28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:15
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Як Лукашэнка беларусаў дарагімі машынамі папракаў

81
Як Лукашэнка беларусаў дарагімі машынамі папракаў

Дарагія аўто беларусаў даўно не даюць спакою дыктатару.

Падчас суботніка Лукашэнка надзвычай ганіў «дармаедаў», якія «не напружваючыся, на «Лексусах», «БМВ», «Мэрсэдэсах» раз'язджаюць». Як высветліла «Cалідарнасць», дарагія аўто беларусаў даўно не даюць яму спакою. Пра «Мэрсэдэсы» ды «Лексусы» Лукашэнка ўспамінае падчас ўвядзення дзяржмыт, падаткаў і проста падвышэння коштаў.

Падчас сустрэчы з журналістамі ў суботу пасля працоўнага дня на будаўніцтве дзіцячай паліклінікі, Аляксандр Лукашэнка зноў закрануў тэму «дармаедаў». Паводле ягоных слоў, тыя, хто сёння працуе і хоча працаваць, цалкам падтрымліваюць прыняты дэкрэт.

- Таму што, напэўна, не надта, калі ты працуеш з раніцы да вечара і глядзіш, каб сям'ю накарміць, апрануць і гэтак далей, а некаторыя, наогул не напружваючыся, на «Лексусах», «БМВ», «Мэрсэдэсах» раз`язджаюць, не выплачваючы нават шэлега падаткаў у дзяржаўную скарбонку. У паліклініку, школу, дзіцячы садок, яшчэ кудысьці - яны першымі, - адзначыў Лукашэнка.

Пакінем на сумленні кіроўцаў «Лексусаў» чэргі ў дзяржаўных паліклініках і ўзгадаем, што менавіта ўладальнікі дарагіх аўто кожны раз прыходзяць Лукашэнку «на дапамогу», як толькі яму трэба пераканаць народ у справядлівасці прынятай ім пастановы. Менавіта ўладальнікам «БМВ» і «Мэрсэдэсаў», калі верыць Лукашэнку, адрасаваныя ўсе непапулярныя ініцыятывы ўладаў - ад дэкрэта на дармаедства да мыт на аўто, - і менавіта яны, на думку дыктатара, больш за ўсё абураюцца такой сітуацыяй.

«Mercedes» купіў за $100 тысяч, а падатак транспартны заплаціць не можа»

Пад эгідай аднаўлення «сацыяльнай справядлівасці» прайшла і нядаўняя кампанія ўвядзення мыт на аўто.

«Калі трэба дзесьці плячук падставіць, тады пачынаюць: Mercedes купіў за 100 тысяч, а падатак транспартны заплаціць, каб дарогі добрыя былі, не можа», - сарамаціў Аляксандр Лукашэнка аўтаўладальнікаў.

Пра тое, што раскашэліцца пры гэтым давядзецца і кіроўцам «Жыгулёў», ён сціпла змаўчаў.

«Сёння пальцам торкнуць на праспектах Менска, немагчыма праехаць - аўтамабіль на аўтамабілі».

Зрэшты, аўтамабілямі беларусаў Аляксандр Лукашэнка зацікавіўся даўно - яшчэ ў 2001 годзе. Магчыма, тады і ўзнікла ідэя «справядлівага» пераразмеркавання сродкаў кіроўцаў у дзяржаўны бюджэт.

«Сёння палец не торкнеш на праспектах Менска, немагчыма праехаць – самаход на самаходзе. Бедны народ беларускі! Бедныя, жабракі менчукі! Дык вось гэтых усіх нумары запісвайце, запрашайце, і хай дапамагаюць... Ахвяраванні з боку ўсіх, хто сёння ходзіць, поўзае, ездзіць на самаходах», - заяўляў Лукашэнкі ў красавіку 2001 года.

«Усе дорага, бензін дорага і ўсе крычаць, што жабракі. А машыны якія!»

У 2011 годзе гэтую думку Аляксандр Лукашэнка паўтарыў зноў. Абурэнню Лукашэнкі не было мяжы, тым больш што ў той момант краіну скалынаў чарговы эканамічны крызіс.

«За хвіліну да перасячэння скрыжавання картэжам прэзідэнта, за хвіліну, на якім бы скрыжаванні не паварочваў, пяць кіламетраў чарга аўтамабіляў, праз якую не прабіцца. Усё дорага, бензін дорага і ўсе крычаць што жабракі. А машыны якія!» - абураўся Лукашэнка.

«Аўтамабіляў куча, не праціснуцца. Адкуль?»

Абураўся дыктатар такім становішчам і ў 2012 годзе.

«Аўтамабіляў куча, не праціснуцца. У асноўным новыя. Пры жабраку народзе. Адкуль? Крадуць ці не плацяць падаткі».

Чаму за час ягонага праўлення народ так і застаўся жабракам, ён не ўдакладніў.

«Сёння амаль усе кіраўнікі прыватных прадпрыемстваў на «Мэрсэдэсах» раз'язджаюць?»

«Мэрсэдэсы» зноў патрапілі пад гарачую руку Лукашэнку ў 2012 годзе, калі ён паставіў задачу давесці заробкі беларусаў да 700 даляраў. На гэта і павінны былі раскашэліцца кіраўнікі ў прыватным сектары.

- Прыватнікі павінны паставіць для сябе задачу дасягнення ў гэтым годзе сярэдняга заробку не 500, а пад 700 даляраў. А на дзяржпрадпрыемствах гэта лічба павінна перасягнуць мяжу 500 даляраў. Гэта жалезна павінна быць выканана. Размовы пра тое, што чагосьці для гэтага не хапае, - беспадстаўныя. Тады паўстае пытанне: чаму сёння амаль усе кіраўнікі, спецыялісты, менеджэры прыватных прадпрыемстваў на «Мэрсэдэсах» раз'язджаюць? Што, грошай няма ў фірмы, каб заплаціць людзям нармальны заробак? Ёсць. Хай прадаюць «Мэрсэдэсы» і плацяць людзям заробак, - сказаў Лукашэнка.

Напісаць каментар 81

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках