29 сакавiка 2024, Пятніца, 10:38
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

Андрэа Рыгоні: Дзень «выбараў» стане праверкай для Беларусі

17
Андрэа Рыгоні: Дзень «выбараў» стане праверкай для Беларусі
Андрэа Рыгоні
Фота: БелаПАН

У Камітэце палітычных пытанняў ПАРЕ праходзяць слуханні датычныя Беларусі.

«Дзень прэзідэнцкіх «выбараў» стане важнай праверкай таго, наколькі Беларусь імкнецца да паляпшэння ўзаемастасункаў з Радай Еўропы і іншымі міжнароднымі арганізацыямі», - заявіў спецдакладчык Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы (ПАРЕ) Андрэа Рыгоні на слуханнях аб сітуацыі ў Беларусі на пасяджэнні камітэта палітычных пытанняў і дэмакратыі ў Страсбургу 21 красавіка, піша БелаПАН.

Слуханні выклікалі вялікую цікавасць сярод сябраў ПАРЕ. На іх прысутнічае нават старшыня Парламенцкай асамблеі Рады Еўропы Ан Брасэр.

Беларускі бок на слуханнях прадстаўляюць старшыня камісіі ў міжнародных справах «палаты прадстаўнікоў» Мікалай Самасейка, а таксама намеснік старшыні руху «За свабоду» Алесь Лагвінец і Валянцін Стэфановіч - намеснік кіраўніка закрытага ўладамі праваабарончага цэнтра «Вясна».

Кажучы аб сваім візіце ў Беларусь, які адбыўся 25-26 лютага, Андрэа Рыгоні адзначыў: яго асноўнай мэтай было «правядзенне аналізу хоць бы тых невялікіх прыкмет таго, што краіна адкрываецца». «Спадзяюся, што гэты працэс прывядзе ў будучыні да дэмакратычных пераменаў», - падкрэсліў спецдакладчык ПАРЕ.

З яго ацэнкі, сітуацыя ў Беларусі «паступова быццам бы паляпшаецца». «Але хачу згадаць даклады розных міжнародных арганізацый, якія гавораць і аб парушэннях розных правоў чалавека ў Беларусі», - дадаў Рыгоні.

Ён адзначыў важнасць працягу дыялогу Рады Еўропы і ПАСЕ з Беларуссю. «Вельмі важна закласці асновы для дыялогу. Наш камітэт павінен гэтаму паспрыяць. Мы павінны ўзважыць усе за і супраць, каб наважыць, будзем мы мяняць нашу пазіцыю ці не», - сказаў Рыгоні.

Рыгоні таксама падкрэсліў, што ведае пра ціск на экс-кандыдата ў прэзідэнты Мікалая Статкевіча, які знаходзіцца ў зняволенні. «У адзіночным зняволенні ён чакае суда. Гэта выклікае нашу заклапочанасць. Хацелася б большай адкрытасці ў гэтым пытанні», - сказаў спецдакладчык.

На ягоную думку, Радзе Еўропы і ПАРЕ неабходна пераканацца ў тым, што ў Беларусі ёсць воля і жаданне прытрымлівацца еўрапейскіх фундаментальных каштоўнасцей. «Кампрамісу тут быць не можа», - падкрэсліў Андрэа Рыгоні.

Ён звярнуў увагу на тое, што ў Беларусі па-ранейшаму не развязаная праблема смяротнага пакарання, а ўвядзенне мараторыя на яго прымяненне так і не адбылося. «Пакуль гэта ўсё выглядае вельмі праблематычна», - заявіў спецдакладчык ПАРЕ.

Нагадаем, спецдакладчык ПАРЕ Андрэа Рыгоні сустрэўся 25 лютага з прадстаўнікамі беларускай палітычнай апазіцыі, якія звярнулі ягоную ўвагу на тое, што «ўлада хоча атрымаць статус спецыяльнага запрошанага і на гэтым меркаваць дастатковым праведзены шлях, таму што гэта не накладае на іх ніякіх абавязанняў, але дае магчымасць доступу да мікрафону і больш-менш паўнавартаснай працы ў гэтай міжнароднай арганізацыі».

Раней Андрэа Рыгоні наведваў Беларусь у 2009 годзе.

Напісаць каментар 17

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках