20 красавiка 2024, Субота, 17:09
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Фядыніча пераабралі на пасаду старшыні прафзвязу РЭП

6
Фядыніча пераабралі на пасаду старшыні прафзвязу РЭП

Выбары шляхам таемнага галасавання адбыліся падчас IX з'езда прафзвязу работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці 18 красавіка ў Менску.

Скласці альтэрнатыву Генадзю Фядынічу на чарговых выбарах кіраўніцтва прафзвязавай арганізацыі ніхто не захацеў. За ягоную кандыдатуру прагаласавала 70 з 75 дэлегатаў. Трое дэлегатаў выказаліся супраць перавыбрання дзейнага старшыні прафзвязу РЭП, два бюлетэні прызналі несапраўднымі, паведамляе БелаПАН.

Дэлегаты з'езда таксама зацвердзілі 16 кандыдатур, якія разам з пераабраным старшынём увайшлі ў склад рады прафзвязу РЭП.

Перад выбарчым этапам Генадзь Фядыніч падрабязна даў справаздачу аб рабоце, праведзенай прафзвязам за папярэднія пяць гадоў. Сярод іншага, старшыня арганізацыі адзначыў, што прафзвяз РЭП вёў сваю дзейнасць «у складанай палітычнай і эканамічнай сітуацыі», бо апошнім часам «Беларусь двойчы ўваходзіла ў эканамічны крызіс», прычым уплыў апошняга не закончыўся дагэтуль. Фядыніч нагадаў дэлегатам з'езда аб тым, якая праца вялася ў прафзвязе ў плане інфармацыйнага і фінансавага забеспячэння, адукацыі, юрыдычнай і праваабарончай дзейнасці, моладзевай палітыкі і шмат чаго іншага.

Працу ранейшага складу рады прафзвязу РЭП у 2010-2014 гадах удзельнікі агульнага сходу аднагалосна прызналі прымальнай. Дэлегаты з'езда таксама прынялі праграму дзейнасці прафзвязу РЭП на 2015-2019 гады.

Пытанне аб выхадзе арганізацыі са складу Беларускага кангрэсу дэмакратычных прафзвязаў было пастаноўлена не ўносіць у парадак дня, а развязаць яго на будучым пасяджэнні новага складу рады прафзвязу РЭП.

Беларускі прафзвяз работнікаў радыёэлектроннай прамысловасці быў створаны ў 1990 годзе. Некаторы час прафзвяз быў найбольш шматлікім і налічваў амаль 275000 чальцоў. Да 2003 года прафзвяз РЭП фармальна ўваходзіў у склад Федэрацыі прафзвязаў Беларусі, застаючыся пры гэтым самастойнай у сваіх пастановах арганізацыяй.

Нязгода з палітыкай афіцыйных уладаў прывяла да таго, што ў структуры ФПБ быў створаны прафзвяз прамысловасці, у які сталі масава і без згоды пераводзіць шмат каго з чальцоў прафзвязу РЭП. У выніку ў 2003 годзе РЭП выйшаў са складу федэрацыі, скараціўшы сваю колькасць да 600 чалавек. У 2009 годзе прафзвяз РЭП далучыўся да БКДП, павялічыўшы да цяперашняга моманту свае шэрагі да дзвюх тысяч чалавек.

Напісаць каментар 6

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках