выбарачна, перш за ўсё для звестак з рахункаў. І вядома, як кожны такі заканадаўчы акт, ён стварае велізарнае поле для патэнцыйнай карупцыі. Бо прымаць пастанову аб тым, дармаед чалавек ці не будуць людзі. І адпаведна, ім можна за гэтую справу заплаціць», - дадаў экспэрт.

Напісаць каментар 23

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках