28 сакавiка 2024, Чацвер, 19:24
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Якаўлеўскі: Залежнасць Лукашэнкі ад Расеі амаль абсалютная

12
Якаўлеўскі: Залежнасць Лукашэнкі ад Расеі амаль абсалютная

Ніякага нейтралітэту ў вайне ва Украіне ў дыктатара няма.

Для беларускага дыктатара Аляксандра Лукашэнкі наступіў момант, калі ва ўзаемаадносінах з Еўразвязам можна аддзяліць эканоміку ад палітыкі.

Чым ён і не прамінуў скарыстацца, заявіўшы на сустрэчы з Еўракамісарам у еўрапейскай палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні ЕЗ Ёханесам Ханам аб неабходнасці карэкціроўкі ўзаемаадносін Беларусі і Еўразвязу.

"Хацелася б, каб яно было перафарматаванае са звычайнай палітыкі (напэўна, гэты этап ужо пройдзены, ён быў, можа быць, і неабходны) да больш цеснага канкрэтнага супрацоўніцтва, заснаванага на развязанні эканамічных праблем", - падкрэсліў беларускі дыктатар.

Відавочна, што надыходзіць новы этап у стаўленні да афіцыйнага Менска і Еўразвязу. "Я б назваў будучай іх нармалізацыяй, але не пацяпленнем стасункаў", - заявіў у інтэрв'ю "Беларускай праўдзе" палітычны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

- Лукашэнка на сустрэчы з еўракамісарам у еўрапейскай палітыцы суседства і перамоваў аб пашырэнні ЕЗ Ёханесам Ханам прапанаваў адкарэктаваць стасункі Беларусі і Еўразвязу паводле прынцыпу: эканоміка без палітыкі. Афіцыйны Менск прапануе забыцца пра ўсе праблемы ў двухбаковых стасунках, засяродзіўшыся на эканоміцы. Ці зручны момант выбраў Лукашэнка для абнулення стасункаў?

- Сёння як ніколі відавочна, што эканоміка цесна звязаная з палітыкай. Бо эканамічныя санкцыі Захаду ў дачыненні да Расеі і эканамічныя захады ў адказ Крамля былі выкліканыя палітычнымі прычынамі - анэксіяй Крыма. А калі казаць пра цяперашнюю палітычную сістэму ў Беларусі, то яна наогул не прадугледжвае раздзялення эканомікі ад палітыкі. У краіне ва ўсіх сферах жыцця і на паверхах улады прысутнічае палітыка.

Але што тычыцца міждзяржаўных стасункаў, то кіроўнаму рэжыму выгадна не прызнаваць чужыя яму базавыя заходнія каштоўнасці, адначасова развіваючы гандлёва-эканамічнае супрацоўніцтва. І варта прызнаць, што такі жаданы для Лукашэнкі момант наступіў. Аднак, цяперашняя новая «халодная вайна» з Расеяй дэманструе, што на Захадзе ўрады маюць эфектыўныя інструменты ўздзеяння на свой бізнэс, калі той жадае аддзяліць эканоміку ад палітыкі.

- На сустрэчы з Ханам Лукашэнка выступіў у своеасаблівай ролі адваката Пуціна: «І трэба ўсяляк пазбягаць, хоць нам апошнім часам гэта ўдаецца, развіваць партнёрства не супраць каго б там ні было, а за супрацоўніцтва», маючы на ўвазе стасункі з Расеяй і КНР. Наколькі моцны расейскі фактар у пазіцыі афіцыйнага Менска ў супрацоўніцтве з Усходнім партнёрствам і ЕЗ агулам?

- Як бы ні спрабавалі некаторыя палітыкі і мазгаведы прадставіць нейкую асаблівую, незалежную пазіцыю афіцыйнага Менска ў супрацоўніцтве з ЕЗ сёння, расейскі фактар мае ўсё ж вызначальную ролю для Лукашэнкі. Бо ягоная залежнасць ад гэтага фактару амаль абсалютная. І ў Маскве не моцна адкарэктавалі сваё стаўленне да праекту «Усходняе партнёрства», уважаючы яго за антырасейскую задуму ЕЗ. Таму там больш чым уважліва назіраюць (і не толькі) за чарговым еўрапейскім фліртам Менска з Брусэлем.

- Ці пойдзе Еўразвяз на перафарматаванне Усходняга партнёрства па-лукашэнкаўску?

- Ужо амаль ніхто ў ЕЗ не спрачаецца, што гэты праект мае патрэбу ў мадэрнізацыі шляхам дыферэнцыраванага падыходу да кожнага з шасці ўдзельнікаў-партнёраў ЕЗ. Вось да беларускага рэжыму і спрабуюць падабраць нейкія «лекі», а то і ключы, каб яго хоць неяк еўрапеізаваць. Пакуль жа ідзе працэс задурвання галавы адзін аднаму з невядомым вынікам.

- Фактычна Еўразвяз адмаўляецца ад сваіх каштоўнасцяў, заплюшчваючы вочы на наяўнасць палітвязняў, на парушэнне правоў чалавека, на адсутнасць выбараў у Беларусі. Еўразвяз дае карт-бланш Лукашэнку на ўсякія дзеянні ўнутры краіны ўзамен за нейтралітэт у расейска-ўкраінскай вайне?

- Па-першае, ніякага нейтралітэту ў вайне ва Украіне ў Лукашэнкі няма. Ёсць асаблівая роля, якая Пуціна задавальняе. Па-другое, унутры самой Беларусі ўзмацняюцца варункі для праціўнікаў кіроўнага рэжыму. І далейшы лёс палітвязняў выглядае туманна, нягледзячы на ўсе дэкларацыі ЕЗ аб іх падтрымцы. Бо само беларускае грамадства з гэтай нагоды прадаўжае абыякава маўчаць. Тым самым прызнаючы права на ўсё толькі аднаго, усім вядомага чалавека. А іншыя і зусім затуляюць свой цынізм шыльдай прагматызму і рафінаванай аналітыкай.

- Мабыць, ужо ніхто не сумняваецца, што напярэдадні прэзідэнцкай кампаніі-2015 ідзе пацяпленне ў беларуска-еўрапейскіх стасунках. Да якіх наступстваў для Беларусі прывядзе змена двухбаковых стасункаў?

- Я б назваў будучай іх нармалізацыяй, але не пацяпленнем стасункаў. Як паказвае досвед стасункаў афіцыйнага Менска, што з Масквой, што з Брусэлем, у палітыцы, у чалавечым сэнсе, цёплых стасункаў не бывае. А што тычыцца магчымых наступстваў чарговага «размарожвання» двухбаковых адносінаў, то іх прадказаць амаль немагчыма. Калі ўсё вызначае адзін чалавек, то да яго ў галаву залезці немагчыма.

Напісаць каментар 12

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках