16 красавiка 2024, aўторак, 9:16
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Віцебскі гарвыканкам будзе ставіць помнік Неўскаму, ігнаруючы пратэсты

55
Віцебскі гарвыканкам будзе ставіць помнік Неўскаму, ігнаруючы пратэсты

Помнік расейскаму князю Аляксандру Неўскаму мае да Віцебска вельмі ўскоснае дачыненне.

Але гарадскія ўлады выстаўляюць уласныя аргументы, фактычна, правакуючы жыхароў абласнога цэнтра на міжканфесійнае супрацьстаянне.

Варта адзначыць, што ў пытанні з нагоды ўстаноўкі ў Віцебску помніка Аляксандру Неўскаму аднадушнасці не было ніколі. З самага пачатку, калі ў 2009 годзе быў абвешчаны конкурс на найлепшы праект гэтага помніка, многія гараджане сталі выказвацца супраць гэтай ідэі, высунутай гарадскімі ўладамі, піша ПЦ "Вясна".

Аднак, конкурс быў праведзены, пераможцы вызначаныя, прычым скульптарам давялося прыняць цэлы шэраг заўваг ад гісторыкаў і калег "з цэху". Але грамадскае абмеркаванне доўжылася нават пасля таго, як на пэўным месцы - каля царквы Звеставання на плошчы Тысячагоддзя Віцебска быў збудаваны пастамент пад помнік. Некалькі гадоў яго выкарыстоўвалі ў якасці клумбы, і ў частцы гараджан склалася ўражанне, што пра помнік улады забыліся. Або ўсвядомілі, што да Віцебска гэты расейскі дзеяч не мае істотнага значэння.

Але высветлілася, што гарвыканкам адступаць і не думаў. Проста аддзел ідэалагічнай працы, культуры і спраў моладзі шукаў пераканаўчыя аргументы супраць меркавання наконт ролі расейскага князя ў беларускай гісторыі. Нарэшце аргументы былі сфармуляваныя.

"Гэта будзе скульптурная кампазіцыя, якая адлюстроўвае рэальны гістарычны факт - сустрэчу князя са сваёй жонкай, прадстаўніцай полацкага і віцебскага княскага дома Аляксандрай (паводле іншых крыніц Параскевай) і сынам Васілём. Таму называць гэты мемарыяльны аб'ект помнікам выключна Аляксандру Неўскаму і вызначаць яго як "негістарычны" нельга. Ён сведчыць аб рэальнай падзеі з гісторыі горада", - напісана на сайце гарвыканкама ў якасці агульнага адказу ўладаў на шматлікія звароты гараджан.

Меркаванне пра тое, што Аляксандр Неўскі нібыта браў шлюб у царкве Звеставання, чыноўнікі таксама пастанавілі выкарыстаць для пераканання віцебцаў у "гістарычнасці" будучага помніка: міф "другой паловы ХХ ст аб шлюбе Аляксандра Неўскага ў Віцебску не мае пад сабой гістарычных падстаў, але ён прыжыўся і быў успрыняты грамадскасцю дзякуючы папулярнасці князя сярод жыхароў горада".

Пытанне аб папулярнасці вельмі спрэчнае, хоць бы таму, што такое сацыялагічнае даследаванне нікім не праводзіліся. Але зусім ужо дзіўна выглядае спроба падаць у якасці дамінанты канфесійны чыннік: "больш за тое, праваслаўныя жыхары Беларусі і Віцебска (а іх абсалютная большасць) з вялікай павагай ставяцца да гэтага гістарычнага дзеяча".

На думку віцебскіх праваабаронцаў, такія аргументы, якія спрыяюць падзелу грамадства паводле рэлігійных прыкмет, з'яўляюцца недапушчальнымі. Тым больш, што такая сітуацыя ў Віцебску ўжо была, і пакінула вельмі непрыемныя ўражанні ў часткі віцебцаў. У красавіку 2013 на Успенскай горцы быў усталяваны помнік былому патрыярху Маскоўскаму і ўсёй Русі Аляксію II. Яго паставілі прыкладна ў тым жа месцы, дзе ў 1623 годзе быў закатаваны Язафат Кунцэвіч, вядомы рэлігійны і палітычны дзеяч Вялікага княства Літоўскага. Гэтага полацкага грэка-каталіцкага арцыбіскупа забілі праваслаўныя змоўшчыкі. Забілі жорстка: рассеклі галаву, а потым прывязалі да ног і шыі камяні і скінулі ў Дзвіну.

З'яўленне помніка функцыянеру праваслаўнай царквы акурат у гэтым месцы спарадзіла нямала спрэчак паміж прадстаўнікамі розных канфесій. Але гарадскія ўлады, відавочна, не бачаць у такіх рэчах нічога ненармальнага і па-ранейшаму падкрэсліваюць перавагу праваслаўя на беларускай тэрыторыі, правакуючы гараджан на супрацьстаянне.

Напісаць каментар 55

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках