29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:46
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Грэцыя на ростанях

1
Грэцыя на ростанях

Урад Цыпраса не адмаўляецца ад кампрамісу з крэдыторамі, але хуткага развязвання супярэчнасцяў не прадбачыцца. А часу для перамоў застаецца ўсё менш.

Міністр фінансаў Нямеччыны Вольфганг Шойбле (Wolfgang Schäuble) ізноў здолеў трапіць у топ грэцкіх навін, публічна прыстрашыўшы Атэны астатнім тэрмінам для развязвання канфлікту з міжнароднымі крэдыторамі - 30 чэрвеня. Выказванне Шойбле, зробленае 16 красавіка, прывабіла масу увагі, але ацанілі яго па-рознаму. Адны зразумелі гэта як ультыматум Грэцыі, якой пагражае выхад з еўразоны. Іншыя мяркуюць, што кіраўнік нямецкага Мінфіна падаў добры знак - бо ёсць яшчэ час для перамоў. Аднак яго ўсё менш, перадае Deutsche Welle.

Роскід меркаванняў

Ангелас Цаканікас, галоўны эканаміст атэнскага Фонду эканамічных і прамысловых даследаванняў (IOBE), належыць да песімістаў. "Патрэбнае неадкладнае пагадненне з міжнароднымі крэдыторамі, бо сённяшняя няўпэўненасць атручвае эканоміку", - намагае ён у гутарцы з DW. Даслоўна на мінулым тыдні IOBE папярэджваў аб "драматычных наступствах" у выпадку выхаду з еўразоны. Краіну чакаюць звышвялікія выплаты за крэдыты ў ліпені і жніўні, і самой Грэцыі будзе цяжка выстаяць, перасцерагае Цаканікас.

Панаёціс Пэтракіс, прафесар эканомікі з Атэнскага ўніверсітэта, падае крыху іншае меркаванне: "У кожным выпадку еўрапейскі цэнтрабанк павялічыў сумы экстранных крэдытаў, а гэта добрая прыкмета. Да таго ж пазітыўна гучыць выказванне нямецкага міністра фінансаў, што да канца чэрвеня можна дасягнуць пагаднення". З іншага боку, ліквіднасць грэцкіх банкаў моцна абмежаваная. Той факт, што сродкі сацыяльнага страхавання, а таксама іншых дзяржаўных інстытуцый, размешчаныя на гэты момант у грэцкім Цэнтрабанку, хоць і зніжае агульную напружанасць, аднак падвышае пазыковую гару для дзяржбюджэту ў сярэднетэрміновай перспектыве, падкрэслівае Пэтракіс.

Кампраміс без кампрамату

На вясновай канферэнцыі Міжнароднага валютнага фонду (МВФ) у Вашынгтоне грэцкі міністр фінансаў Яніс Варуфакіс зрабіў трохі двухсэнсоўную заяву з нагоды становішча спраў на перамовах з крэдыторамі. "Мы пойдзем на кампрамісы, каб дамагчыся найхуткага развязвання сітуацыі, але мы дазволім нас кампраметаваць", - паведаміў галоўны грэцкі скарбнік. Варуфакіс зноў адмовіўся прызнаваць актуальны "мемарандум аб палітыцы ашчады". Падобна да тога, што ў Атэнах ніхто больш не верыць у тое, што прыйсці да несупярэчлівай развязкі здолеюць да пасяджэння еўрагрупы 24 красавіка ў Рызе. Ва ўсякім выпадку, адтэрміноўку выплаты запазычанасці за крэдыты кіраўніца МВФ Крысцін Лагард адхіліла.

А гадзіннікавы механізм цікае далей. Яшчэ ў лютым з Атэнаў рапартавалі аб недастатковай кампенсацыі выдаткаў занадта нізкімі падатковымі зборамі. Аднак у сакавіку, паводле звестак намесніка міністра фінансаў Дзімітрыса Мардаса, падаткаў сабралі на мільярд еўраў больш, чым разлічвалі, і ў красавіку спадзяюцца на працяг гэтай тэндэнцыі. Рост колькасці турыстаў таксама дае падставу для аптымізму. У першыя два месяцы гэтага года грэцкае агенцтва паветранага злучэння зафіксавала рост колькасці пасажыраў на 20 адсоткаў. Згодна з прафесарам Пэтракісам, турбізнэс квітнее дзякуючы паслабленню еўра. "45% прыбытку ад турызму паступае за кошт краін, якія не ўваходзяць у еўразону. Для адпачывальнікаў з гэтых краін адпачынак у Грэцыі патаннеў на 20%", - адзначыў Пэтракіс у інтэрв'ю DW. Ангелас Цаканікас не бачыць у гэтым падстаў для заспакаення. Галоўны сэзон толькі пачынаецца, і грэкам варта сачыць, як бы самім не вылецець з еўразоны. "Калі нашы госці стануць пытацца, ці выстарчыць ім гатоўкі ў банкаматах, наўрад гэта дасць глебу для росквіту турызму", - мяркуе эканаміст.

Кошт пытання

Шмат якія жыхары Грэцыі не могуць зразумець сур'ёзнасці становішча. "Здаецца, грэкі думаюць, што калі новых захадаў ашчады эканоміі не прызначылі, значыць, небяспека прамінула. Падзеі ўсведамляюць тыя, хто мае кантакт з замежнымі краінамі, актыўна ўдзельнічае ў справовым жыцці і мае стасункі з пастаўнікамі", - адзначае Цаканікас. А ў грэцкіх СМІ з'явілася інфармацыя, што некаторыя парламентары ад апазіцыі вядуць нарады аб стварэнні агульнага праеўрапейскага фронту, мэта якога - прадухіліць магчымы Grexit. Як паведаміў тэлеканал Skai, кансерватыўны лідар апазіцыі Антоніс Самарас хацеў бы арганізаваць з гэтай нагоды сустрэчу лідараў усіх партый з прэзідэнтам краіны.

На такім фоне асаблівае хваляванне выклікаў візіт міністра абароны Грэцыі Панаса Камэнаса ў Расею: нягледзячы на спустошаны скарб, гэты правы папуліст дамаўляецца аб куплі новых ракет і прафілактычным тэхаглядзе ЗРК С-300. Як сцвярджае Камэнаса, гаворка ідзе толькі пра абнаўленне ўжо наяўных зенітна-ракетных комплексаў. З ягонай жа рэкамендацыі кіраўнік урада Алексіс Цыпрас падпісаў дамову з амэрыканскай карпарацыяй Lockheed Martin аб мадэрнізацыі пяці самалётаў. Кошт пытання: 500 мільёнаў еўраў. Магчыма, у гэтай угоды будуць нечаканыя наступствы. Супраць яе заўзята пратэстуе Рахіль Макры, дэпутатка ад кіроўнай левай партыі СІРЫЗА, якая колісь прадстаўляла парламенцкую фракцыю правапапулісцкіх "Незалежных грэкаў" Камэнаса. Недапушчальна, каб урад закупляў новае ўзбраенне, пакуль шмат якія жыхары Грэцыі галадаюць, мяркуе яна.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках