20 красавiка 2024, Субота, 2:28
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Мігранты ў Міжземным моры: ЕЗ прымае новыя захады

1
Мігранты ў Міжземным моры: ЕЗ прымае новыя захады
Фота: AP

Еўрапейскі звяз ухваліў пакет захадаў, накіраваных на частковае развязання крызісу з нелегальнай міграцыяй з Паўночнай Афрыкі праз Міжземнае мора.

Пастановы былі прынятыя на спецыяльна скліканай ў Люксембургу сустрэчы міністраў замежных спраў краін Еўразвязу, паведамляе BBC.

Патрульна-пошукавая аперацыя ЕЗ у Міжземным моры, вядомая пад назвай «Трытон», атрымае дадатковае фінансаванне. Брусэль таксама хоча заручыцца паўнамоцтвамі выкарыстоўваць узброеныя сілы, каб знішчаць судны тых, хто зарабляе на нелегальнай перавозцы людзей у Еўропу.

У нядзелю ля ўзбярэжжа Лівіі перакулілася дваццаціметровая лодка, на борце якой знаходзілася блізу 700 афрыканскіх мігрантаў. Паліцыя Італіі паведаміла аб арышце капітана і сябра каманды судна, якіх падазраюць у кантрабандзе людзьмі.

У той час як міністры абмяркоўвалі далейшыя захады, паступілі паведамленні аб яшчэ некалькіх судах з мігрантамі на борце, якія апынуліся ў бядотным становішчы ў Міжземным моры.

Федэрыка Магерыні, вярхоўная прадстаўнічка ЕЗ у замежных справах, сказала, што пакет захадаў, які складаецца з 10 пунктаў і ўхвалены міністрамі замежных спраў, з'яўляецца «энэргічнай рэакцыяй ЕЗ на няспынныя трагедыі ў Міжземным моры».

З яе слоў, «Еўропа нарэшце гатовая разам змагацца з нелегальнай перавозкай людзей».

Новыя захады

Міністры пагадзіліся павялічыць фінансаванне Еўрапейскага агенцтва памежнага кантролю Frontex, якое нясе адказнасць за пошукава-выратавальную аперацыю «Трытон», а таксама пашырыць зону яе дзеяння.

ЕЗ раней крытыкавалі ў сувязі з абмежаванымі маштабамі дзеяння аперацыі «Трытон», якая ў канцы 2014 года замяніла італьянскую праграму выратавання мігрантаў «Марэ Нострум».

Планы знішчэння суднаў тых, хто зарабляе на нелегальнай перавозцы людзей, павінны быць адобраныя Еўрапейскай Радай.

Акрамя таго, міністры абвясцілі пра шэраг іншых захадаў, у тым ліку:

- Сумесны разгляд прашэнняў аб выдаванні палітычнага прытулку цягам двух месяцаў пасля падачы заявы.

- Неабходнасць зняцця адбіткаў пальцаў і рэгістрацыі ўсіх прыбываючых у ЕЗ мігрантаў.

- Праект рассялення мігрантаў па ўсім Еўразвязе. Удзел у гэтым праекце будзе добраахвотным.

- Пакет дапамогі мігрантам, якія жадаюць вярнуцца на радзіму.

- Адпраўка прадстаўнікоў міграцыйных службаў ЕЗ у краіны, адкуль ідзе паток нелегальных мігрантаў.

Федэрыка Магерыні падкрэсліла, што неабходна прыняць захады ў дачыненні да Лівіі, дзе, з яе слоў, няма дзяржаўнай службы, якая магла б кантраляваць мяжу.

Некаторыя з міністраў ЕЗ падчас сустрэчы выказвалі меркаванне, што неабходна зноў пашырыць пошукава-выратавальную аперацыю ў Міжземным моры, і што яе фінансаванне павінна быць павялічанае.

Іншыя прапануюць стварыць лагеры для мігрантаў у Паўночнай Афрыцы, з тым, каб тыя маглі адтуль падаваць прашэнні на статус бежанца ў Еўропе.

«Мэтавыя аперацыі»

Нелегальныя перавозчыкі мігрантаў карыстаюцца тым, што ў Лівіі пануе хаос, дзякуючы чаму яны могуць адпраўляць у Еўропу свае судны з людзьмі, якія бягуць ад вайны і галечы з краін Афрыкі і Блізкага Ўсходу.

Тым часам Мальта і Італія паведамілі, што іх выратавальныя службы атрымалі яшчэ некалькі паведамленняў пра суды з мігрантамі, якія церпяць бедства ў Міжземным моры.

Са слоў прэм'ер-міністра Італіі Матэа Рэнца, ля ўзбярэжжа Лівіі магла затануць шлюпка, на борце якой знаходзілася ад 100 да 150 чалавек. Акрамя таго, ратавальнікі прыйшлі на дапамогу яшчэ аднаму судну, што церпіць бедства ў Міжземным моры з 300 нелегаламі.

Раней берагавая ахова Грэцыі паведаміла, што судна з дзесяткамі мігрантаў на борце наляцела на скалу блізу выспы Радос. Тры чалавекі загінулі, 80 былі выратаваныя.

На сумеснай прэс-канферэнцыі з Матэа Ренцо прэм'ер-міністр Мальты Джозэф Мушкат сказаў, што пра вайсковую інтэрвенцыю ў Лівіі гаворкі не ідзе, дадаўшы пры гэтым, што магчымыя «мэтавыя аперацыі», накіраваныя супраць тых, хто займаецца нелегальнай перавозкай людзей.

ААН заяўляе, што шлях з Паўночнай Афрыкі ў Італію і на Мальту стаў самым небяспечным у свеце для мігрантаў.

Паводле некаторых звестак, з пачатку гэтага года ў Міжземным моры на шляху ў Еўропу ўжо патанулі блізу паўтары тысячы афрыканскіх нелегалаў.

Напісаць каментар 1

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках