24 красавiка 2024, Серада, 21:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрус Кубілюс: Расея праходзіць праз натуральны працэс распаду

4
Андрус Кубілюс: Расея праходзіць праз натуральны працэс распаду
Фото: DELFI, Š.Mažeikos

Таму пытанне часу - колькі гэта прадоўжыцца, але калі-небудзь Расея стане нармальнай еўрапейскай дзяржавай.

Андрус Кубілюс, дэпутат Сэйма Літвы, былы прэм'ер-міністрам рэспублікі адказаў на пытанні карэспандэнта Расейскай службы «Голоса Америки» аб Расеі, Украіне ды Захадзе і мэтах Уладзіміра Пуціна.

- Вы кіравалі Літвой і былі вымушаныя знаходзіць агульную мову і з Расеяй, і з краінамі Захаду. Ці можна параўнаць: наколькі было цяжка наладжваць стасункі з ЗША ды Расеяй?

- Тут цяжка параўноўваць. Злучаныя Штаты і заходнюю супольнасць мы ўважаем за сваіх сяброў. Мы радыя, што пасля 50-ці гадоў акупацыі здолелі вярнуцца назад у гэтую супольнасць - гэта было вяртанне дадому.

Расея - наш сусед, вялікі сусед. Мы маем гістарычны досвед: апошнія некалькі соцень гадоў мы пакутавалі ад таго, што прыходзіла з боку Расеі. І таму мы маем вялікі стратэгічны інтарэс - бачыць у Расеі добрага суседа.

Але мы таксама разумеем сённяшнюю рэальнасць: Расея можа стаць добрым суседам, калі яна здолее пераадолець тое, ад чаго пакутуе сёння: постімпэрскі комплекс, псіхалагічны і палітычны. Расея з'яўляецца апошняй імпэрыяй на еўрапейскім кантыненце, якая праходзіць праз натуральны гістарычны працэс распаду. Распад імпэрыяў праходзіць цяжка, можна ўспомніць як гэта адбывалася з Французскай або Брытанскай імпэрыямі - было вельмі шмат розных псіхалагічных праблем у Парыжы і Лондане. Масква таксама перажывае такія праблемы, хоць яны значна глыбейшыя, чым яны былі, скажам, у Францыі. Можна ўспомніць, што калі ад Францыі сталі сыходзіць Алжыр і Паўночная Афрыка, яна перажывала вельмі вялікія ўнутраныя палітычныя праблемы: толькі прэзідэнт дэ Голь змог стабілізаваць сітуацыю, пазбавіўшыся ад постімпэрскага сіндрому.

Расея пакуль праз гэта не праходзіць і спрабуе падтрымаць постімпэрскую настальгію. Акупацыя Крыма, спробы ажыццяўляць агрэсію на ўсходзе Украіны - гэта ўсё спробы вярнуцца ў якісь імпэрскі стан. З гістарычнага пункту гледжання гэта безнадзейна. Гэта можна затрымаць коштам вялікай крыві, але, усё адно, я не ведаю ніводнага прыкладу, калі камусьці ўдалося спыніць раскіданне імпэрыі. Можна прыпыніць, але спыніць - ніякай магчымасці няма.

Таму пытанне часу - колькі гэта здоўжыцца, але калісьці Расея стане нармальнай еўрапейскай дзяржавай. Аднак я не бачу магчымасці для таго, каб гэта адбывалася, калі ў кіраўніцтве Расеі будзе спадар Пуцін. А ён можа заставацца ў гэтым кіраўніцтве наступныя 20-25 гадоў, Канстытуцыя не будзе падставай для змены ўлады. Ён можа заставацца там столькі, колькі дазваляе яму здароўе. Гэта значыць, што ў гэты час нічога не будзе змяняцца ў лепшы бок - усё будзе толькі пагаршацца. Мы павінны быць гатовыя да гэтага.

- Наколькі, на ваш погляд, сур'ёзныя вайсковыя ды іншыя пагрозы краінам Балтыі з боку Расеі? Літва, Эстонія і Латвія разумеюць, што не гатовыя абараніць сябе ў выпадку патрэбы і NATO павінна дзейнічаць?

- Пагроза сур'ёзная, бо зразумець матывы дзеянняў Крамля і Пуціна вельмі цяжка. Рацыянальнасці ў гэтых дзеяннях няма. Ёсць эмоцыі, ёсць спробы выкарыстоўваць нейкія магчымасці, калі яны з'яўляюцца. А магчымасці з'яўляюцца, калі Захад не паказвае сваёй сілы волі і не спыняе агрэсіўнасці спадара Пуціна адразу і на месцы.

Я сам сустракаўся з Пуціным у 2010 годзе. Ён быў прэм'ерам, і я быў прэм'ерам. Мы гаварылі дзесьці паўтары гадзіны. Гэта была нефармальная сустрэча ў ягонай рэзідэнцыі ў Нова-Агараве. Я выйшаў і сказаў сваім дарадцам: «Ведаеце, мне здаецца, што я ведаю гэтага хлопца». Пуцін на некалькі гадоў старэйшы за мяне, нас стваралі падобныя савецкія варункі, і ён мне нагадаў хлопца з ускраіны Вільні. У нас бы раён, дзе жылі расейскамоўныя хлопцы, і ў іх стыль паводзінаў заўсёды быў сілавым. З імі было цяжка дамаўляцца: калі яны адчувалі, што ты сябе адчуваеш слабейшым, то ішлі на злом галавы.

- Адзначаюць, што Пуцін выкарыстоўвае інфармацыю, як зброю - масавая прапаганда, завабліванне прыхільнікаў на месцах... Як гэта дзейнічае на Літву?

- Уся гэтая прапаганда накіраваная найперш на тых людзей, якія глядзяць расейскую тэлевізію. У нас 7 адсоткаў расейскамоўных, блізу сямі глядзяць гэтую тэлевізію. На іх, напэўна, дзейнічае. Таму мы шукаем магчымасці супрацьстаяць гэтай прапагандзе, ствараючы новыя інфармацыйныя інструменты, закрываючы некаторыя каналы расейскай прапаганды.

Але зразумела, што ў Маскве досыць добра разумеюць важнасць так званай стратэгіі «мяккай сілы». Мы прагледзелі іх дакументы. Скажам, спадар Касачоў, які доўгі час быў кіраўніком камітэта ў Дзяржаўнай Думе, а потым яго Пуцін прызначыў кіраўніком агенцтва Рассупрацоўніцтва, якое было адказнае за ўвасабленне ў жыццё стратэгіі «мяккай сілы» Расеі, казаў вельмі шчыра. Што галоўная праблема ў такіх краінах, як Літва, як Польшча, у былой прасторы маскоўскага ўплыву, у тым, што палітычная эліта занадта празаходняя. І для таго, каб абыйсці ўплыў палітычнай эліты ў нашых краінах, Крэмль павінен накіраваць свае намаганні на зварот да народа, як яны гэта называюць. І рабіць гэта, падымаючы пытанне: «А можа эліта абрала няправільны шлях, бо на Захадзе няма нічога добрага?». Мы бачылі цэлы шэраг такіх ініцыятыў.

- Падчас «халоднай вайны» прапаганда СССР і Захаду выкарыстоўвала пэўныя ідэалагічныя штампы. Што, на ваш погляд, варта казаць людзям, якія жывуць у Расеі?

- Мы хочам мець добрага суседа, які жыў бы паводле такіх жа нармальных правіл, паводле якіх жывем мы на еўрапейскім кантыненце. Гэта стварае магчымасці супрацоўніцтва і дазваляе развіваць свае краіны, каб яны станавіліся паспяховымі эканамічна і сацыяльна.

Літва з'яўляецца добрым прыкладам. Калі мы сталі чальцамі Еўрапейскага Звязу, наша эканоміка цягам апошніх 10 гадоў развівалася вельмі хуткімі тэмпамі і цяпер валавы прадукт на душу насельніцтва дасягае прыкладна 75% ад сярэдняга ўзроўню ў ЕЗ. Украінскі народ выбірае той самы шлях.

Агрэсіўнасць паводзінаў спадара Пуціна ў дачыненні да Украіны звязаная з тым, што ён вельмі добра разумее, што ўкраінскі прыклад паспяховага развіцця, паспяховага прасоўвання да Еўропы можа стаць эфектыўным каталізатарам змены настрояў насельніцтва Расеі.

А чаго рэжым Пуціна спрабуе дасягнуць? Я думаю, што адная з апошніх цікавых кніжак, якія з'явіліся ў Вашынгтоне, прафесара Карэн Давіша «Пуцінская клептакратыя» акурат і паказвае, што ў Расеі сфармавалася піраміда ўлады, удзельнікі якой здолелі набыць вялікія асабістыя багацці. І для гэтых людзей захаванне свайго рэжыму становіцца самай галоўнай задачай. Поспех Украіны становіцца вельмі вялікай небяспекай для такога рэжыму.

Напісаць каментар 4

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках