28 сакавiка 2024, Чацвер, 21:29
Падтрымайце
сайт
Сім сім,
Хартыя 97!
Рубрыкі

«Бухгалтар» Асвенцыма прызнаў маральную віну

20
«Бухгалтар» Асвенцыма прызнаў маральную віну

Былы ахоўнік Асвенцыма на працэсе ў Нямеччыне заявіў, што гатовы прызнаць маральную, але не юрыдычную віну за забойства 300 тысяч вязняў канцлагера.

93-гадовы Оскар Грэнінг па мянушцы "бухгалтар", якому выстаўленае абвінавачванне ў спрыянні масаваму забойству людзей, заявіў у пачатку слуханняў, што прызнае сваю маральную віну, але адмаўляе наўпроставы ўдзел у генацыдзе, паведамляе BBC.

"Я прашу вашага прабачэння, - звярнуўся ён да суддзяў, - я гатовы падзяліць маральную віну, а што тычыцца віны крымінальнай, то гэта трэба будзе вызначаць вам''.

Ён пацвердзіў, што з моманту свайго з'яўлення ў канцлагеры ў 1942 годзе ведаў пра забойства вязняў у газавых камерах.

Суд над Грэнінгам, хутчэй за ўсё, стане апошнім у гісторыі працэсам над нацысцкім злачынцам часоў Другой сусветнай вайны.

У выпадку прызнання віны Грэнінга яму пагражае ад 3 да 15 гадоў зняволення.

Звычайны нацыст

Паводле звестак нямецкага часопіса Der Spiegel, Грэнінг нарадзіўся ў 1921 годзе ў зямлі Ніжняя Саксонія. Ягоны бацька, заўзяты нацыяналіст, уступіў у манархічную ваенізаваную арганізацыю Штальхельм, якая аб'ядноўвала ветэранаў Першай сусветнай, незадаволеных тым, як краіны Антанты абышліся з Нямеччынай. Банкруцтва ягонай тэкстыльнай фабрыкі ў 1929 прывяло да таго, што ягоныя погляды сталі яшчэ больш радыкальнымі.

У пачатку 1930-х Грэнінг таксама ўступіў у моладзевае аддзяленне Штальхельм, а затым - у Гітлерюгенд.

Са слоў брытанскага гісторыка Лорэнса Рыса, у 17 гадоў Грэнінг пачаў працаваць клеркам у банку, аднак пасля пачатку вайны наважыў пайсці па слядах дзеда і ўступіць у элітнае падраздзяленне нямецкага войска.

У 1942 годзе ён уступіў у войскі СС і быў накіраваны ў Асвенцым. Два гады ён займаўся там бухгалтэрыяй, падлічваючы грошы, адабраныя ў габрэяў, якія прыбывалі ў лагер, і адпраўляючы іх у штаб-кватэру СС у Бэрліне. Ён таксама распараджаўся багажом зняволеных.

Пасля заканчэння вайны ён трапіў у палон да брытанцаў і пасля вызвалення нікому не расказваў пра сваю службу ў Асвенцыме. Ён вёў звычайнае жыццё ў сваім родным горадзе Люнебургу, дзе да самой пенсіі прапрацаваў на шкловыдзімальным прадпрыемстве.

Не мог змаўчаць<>/b

Стары сам прыцягнуў увагу пракурораў, калі наважыў выступіць супраць тых, хто адмаўляе халакост. "Я на свае вочы бачыў газавыя камеры. Я бачыў крэматорыі, - кажа ён у дакументальным фільме "Асвенцым: нацысты і "канчатковая пастанова", знятым яшчэ ў 2005 годзе. - Я асабіста стаяў на платформе, калі людзей выбіралі для адпраўкі ў газавыя камеры".

Пры гэтым Грэнінг намагае на тым, што праца ахоўнікам у канцлагеры не ягоная віна. "Калі вы ўважаеце гэта за віну, то я вінаваты, але я рабіў гэта згодна з загадам, і з пункту гледжання закона я невінаваты", - заявіў ён часопісу Der Spiegel у тым жа 2005 годзе.

Між тым пракуроры абвінавачваюць былога эсэсаўца у тым, што ён служыў у лагеры ў траўні-чэрвені 1944 года, калі ў Асвенцым прыбыло блізу 425.000 габрэяў з Вугоршчыны, і прынамсі 300 тысяч з іх загінулі ў газавых камерах. Гэтыя абвінавачванні яму спрабавалі выставіць яшчэ ў 1980-я гады, аднак тады давесці ягоны асабісты ўдзел у знішчэнні людзей не ўдалося. Аднак цяпер пракуроры мяркуюць, што змогуць дамагчыся абвінаваўчага прысуду проста паводле факта ягонай службы ў канцлагеры.

"Я вельмі спадзяюся пачуць, што сам удзел у працы машыны забойства будзе ўважацца за злачынства, - заявіла Хедзі Бем, якая перажыла жахі Асвенцыма. - Так што ў будучыні ніхто ўжо не зможа ўчыніць тое, што зрабіў гэты чалавек, і потым заяўляць аб сваёй невінаватасці".

Напісаць каментар 20

Таксама сачыце за акаўнтамі Charter97.org у сацыяльных сетках